Хваля прысудаў за пратэсты: мужчын і жанчын каралі тэрмінамі зняволення і «хатняй хіміяй» (абноўлена)

Праваабаронцы паведамляюць, што прайшлі суды над цэлым шэрагам палітычных зняволеных. Усіх пакаралі за ўдзел у пратэсным руху пасля выбараў 2020-га.

_5298650283938790186_120.jpg

Палітзняволенай студэнтцы гістфака БДУ Анастасіі Вайтовіч прысудзілі тры гады абмежавання волі з накіраваннем ў ПУАТ — «хіміі». Суддзя Анастасія Ачалава прызнала дзяўчыну вінаватай паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса. Справу разгледзелі ў судзе Ленінскага раёна Мінска.

Вядома, што 20-гадовую дзяўчыну вінавацілі ва ўдзеле ў «счэпцы» на адной з акцый пратэсту 2020 года. У СІЗА да суда яна правяла амаль чатыры месяцы.

Брэстаўчаніну Яўгену Трушко прысудзілі два гады калоніі за тое, што ў жніўні 2020-га ён жадаў «вельмі дрэннага здароўя» Лукашэнку і заклікаў разбірацца з міліцыянтамі. Яго абвінавачвалі адразу па двух артыкулах за каментары ў тэлеграм-канале: ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні».

Палітвязня Паўла Адамовіча прысудзілі да 3 гадоў «хатняй хіміі».

adamovich_pavel.jpg

Мінчука затрымалі яшчэ ў снежні 2021 года — спачатку па адміністрацыйнай справе, але праз 15 сутак арышту не выпусцілі, а перезатрымалі ўжо ў рамках крымінальнай справы — нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску асудзілі таксама Максіма Савіча.

3 лістапада мінулага года яго затрымалі дома перад выхадам на працу і змясцілі пад варту.

Справу супраць Максіма па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») разглядала суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава.

_5298650283938790114_120.jpg

У тым жа судзе Савецкага раёна Мінска вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенай Ірыны Радзьковай. Жанчыну абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх» (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Ірыну затрымалі 11 лістапада 2021 года і да суда змясцілі ў СІЗА №1 Мінска. Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла, які прысудзіў палітзняволенай «хатнюю хімію».

15 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі 28-гадовага палітзняволенага Сяргея Шаўчэнку.

Сяргея затрымалі 10 лістапада, а сёння пасля чатырох месяцаў зняволення ў СІЗА-1 вызвалілі ў залі суда.

Суддзя Людміла Целіца асудзіла палітвязня па ч. 1 арт. 342 КК.