За кратамі Рыгор Кастусёў так і не здолеў даведацца пра вынікі анкалагічнага даследавання
Палітвязень, экс-старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, якога 10 дзён пратрымалі ў ШІЗА, скардзіцца на болі ў нагах, бо ў ШЫЗА з варыкозам вельмі цяжка.
Пасля 10 сутак выйшаў з ШЫЗА палітзняволены, былы старшыня партыі БНФ і былы кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2010 года Рыгор Кастусёў, якога трымаюць ў калоніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. Былога кіраўніка БНФ абвінавацілі ў змове з мэтай дзяржаўнага перавароту ды замаху на жыццё Лукашэнкі.
Пра здароўе палітвязня Свабодзе са спасылкай на сваякоў паведаміў зяць палітыка Дзмітрый Антончык, які пражывае ў Польшчы.
Паводле Антончыка, днямі Рыгор Кастусёў, які выйшаў з ШЫЗА, змог патэлефанаваць сваякам.
«Расказаў, што цяпер вельмі баляць ногі. Ногі ацякаюць, бо ў яго моцны варыкоз. Ва ўмовах ШЫЗА з варыкозам вельмі цяжка. Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець», — апісаў Дзмітрый Антончык сітуацыю Рыгора Кастусёва.
Паводле падлікаў сваякоў Кастусёва, з часу зняволення ў яго гэты быў чацвёрты тэрмін у штрафным ізалятары. За што гэтым разам быў пакараны палітвязень, сваякам невядома.
Былому старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву 66 гадоў. У верасні 2022 года суд прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым у змове з мэтай захопу ўлады і асудзіў на 10 гадоў зняволення.
Рыгор Кастусёў на судзе не прызнаў віны ні па адным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачання ў справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Былы кіраўнік БНФў растлумачыў, што ўдзельнічаў у онлайн-канферэнцыі толькі як слухач. Зрэшты, на прысуд гэта не паўплывала
Яшчэ ў мінскім СІЗА ў Рыгора Кастусёва дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. Чарговае медычнае абследаванне палітвязень прайшоў у жніўні, але пра вынікі агляду і аналізаў яму да гэтага часу не паведамілі.
«Сваякі кажуць, што спадар Рыгор і цяпер, пасля ШЫЗА, не ведае вынікаў даследавання. Нічога не кажуць. І ён больш нічога пра стан здароўя не кажа», — сказаў Дзмітрый Антончык.
Праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітвязнем.