Абсурдныя гісторыі з-за кратаў ад Ягора Марціновіча
Былы палітзняволены журналіст Ягор Марціновіч, які нядаўна выйшаў на волю, расказвае ў сваім фэйсбуку пра жыццё па той бок кратаў. Сёння — пра некалькі лёсаў людзей, якія наглядна дэманструюць стан закону ў краіне.

Былы палітвязень Ягор Марціновіч. Фота: facebook.com
За два гады сустракаешся з сотнямі людзей з самымі дзіўнымі лёсамі. Слухаеш іх гісторыі і думаеш: «Я-як?! як гэта магчыма???» У турму трапляюць пры самых неверагодных абставінах, гэта факт. Карацей, прывяду некалькі максімальна абсурдных гісторый. Калі будзеце чытаць, то прыкіньце ў галаве, якое пакаранне людзям было б справядлівае. А пасля праверыце адказ.
Вядома ж, у дужках я згадаю і свой выпадак. Бо калі любы чалавек (хоць з адміністрацыі, хоць з асуджаных) пытаецца, за што сядзіш, а ты адказваеш: «Аплата. Электраэнергіі. Па. Няправільным. Тарыфе», — то кожны паглядае на цябе як на недарэчнага стэндапера. «Што, цяпер і за такое саджаюць?!» — і пачынаюць рагатаць. Міліцыянты пыталіся: «Няўжо не маглі нейкі нармальны артыкул табе прыдумаць?» Ну, значыцца, не змаглі. Але 2,5 года ўсё ж далі.
Глядзіце таксама

Ладна, што было, то было, але ёсць жа і непалітычныя гісторыі.
— Дзеду 77 гадоў, анкалогія. Вяртаецца з хіміятэрапіі, яму пад роспіс выдаюць трамадол. Гэта такое моцнае абязбольваючае з наркатычным эфектам. Дома падыходзіць сын: можна адну таблетку вазьму? Ну, бяры. Сын дае/прадае таблетку сябру, таго на выхадзе з кватэры ловіць наркакантроль. Дзед прызнаў віну — таблетка ж ягоная.
— Малады следчы (раённага ўзроўню, бажыцца, што без палітычных спраў) знаёміцца з сужыцелькай наркамана, па якім праводзіць праверку. Яна, як пасля высветлілася, прастытутка, але знаходзіцца на «хатняй хіміі». З дому выходзіць складана, а хочацца і манікюр, і педзікюр, і тое, і сёе.
Глядзіце таксама

Праз нейкі час яна просіць у следчага некалькі чыстых бланкаў з павесткамі. Каб яна магла ўпісаць туды адвольную дату — што нібыта была на допыце, — і замест працы адправіцца на манікюр. Следчы спачатку адмаўляецца, а пасля здаецца. Прынёс тры пустыя паперкі, а яна ў якасці падзякі дала яму 70 рублёў. Праз некалькі дзён следчага замучыла сумленне (ну і прачнуліся мазгі): ён вярнуў ёй па нумары тэлефона на картку гэтыя 70 рублёў. Яшчэ папрацаваў, звольніўся і пайшоў у войска. Тут жанчыну за нешта хапаюць і пытаюцца, можа, каго здасі? Канешне, у расход ідзе следчы. Важны момант: яна кажа, што дала яму 200 рублёў, а ён вярнуў толькі 70. Даказаць адваротнае немагчыма, таму падчас следства следчы «дакампенсаваў» яшчэ 130 рублёў. Віну прызнаў, бо паперкі ж рэальна выдаваў. Ну, вось і ўсё, на колькі трэба пасадзіць па законе і справядлівасці?
Глядзіце таксама

***
І цяпер адказы.
Дзеду далі 7 гадоў — «Распаўсюд наркотыкаў». Калі дажыве са сваёй анкалогіяй, выйдзе ў 84 гады.
Карупцыянеру-следчаму тыя ж 7 гадоў — 5 гадоў за «атрыманне хабару» памерам 130 рублёў і 2 гады — за «перавышэнне паўнамоцтваў» (выдачу паперак).