«Думаў, што будзе горш». Чым і як кормяць у калоніі Бабруйска

Палітвязень, журналіст Ягор Марціновіч у сваім Facebook паведаміў, што цяпер ў сваім рэзюмэ ён можа ўказваць год працы ў сферы грамадскага харчавання. У калоніі яго паставілі працаваць у сталовую, і таму ён можа расказаць, чым і як кормяць у беларускіх калоніях.

Фота з ФБ Ягора Марціновіча. Сталовая — у цэнтры кадра

Фота з ФБ Ягора Марціновіча. Сталовая — у цэнтры кадра

Галоўнае, што з голаду там дакладна не памрэш. Больш за тое, дапускаю, што частка персанажаў у турме харчуецца больш смачна, чым самастойна на свабодзе.

Звычайнае меню на дзень:

  • На сняданак каша (аўсянка/груца/рыс/сечка), звараная на малаку ці згушчонцы, а таксама хлеб і чай. Па два разы на тыдзень яйка і шайба масла.
  • На абед суп (макаронны/боршч/капуста), другое (бульба/капуста/сечка/аўсянка/груца + мяса/каўбаса/катлета), хлеб і кампот/кісель.
  • На вячэру зноў нешта з патэнцыйнага абедзеннага другога (напрыклад, бульба з каўбасой) + хлеб і чай.

Плюсы:

  • Пакуль восень-зіма, то часта дадаюць салаты — то буракі, то капуста, то морква.
  • Норма па калорыях на дзень — недзе 2500. Але па дакументах амаль палова з іх наганяецца хлебам. Хлеб на аматара, я бадай ні разу за год яго не еў.
  • Можна папрасіць дадатковую порцыю, амаль заўжды яна ёсць. Кожны дзень даюць па катлеце — мясная ці рыбная. Лічыцца далікатэсам)
  • Раз на тыдзень пельмені. Бліжэйшым часам дададуць дранікі і галубцы.

Мінусы:

  • Для каларыйнасці і эканоміі кашы/бульба/пельмені варацца на маргарыне. Ну такое...
  • Мала разнастайнасці. Раз на месяц меню нібыта абнаўляецца, але бульба ўсё адно наша ўсё) Бульба ў супе і да яе ж бульба з мясам.
  • З вітамінамі сапраўды бяда — ні яблыка, ні чагосьці падобнага не бывае ў прынцыпе. Малочныя прадукты толькі для дыетчыкаў, астатнія могуць толькі купляць у краме за свае грошы. 
  • Спецыфічны графік харчавання, вячэра ў нас была прыблізна ў 17.00, калі хочаш паесці пазней увечары, то толькі сваё.
  • Нерацыянальная трата грошай — дзясяткі літраў сечкі ўрэшце зліваюцца ў каналізацыю, бо мала хто хоча яе есці. Так, яна танная, але калі не ядуць, то не ядуць! Я за год не пакаштаваў ні разу, павінны быць жа нейкія прынцыпы. Тое ж з рыбнымі катлетамі, траціна выкідваецца, бо асуджаныя не хочуць есці. Але заўтра работнікі сталовай будуць ляпіць такія самыя катлеты — каб зноў выкідваць.

Побач быў чалавек, які дзесяць гадоў адсядзеў у Расіі, а цяпер папрасіў экстрадыцыю ў Беларусь — нібыта каб быць бліжэй да бацькоў. Ён казаў, што ў расійскай калоніі можна замаўляць ежу з кафэ (якое знаходзіцца на тэрыторыі калоніі і належыць начальніку калоніі, ха-ха). Просіш на заўтра пюрэ з курыцай, табе прыносяць мабільнік, тэлефануеш родным і просіш аплаціць замову. Дык вось, па яго словах, у беларускай калоніі гатуюць так, як у расійскай за грошы. А бясплатна ў Расіі толькі нейкая тухлая капуста.

Карацей, ацэнку бабруйскаму мішленаўскаму рэстарану можаце паставіць самі. Скажу шчыра, думаў, што будзе горш.