АБСЭ заклікала Беларусь вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя выбары

«Народ Беларусі заслугоўвае ўласнай незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы, свабоднай ад умяшання і падпарадкавання Расіі», — гаворыцца ў заяве ў АБСЕ, якую прымеркавалі да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю.

118595388_1640460016129237_991083725011275371_n_logo.jpg.webp

Шэраг краін 16 лістапада выступіў з заявай у адрас Пастаяннай рады АБСЭ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, піша «Свабода». 

Яны заклікалі да свабодных выбараў і неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Заява тычыцца няспынных рэпрэсій, уціску медыяў, росту колькасці палітвязняў і кепскага абыходжання з імі ў месцах пазбаўлення волі, знішчэння грамадскіх арганізацый.

Заяву прымеркавалі да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, які адзначаўся 12 лістапада. Яе зачытала ад імя ўсіх падпісантаў пасол Канады ў Вялікабрытаніі Джослін Кінэр. Яна выступіла ад імя Канады, а таксама Вялікабрытаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйну, Нарвегіі і Швейцарыі.

«З 2020 года пачалося збліжэнне Беларусі і Расіі, якое завяршылася тым, што ў лютым 2022 году Расія выкарыстала тэрыторыю Беларусі ў якасці плацдарму для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Саўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны працягваецца і суправаджаецца рэпрэсіямі ў дачыненні тых, хто выказвае сваю нязгоду з вайной ці падтрымку ўкраінскаму народу. Ніводнае з гэтых палітычных рашэнняў не ўлічвае пажаданняў і інтарэсаў народу Беларусі. Народ Беларусі заслугоўвае ўласнай незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы, свабоднай ад умяшання і падпарадкавання Расіі», — напісана ў заяве.

Глядзіце таксама

Парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 25 лютага 2024 года, а прэзідэнцкія — у 2025 годзе.

«Мы заклікаем да правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі без умяшання, запалохвання і страху пераследу, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Свабода слова і аб’яднанняў павінна існаваць, у тым ліку для незалежных СМІ і палітычных партый. Усе патэнцыйныя кандыдаты павінны мець магчымасць вылучаць свае кандыдатуры, не баючыся арышту ці рэпрэсій. Павінны быць запрошаны міжнародныя наглядальнікі. Грамадзянскай супольнасці павінна быць дадзена магчымасць гуляць сваю ролю ў прыцягненні да адказнасці ўраду і палітычных дзеячаў».

Аўтары заклікалі да неадкладнага вызвалення палітвязняў, спынення парушэнняў правоў чалавека і дыялогу, які «паважае волю і правы чалавека».

Нягледзячы на шматлікія заявы міжнароднай супольнасці за апошнія гады, улады Беларусі ніяк на іх не рэагуюць, а толькі ўзмацняюць ціск на незалежных журналістаў, грамадскіх дзеячаў, працягваюць пераслед пратэстоўцаў за падзеі 2020 года.


Глядзіце таксама