Страціла дзіця ў беларускай турме, вывозіла людзей з Херсона...
Дзяўчына, што прайшла праз сапраўднае пекла ў беларускай турме, сёлета ратавала людзей у прыфрантавым Херсоне, дзе двойчы за дзень патрапіла пад расійскі абстрэл. Цяпер яна аднаўляецца ў кіеўскай лякарні. «Новы Час» наведаў валанцёрку Кіру Баяранка і распавядае яе гісторыю.
Сустракаемся з Кірай у яе палаце: дактары забараняюць ёй хадзіць і ўвогуле падымацца праз цяжкое раненне левай нагі. Валанцёрскай дзейнасцю дзяўчына займалася яшчэ ў Мінску, падчас пратэстаў 2020 года, а ў 21-м яе арыштавалі па крымінальнай справе.
«Везці сем ляжачых чалавек — гэта цяжка»
— Тое, што ў Беларусі са мной было — гэта асобны мой боль. Я не хачу яго змешваць з тым, што раблю цяпер. Гэта дзве розныя гісторыі, — тлумачыць дзяўчына.
Пачатак вайны яна сустрэла ва Украіне, куды ўцякла па выхадзе з СІЗА. На вуліцы ўжо чуліся гукі выбухаў, прыходзілі паведамленні аб прасоўванні расіян па розных напрамках, таму Кіра разам з групай беларусаў рушыла ў бок Польшчы, 27 лютага яны былі ўжо на мяжы.
— У мяне не было аніякіх дакументаў, апроч даведкі аб вызваленні і матэрыялаў крымінальнай справы. Але мяне прапусцілі, на пераходзе ўкраінскі памежнік прычапіўся да нашага хлопца з пытаннем «Што ж з вашых, беларусы, земляў ляцяць ракеты». Я ўмяшалася і адказала на гэта, што мы тут усе палітычныя, сярод нас дакладна няма тых беларусаў, хто датычны да гэтых ракет.
У Польшчы Кіра жыла ў доме для бежанцаў як з Беларусі, так і з Украіны.
— Разам гатавалі ежу, разам вырашалі нейкія агульныя праблемы. У ўкраінцаў свая псіхалагічная траўма, у беларусаў свая, гэта дапамагала неяк лекаваць адно аднаго.
Дзяўчына атрымала дадатковую абарону і польскі праязны дакумент. Але цяпер шкадуе, што не абскардзіла рашэнне і не настаяла на атрыманні статуса бежанкі, бо ў такім выпадку выдаецца так званы жэнеўскі пашпарт. Вырашэнне праблемаў з дакументамі яшчэ адыграе сваю ролю ў яе гісторыі.
Увосень Кіра далучылася да ініцыятывы «Дапамагаем выехаць», якая арганізоўвала эвакуацыю людзей з небяспечных зон, акупаваных тэрыторый. Будучы аператаркай кол-цэнтру, яна каардынавала ўкраінцаў на шляху ў Еўропу. А вясною гэтага года сама выправілася ва Украіну з гуманітарнай місіяй.
— Мы тады з валанцёрамі беларуска-ўкраінскага хабу «Сустрэча» везлі машыны для вайсковых ды іншую гуманітарку. Калі я паведаміла калегам з «Дапамагаем выехаць», што я ва Украіне, то мне прапанавалі з кол-цэнтра перавесціся непасрэдна на эвакуацыю. Але была адзіная ўмова: трэба жыць у тым рэгіёне, дзе працуеш. У маім выпадку гэта была Херсонская вобласць. Мяне пасялілі ў валанцёрскай кватэры ў Херсоне: знаёмая аднаго з валанцёраў з’ехала ў Польшчу і на гэты час надала сваю кватэру пад патрэбы арганізацыі.
Маёй задачай было вывозіць маламабільных людзей: нехта зусім не ходзіць, ляжачы, нехта не можа пра сябе падбаць, нехта траўмаваны. Іх валанцёры забіралі з кропак, дзе ідуць абстрэлы. Ведаеце, як яно ў Херсоне: людзі згаджаюцца выязджаць толькі тады, калі ўжо будынка няма, няма куды вяртацца. А мы ў сваю чаргу забіралі такіх людзей са шпіталёў або з часовых пунктаў. І вывозілі ў больш бяспечныя часткі Украіны.
Асноўны напрамак — пансіянат у Вінніцы: 12 гадзін дарогі цягніком, дзе ў асобна выдзеленым вагоне валанцёр суправаджаў гэтых людзей. На наступны вечар — цягнік назад, дзень-два адпачынку і новы выезд.
— Многім з іх патрэбна была і медычная дапамога ў шляху, гэта клалася на мяне. Найменш падчас выезду было дзве бабулькі, а аднойчы сем сталых людзей везла ў вагоне. Гэты выезд, канешне, моцна запомніўся. Бо везці сем ляжачых чалавек — гэта цяжка.
Эвакуацыя людзей з Херсона. Фота Кіры Баяранка
Да таго ж, прыгадвае Кіра, кожны раз, выязджаючы з Херсона, даводзілася праходзіць праверку СБУ. Супрацоўнікі дбайна правяралі нават дакументы сталых людзей.
— У нашу першую сустрэчу яны шчыра здзівіліся: я беларуска, прадстаўляю ім польскія дакументы, пры гэтым дапамагаючы ўкраінцам. Яны кажуць: трэба ваш пашпарт, а я жартавала ў адказ: «Не, пашпарта ў мяне няма. Калі хочаце, запатрабуйце яго ў беларускага КДБ».
«Адзінае, што я паспела — упасці»
Выхадныя валанцёрка праводзіла ў Херсоне. Ад расійскіх пазіцый горад аддзяляе толькі Днепр, адпаведна абстрэлы не спыняюцца ні на дзень.
— Першыя два дні ты баішся выбухаў, нармальна на іх рэагуеш: ідзеш у ванну ці ў сховішча. А потым глядзіш, як рэагуюць людзі, што перажылі там акупацыю, усе самыя страшныя моманты гэтай вайны, і ў іх нават плечы не ўздымаюцца, калі нешта выбухае: як ішлі, так і ідуць. Потым і сам перастаеш звяртаць увагу: ты чуеш, так, страшна, але не рэагуеш. Днём выбухала прыкладна кожную гадзіну. Уначы ўвогуле бесперапынна: з дзесяці трыццацці вечара да паловы на пятую ранку ты чуеш выбухі, прылёты, вылеты, працу СПА. Проста губляецца пачуццё страху і небяспекі.
27 ліпеня ў Кіры быў выхадны паміж эвакуацыйнымі выездамі, яна вырашыла заняцца пытаннем легалізацыі ва Украіне, бо з польскім праязным дакументам дазволена знаходзіцца ў краіне толькі 90 дзён.
— Гэта быў нейкі вар’яцкі дзень папросту, — прыгадвае дзяўчына. — Я хацела падацца на ВНЖ па валанцёрстве. Мая арганізацыя зрабіла ўвесь пакет дакументаў, і мне трэба было ў ДМС. Вельмі доўга выклікала таксоўку. А паколькі ўсе дакументы былі на флэшцы, трэба было спачатку заехаць некуды раздрукаваць. Але ж гэта Херсон: вельмі цяжка знайсці цэнтр, які б працаваў. Толькі недзе праз гадзіну мы з таксістам знайшлі месца, друкавалі доўга, бо там шмат папераў. Мне таксіст ужо сказаў: «Калі ты не паспееш у ДМС, то я цябе дадому ўжо бясплатна завязу». І толькі недзе па пятай гадзіне я патрапіла ў сам ДМС.
Пасля таго, як Кіра знайшла патрэбны кабінет, супрацоўнікі ўважліва перагледзелі паперы і перапыталі пра пашпарт: без яго атрымаць ВНЖ немагчыма.
— Мне параілі паехаць у Кіеў і падавацца там на бежанства. Выйшла амаль а шостай вечара. А каменданцкая гадзіна ў Херсоне з дзявятай пачынаецца. Я разумела, што магу нават і пешшу дайсці, але вырашыла пашукаць прыпынак. Спыталася ў мінакоў, а мне адказалі, што аўтобусы ездзяць недзе да паловы на шостую. Тут мне патэлефанавала лепшая сяброўка. Мы размаўлялі, а паралельна я пачула свіст, нібы вецер завывае… Яно трапіла кудысь у будынак. Адзінае, што я паспела — упасці. Моцны выбух, пыл паўсюль, звініць у вушах. Але я паднялася, падабрала тэлефон, адзінае што, гул у вушах стаяў — практычна нічога не чула. Пабачыла толькі, як мужчына з чырвонай машыны выйшаў і кліча мяне да сябе. Я села, мы паехалі падалей, бо часта ракеты ляцяць групамі адна за адной. Ён у мяне спытаў: «Можа, табе патрэбна ў шпіталь?». А я так падумала: шум у вушах пачаў пакрысе сыходзіць, у цэлым адчуваю сябе я нармальна, нават нічога не балела, і папрасіла давезці мяне дадому, дала адрас.
«Я ўсё мацней адчувала боль, і вельмі моцна трымцелі рукі»
Дзяўчына, усцешаная, што лёгка выкруцілася, дома запарыла сабе каву і выйшла з цыгарэтай на балкон, нават не звяртаючы ўвагу на аддаленыя гукі выбухаў: такое чутно ледзь не штовечар.
— Але гэтым разам нешта яно было занадта гучна, пасля першага выбуху паспела толькі заляцець у пакой і прысесці на падлогу. Наступнай выбуховай хваляй выбіла ўсе шыбы ў вокнах, нягледзячы, што яны былі заклееныя скотчам. І ўмомант цалкам знікла электрычнасць у доме.
Я ўзяла коўдру, падушку, уключыла на мабільніку ліхтарык і пайшла ў ванну. Залазячы ў ванну, я пачула, што нешта яе драпае, і гэта дакладна не мой локаць. І толькі тады я пабачыла ў назе вялікі, чатыры на пяць сантыметраў, аскепак. Я яго нават не адчувала. Можа, я ўвесь гэты час яшчэ была ў шоку.
Патэлефанавала ў 103. А ў слухаўцы паведамленне, што лініі абарваныя і трэба чакаць рамонту. Я крыху ведала тэорыю: бачыла відэа пра турнікеты, пра розныя раненні. Напэўна, у гэтым і была мая памылка: я нібы адчувала, што ведаю, як гэта робіцца ў тэорыі…
Вырашыла апрануць турнікет і самастойна дастаць гэты аскепак. Вылезла з ванны, знайшла шчыпцы для броваў. Свецячы ліхтарыкам з тэлефона, пачала выцягваць. Не скажу, што мне было вельмі балюча, але мяне ўжо моцна трэсла і не хапала святла.
Дастала гэты аскепак, наколькі магла палазіла ў ране пінцэтам, каб усё дастаць. Спачатку шмат крыві пацякло, як я толькі дастала, пасля спынілася — зразумела, што артэрыя не закранутая. Адзінае, што мяне бянтэжыла — тое, што рана вельмі глыбокая. Такія звычайна трэба шыць. Я ўжо была гатовая ўзяць нітку з голкай і зашываць, але не было святла, па-першае, а па-другое, шок пачаў адыходзіць, я ўсё мацней адчувала боль, і вельмі моцна трымцелі рукі.
Аказалася, што ў мяне дома не было нават бінту, я пераматала нагу скотчам. Зразумела, што да раніцы датрываю. У хуткую ўсё адно не магу датэлефанавацца, а ісці ў каменданцкую гадзіну — таксама не выйсце, тым больш, я нават не ведала, куды ісці пасярод ночы.
Я вырубілася, паспала. Патэлефанавала раніцай сваім валанцёрам, яны мяне перш на перш высварылі, што я адразу ім не паведаміла. Яны маглі б на сваёй валанцёрскай машыне і ноччу мяне забраць. Але я тады і не падумала нават пра гэта. Да таго ж гэтае раненне не выглядала сур’ёзным: ну звычайная рана ад аскепка, проста глыбокая…
Калегі адвезлі Кіру ў шпіталь. Там лекар агледзеў рану, наклаў павязку і нават пахваліў дзяўчыну, што яна ўсё правільна зрабіла. Але праз два дні ў яе паднялася тэмпература, а нага распухла. Аказалася, што ў ране засталіся дробныя аскепкі, пачаўся запаленчы працэс. Дзяўчыну шпіталізавалі, і ўжо больш за месяц трывае лячэнне.
— З той маленькай раны выйшла так, што цяпер у мяне цалкам распоратая нага, — Кіра паказвае павязку на ўсю галёнку на сваёй апухлай назе.
Колькі лячэнне яшчэ будзе трываць, таксама не вядома: пакуль апухласць не сыдзе, лекары не могуць накласці швы. Свой настрой дзяўчына акрэслівае адным словам: стома. І дадае:
— Месяц — гэта вельмі шмат. Але што мне яшчэ рабіць? Даводзіцца трываць боль. Нават зараз мы размаўляем, а ў мяне нага гарыць. І гэта я пад знябольваючымі, без іх было б невыносна. Але спадзяюся, што ўсё ж пайду на папраўку!
Устаўшы на ногі, Кіра Баяранка збіраецца канчаткова вырашыць пытанне з дакументамі, каб знаходзіцца ва Украіне легальна і працягваць валанцёрскую дзейнасць з улікам і ўласнага досведу:
— Сярод беларускіх ваяроў, вядома ж, ёсць параненыя, хто ляжыць у шпіталі, на рэабілітацыі. Але ж гэта цяжка ў тым ліку і псіхалагічна, да таго ж розныя патрэбы ўзнікаюць. Дык вось маем з калегамі задуму: замацоўваць за кожным з параненых добраахвотнікаў валанцёра, якія б суправаджаў яго на ўсіх этапах. Гэта мне калегі раяць, каб быць у большай бяспецы, не ехаць бліжэй да фронту. Хаця мне ўжо і Херсон амаль родным стаў, — усміхаецца Кіра.
Фота Алеся Мінава і Кіры Баяранка