Хронікі рэпрэсій: 2,5 гады за тое, што аблаяў Лукашэнку ў тралейбусе
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 6 кастрычніка.
У Фаніпалі падчас аблавы затрымалі трох чалавек
Сілавікі ў сваім тэлеграм-канале зрабілі справаздачу аб выніках аблавы ў Фаніпалі. Калі праходзіў рэйд, невядома. Мяркуючы па відэа, затрыманы былі як мінімум тры чалавекі.
Усіх іх прымусілі на камеру сказаць, што яны ўдзельнічалі ў пратэсных маршах, блакіравалі рух транспарту. Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал паведаміў, што ўсім затрыманым пагражае крымінальная адказнасць.
* * *
«Чалавека года Браслаўшчыны» асудзілі за «экстрэмізм»
Міхаіл Кумпінь — кіраўнік аддзялення №2 СВК «Маяк Браслаўскі». У 2022 годзе мужчына быў удастоены звання «Чалавек года Браслаўшчыны».
Суддзя Аляксандр Вязіцкі арыштаваў Міхаіла на сем сутак за падпіску ў «аднакласніках» на «экстрэмісцкае» выданне. Акрамя гэтага, у мужчыны канфіскавалі тэлефон, пішуць віцебскія праваабаронцы.
* * *
* * *
Пенсіянерку, хворую на анкалогію, прысудзілі да калоніі за каментары
2 кастрычніка 62-гадовай Але Зуевай вынеслі прысуд у судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і прысудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынес суддзя Павел Карцінін.
Жанчыне таксама трэба будзе выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічынь (1850 рублёў) і 2000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды двум пацярпелым. У Алы анкалагічнае захворванне крыві.
Жанчыну абвінавачвалі ў тым, што яна пакідала каментары ў Тэлеграм на працягу 2 гадоў. У іх нібыта ўтрымліваліся абразы ў адрас Лукашэнкі і супрацоўнікаў міліцыі, а таксама «ненарматыўная лексіка і давалася негатыўная ацэнка прадстаўнікам улады».
* * *
Па пастанове пракурора Мінскай вобласці абмежавалі доступ да інтэрнэт-сайта Prastora.by.
Пракуратура паведамляе, што на гэтым рэсурсе прадаваліся кнігі, уключаныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Варта адзначыць, што сайт Prastora.by ужо пэўны час, хіба што ад 2018 года, не працаваў як крама. Ніякіх кніжак там нельга было набыць. Яго заблакіравалі за тое, што было вітрынаю ранейшай дзейнасці.
* * *
* * *
6 кастрычніка МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых быў відэааператар Павел Падабед, асуджаныя за данаты Аляксандр Фікаў і Яўген Пархоменка. На гэты момант у «спісе экстрэмістаў» 3372 чалавекі.
* * *
У Віцебску 4 кастрычніка вынеслі прысуд 41-гадоваму мясцоваму жыхару, які ў тралейбусе «неаднаразова абразіў Лукашэнку». Мужчыну судзілі паводле ч.1 арт. 368 («Публічная абраза Аляксандра Лукашэнкі») КК Беларусі.
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з адбываннем прызначанага пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Згодна з матэрыяламі справы, 41-гадовы жыхар Віцебска 6 ліпеня гэтага года, праязджаючы па праспекце Фрунзэ на тралейбусе №12, «у прысутнасці сведак, у сувязі з наяўнымі ў яго палітычнымі і ідэалагічнымі поглядамі», «публічна абразіў, гэта значыць прынізіў гонар і годнасць асобы» Аляксандра Лукашэнкі, «прамовіўшы неаднаразова славесныя выказванні ў яго адрас, якія ўтрымлівалі негатыўную ацэнку і мелі ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжалі аўтарытэт, гонар і годнасць асобы» палітыка.
* * *
* * *
Палітзняволенага навукоўца Юрыя Адамава перавялі ў віцебскую калонію
У Мінгарсудзе 24 ліпеня Юрыя Адамава асудзілі да 3 гадоў калоніі. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Стала вядома, што Адамаў пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі №3.
Юрый Адамаў — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата Pamylka. Ён вучыўся тэарэтычнай фізіцы ў БДУ, пасля атрымаў PhD ва ўніверсітэце Уорык (Англія) у кірунку «фізіка кандэнсаваных станаў». Ён рабіў postdoctoral-даследаванні ў ЗША.
* * *
Суддзя суда горада Наваполацка Зінаіда Балаболава 28 верасня за падпіску на тры «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы арыштавала на трое сутак работніка ААТ «Нафтана» Дзяніса Філітарына.
На судовым пасяджэнні было абвешчана, што ў Дзяніса ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ў раздзеле «Падпіскі» супрацоўнік аддзела 7-га ўпраўлення ГУБАЗіК знайшоў падпіскі на старонку STOP LUKA, суполку «Наш край» і групу «Анлайн-платформа «Голас».
У судзе «правапарушальнік» прызнаў, што сапраўды меў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках розныя падпіскі і публікацыі, у тым ліку і з гэтых рэсурсаў.
Суддзя Балаболава ўлічыла, што Філітарын прызнаў віну і мае на ўтрыманні двух непаўналетніх дзяцей. Кіруючыся ч.2 арт. 19.11 КаАП, яна пастанавіла арыштаваць мужчыну на трое сутак без канфіскацыі яго гаджэтаў.