Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко далі па два з паловай года калоніі

Сёння ў судзе Заводскага раёна Мінска (суддзя Анжэла Касцюкевіч) агучылі прысуд галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу і кіраўніку аддзела рэкламы Андрэю Скурко.

jagor_andrej1_220228_ptowd.jpg


Пракурор Мікалай Дзяцел падчас учорашняга пасяджэння запытваў для нашаніўцаў 2,5 года калоніі.

У апошнім слове нашаніўцы казалі пра сваіх сваякоў, для якіх гэта стала вялікім ударам, і перадавалі словы падтрымкі тым, хто быў разам.

Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той дзень былі затрыманыя таксама рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько і бухгалтарка Вольга Раковіч. Іх праз 10 дзён адпусцілі. У дачыненні Вольгі Раковіч праз пэўны час крымінальны пераслед спынілі.

Крымінальную справу супраць Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.

Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Нашы калегі пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі.