«Калі вы слухаеце прапаганду нон-стоп, яна паралізуе ваш мозг». Як у калоніях прапагандуюць «рускі мір»
Былы палітвязень і журналіст Ягор Марціновіч у сваім Facebook працягвае распавядаць пра сваё знаходжанне за кратамі. Гэтым разам ён піша пра стаўленне «зэкаў» да вайны ва Украіне і пра спробы прапаганды «рускага міру» ў турмах.
Пакуль я сядзеў, пачалася вайна. Хочаш не хочаш, але трэба займаць пазіцыю — ты за акупантаў ці за дабро. Напрыклад, намеснік дырэктара МТЗ быў як бы за Пуціна і "рускі мір". Але сам з Адэсы, там жыве сястра. Пасля бамбардзіровак ён далучыўся да меркавання астатніх суседзяў: рускі карабель, плыві назад.
У СІЗА сядзяць тыя, хто адносна нядаўна быў на свабодзе. А значыцца, меў доступ да інфармацыі ў інтэрнэце, а не толькі да расійскай прапаганды. Таму ў маіх камерах і на Валадарцы, і ў СІЗА Магілёва доля падтрымкі Украіны складала 100%. Дапускаю, што нейкі прарасійскі лазутчык і сядзеў, але прынамсі не рызыкаваў агучыць сваю пазіцыю. І разам з намі радаваўся поспехам крэйсера «Масква».
У калоніях сітуацыя іншая.
Па-першае, сапраўды нямала перасідкаў (людзей, якія правялі за кратамі занадта шмат часу і згубілі сувязь з рэчаіснасцю). Калі вы слухаеце прапаганду нон-стоп, то яна паралізуе ваш мозг. Я сам пасля года прагляду тэлебачання лічыў, што з Бучай не ўсё так адназначна!
Па-другое, чалавеку хочацца далучыцца да тых, хто перамагае. А ў тэлесюжэтах пастаянна гучыць інфа пра поспехі Расіі. Калі ў кадры з‘яўляўся Ігар Канашэнкаў, я выходзіў з пакоя. Ну немагчыма ж слухаць гэтую штодзённую ерась!
Па-трэцяе, за публічную падтрымку Украіны ты можаш паехаць у ШІЗА. У выніку стараешся абмяркоўваць навіны прыватна, а не перад тэлевізарам.
Таму не ведаю, якая прапорцыя падтрымкі Украіны і Расіі ў калоніі. Я б апісаў дзве тыповыя групы. Забойца з праблемамі з алкаголем, узрост 40-60 гадоў — за Расію, «мы адзін народ». Закладчык ці наркаман, узрост 20-30 — за Украіну, «мы еўрапейцы».
Але самы паказальны эпізод быў, калі вясной 2023 у калонію прывезлі канцэрт і нейкага недаробленага лектара. Гэта не прадстаўнік адміністрацыі, не сілавік, а проста хрэн з гары. «Ну што, мужыкі, хто хоча абараняць нашу Русь-матушку? Падыміце рукі!» А ў залі сядзяць некалькі сотняў асуджаных.
Колькі рук паднялася? Ніводнай.