Сітуацыя крытычная: Палітвязня Васіля Бераснева змясцілі ў шпіталь, патрэбна перасадка ныркі
Палітзняволенага, асуджанага «па справе незалежных прафсаюзаў» Васіля Бераснева, тэрмінова накіравалі ў Магілёўскі абласны шпіталь. 73-гадовы палітвязень, лідар незалежнага прафсаюзу РЭП, асуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і адбывае магілёўскай ПК №15, нагадваюць праваабаронцы.
73-гадовага палітвязня-інваліда, былога лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, асудзілі да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і трымалі ў магілёўскай ПК №15. Цяпер яго забралі ў бальніцу.
Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: самае небяспечнае – ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Другую нырку з прычыны анкалагічнага захворвання выдалілі раней, у 2018 годзе. Цяпер сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі.
На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі або накіраванні на абследаванне — доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.
Праваабаронца Ігар Казмерчак не хавае сваёй заклапочанасці падобнай сітуацыяй:
«Сапраўды, сітуацыя крытычная. Калі сапраўды неабходна перасадка, трэба біць ва ўсе званы і рабіць гэта неадкаладна. А ўвогуле – палітвязня трэба вызваляць і як мага хутчэй і дзеля гэтага выкарыстоўваць усе магчымасці.
У такім узросце ўвогуле даваць такія тэрміны ненармальна, я ўжо не кажу пра тое, што яго абвінавацілі ў неіснуючым злачынстве. З адной ныркай і на волі жыць няпроста, а тут яшчэ і турма. Таму Бераснева ў прынцыпе нельга было саджаць. А пры сённяшняй сітуацыі мы павінны як мага шырэй казаць пра здароўе Васіля Ціханавіча. Фактычна гэта яшчэ адна спроба проста давесці палітвязня да трагедыі».
73-гадовы Васіль Бераснеў — лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну змясцілі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (арт. 361 Крымінальнага кодэкса), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), распальванні варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК).
5 студзеня 2023 года Васілю быў вынесены прысуд: актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў прызналі вінаватымі. Па сукупнасці пакаранняў Анастасія Папко прызначыла Васілю Берасневу дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Неўзабаве палітвязня перавялі з СІЗА-1 у магілёўскую Турму № 4, а ў траўні – у магілёўскую ПК № 15.
Васіль Завадскі, былы старшыня прафсаюза РЭП, пракаментаваў НЧ тады надзвычай жорсткі прысуд: "Тэрміны жудасныя, нечакана жудасныя. Вядома, ніякага спадзеву на апраўданне лідараў РЭП не было, але разам з тым ніхто і не чакаў настолькі жорсткіх і бесчалавечных прысудаў. Хутчэй за ўсё і пракурор прасіў такія вялізныя тэрміны, калі яшчэ не большыя. Цяпер, пасля завяршэння закрытага працэсу, мы пра гэта даведаемся".
Апеляцыйную скаргу на прысуд разглядалі ў Вярхоўным судзе. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Лістраценкі 3 красавіка 2023 г. пастанавіла пакінуць прысуд без зменаў, а скаргі — без задавальнення.
5 траўня 2023 года МУС уключыла палітзняволенага ў «Пералік грамадзян Беларусі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».