У сераду будзе агучаны прысуд блогеру Паўлу Вінаградаву
Суд над актывістам і блогерам пачаўся 10 сакавіка. Працэс, што праходзіць у Мінскім абласным судзе (вул. Свярдлова, 3), зрабілі закрытым. У сераду аб 11-й гадзіне — абвяшчэнне прысуду, паведамляе найстарэйшае выданне Беларусі, прызнанае ўладамі «экстрэмісцкім».
Паўла Вінаградава абвінавачваюць паводле трох крымінальных
артыкулаў:
— 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або
іншай сацыяльнай варожасці),
— 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба
парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх),
— 387 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта).
Блогер і актывіст Павел Вінаградаў быў асуджаны ў 2011 годзе
на 4 гады (але выйшаў а волю ў верасні 2011-га).
Летам 2021 года Паўла Вінаградава асудзілі спачатку на 15,
потым яшчэ на 30 дзён арышту за эмацыйны допіс у фэйсбуку, у якім ён крытыкаваў
ідэю выхаду на пратэст 9 мая (але суд угледзеў у допісе заклік да
несанкцыянаванай акцыі). За той жа допіс на яго завялі крымінальную справу аб
паклёпе на Лукашэнку. Праз 48 дзён Павел выйшаў на волю.
Затрымалі яго канчаткова 21 снежня, з таго часу Павел знаходзіцца за кратамі.