Лісты за краты: Дагрукацца хаця б на мінімалках

Былы палітвязень, журналіст Ягор Марціновіч, у сваім Facebook распавёў пра каштоўнасць лістоў за кратамі і падзякаваў усім, хто яму пісаў: «вы зрабілі гэтыя пачварныя два гады ў разы лепшымі, чым яны маглі б быць».

Кардонны Ягор Марціновіч падарожнічае па свеце. Фота з сацсетак

Кардонны Ягор Марціновіч падарожнічае па свеце. Фота з сацсетак

Пакуль сядзіш у СІЗА, радуешся любому лісту, які прыходзіць табе. Графік дня прывязаны да таго моманту, калі ў акенца ў дзвярах прасунецца рука і працягне стос канвертаў. Той, хто апынуўся бліжэй, прымае яго, а пасля агучвае прозвішчы на ўсю камеру.

У нас часам гэта выглядала так: «Івулін! Марціновіч! Марціновіч! Івулін! Да ё-маё, колькі можна?! Марціновіч! Івулін! Усё, пацаны, нам нічога, толькі ім») Я старанна запісваў у сшытак, у які дзень ад каго атрымаў лісты (гэты сшытак забралі на выхадзе з калоніі), але амаль усе імёны памятаю і так.

Рэкардсмены даслалі недзе па 20 канвертаў. Дзякуй кожнаму і кожнай! Вы зрабілі гэтыя пачварныя два гады ў разы лепшымі, чым яны маглі б быць. Хочацца абняць кожнага, хто траціў свае сілы на тое, каб дапамагчы мне!

Я не ведаю, які працэнт лістоў мне аддалі, разумею, што шмат адправілі проста ў сметніцу. Прыкра, але гэта факт.

На кожны атрыманы ліст я адказваў, але мог згубіцца і мой адказ.

Па маіх адчуваннях, на Валадарцы да мяне дайшло каля 99% адпраўленага блізкімі сваякамі і прыблізна 50-70% ад астатніх.

У Магілёве не ад сваякоў даходзіла максімум 10%, у калоніі — 0%.

У Бабруйску палітычным не выдаюць лісты не ад блізкіх сваякоў. Прытым што я фармальна сядзеў па артыкуле за электраэнергію, але вы ўсё разумееце. На жаль, цяпер пісаць палітычным у бабруйскую калонію проста бессэнсоўна(

Глядзіце таксама

І напрыканцы парачка назіранняў і незвычайных сітуацый.

— Ад родных не дайшоў, бадай, толькі адзін ліст. У ім паведамлялася пра смерць стрыечнай бабулі. Мы не былі вельмі блізкія з ёй, але ўсё ж трэба ведаць. Той канверт не аддалі, а ў наступным апісвалася пахаванне. Я перачытаў разоў пяць, але так і не зразумеў, дык хто памёр? Толькі праз адваката змог даведацца. Відаць, цэнзары так клапаціліся пра мае нервы( Хоць па працэдуры павінны аддаваць такія лісты ў прысутнасці псіхолага.

— Неяк на Валадарцы я заўважыў, што апошнія дні аддаюць толькі па 1-2 канверты. І напісаў заяву цэнзару: «Прашу праверыць маю ўваходную карэспандэнцыю. Загадзя дзякуй!» На заўтра я атрымаў 25 лістоў! Свята! Але ў наступныя дні зноў па 1-2…

Паўтарыў заяву — зноў штук 20 прынеслі! І трэці раз аналагічна.

Вось так мы з цэнзарам недзе з месяц перапісваліся, пакуль схема не зламалася.

— Вядома ж, хочацца, каб лісты былі максімальна змястоўнымі, але радуешся любому. І вось прыходзіць канверт ад знаёмай дзяўчыны. Там паштоўка з прыкольнай карцінкай і надпіс на адваротным баку: «Я пра цябе памятаю!». І ўсё. Э-э, гэта ўсё, што яна можа сказаць?) Я пакруціў і так, і гэтак — ну ніводнага слова больш няма! Але пасля гэтая паштоўка стала нашым паролем з Саняй Івуліным) Калі ўжо раз’ехаліся і перадавалі прывітанне праз адвакатаў, то дастаткова было адной фразы: Я пра цябе памятаю!

А з дзяўчынай зараз абмеркавалі тую паштоўку, яна патлумачыла, што папярэднія лісты не дайшлі — і вырашыла дагрукацца хаця б на мінімалках)

— Я захоўваў усе лісты ад іншых людзей (не родных). Ад родных часткова трымаў пры сабе, але ведаў, што дома ёсць электронная копія, таму мог частку і выкідаць пасля прачытання. Урэшце ўдалося перадаць увесь гэты архіў дадому. Атрымалася каля 8 кг!

— Мне часам прыходзілі здымкі з падарожжамі кардоннага мяне па свеце) Куды толькі не заносіла! Вось на гэтай фотцы Парыж)


Глядзіце таксама