Былога кіраўніка БНФ Рыгора Кастусёва, у якога падазраюць рак, часта трымаюць у ШІЗА
Рыгора Кастусёва абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» і прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, хоць віна палітвязня так і не была даказаная. Сам былы кіраўнік БНФ таксама не прызнаў віну.

Рыгор Кастусёў падчас суду
Рыгора Кастусёва, у якога ў зняволенні выявілі падазрэнне на анкалогію, шмат часу трымаюць у штрафным ізалятары (ШІЗА), піша Еўрарадыё.
Пра гэта паведаміў зяць палітыка Дзмітрый Антончык. «Пасля доўгага перапынку Рыгор Кастусёў звязаўся з роднымі. Стала вядома, што ён праводзіць шмат часу ў штрафным ізалятары», — напісаў ён у сацсетках.
Кастусёў знаходзіцца ў зняволенні з красавіка 2021 года. Яго судзілі разам з палітолагам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам, а таксама юрыстам Юрасём Зянковічам па так званай “Справе ад змове”.
Нагадаем, Рыгора Кастусёва абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» і прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адвакаты заявілі, што змова стала вынікам аператыўнага эксперыменту, у якім удзельнічаў укаранёны ў шэрагі змоўшчыкаў падпалкоўнік Іван Жураўскі. Адвакатка Рыгора Кастусёва Інэса Аленскаяпераконвала суд у ягонай невінаватасці. Паводле яе, абарона мяркуе, што вінаватасць Кастусёва ва ўдзеле ў «змове» не знайшла пацверджання ў судзе.

Рыгор Кастусёў на судзе
Адвакат адзначыла, што следства не высветліла даты ўступлення яго ў змову. Паводле яе, Кастусёў не даваў згоды на ўдзел у нейкай палітычнай кааліцыі. Таксама ён ні з кім з удзельнікаў Zoom-канфэрэнцый, акрамя абвінавачанага Юрася Зянковіча, не сустракаўся. А ўсе размовы аб змове ўспрымаў як фэйк. На думку абаронцы, орган папярэдняга следства правёў рассследаванне ў дачыненьні да Кастусёва перадузята і неаб’ектыўна, з яўным абвінаваўчым ухілам. У апошнім слове на судзе, 31 жніўня 2022 года, Кастусёў нагадаў, што не прызнае віны, а пры прызначэнні пакарання папрасіў улічыць, што ў яго сур’ёзнае захворванне. Суддзя “ўлічыў” — прысудзіў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Глядзіце таксама

У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем.
Тым часам гэтым летам Вярхоўны суд Беларусі з падачы Мінюста ліквідаваў Партыю БНФ. У самой партыі на гэта заявілі, што рашэнне ВС не зможа спыніць рух грамадства да пашырэння нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў, паколькі «немагчыма спыніць ідэю, час якой настаў».