«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 21: Як паручык Ржэўскі на палкоўніка напаў

У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала пра «непрыкметных супрацоўнікаў» гомельскай калоніі, а таксама, з якой прапановай палітвязні хацелі звярнуцца ў рэдакцыю «Новага Часу». Сёння распавяду, пра што думаецца ў часе знаходжання ў ШІЗА, як палкоўнік УДВП здаў начальніка следчага ізалятара, і за што пасадзілі жонку падпалкоўніка КДБ.

turemnyja_dzjonniki_klaskouskaj_vokladka_novy_czas_1_1_1_1_1_1_1_1_1_logo_1.webp


Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай


«Дайте мне одеяло и умереть»

У камерах ШІЗА і ПКТ я правяла амаль што пяць месяцаў. 

Апынуўшыся ў штрафным ізалятары ўпершыню, напачатку адчуваеш нейкі спакой, як ні дзіўна. Жыццё ў калоніі вельмі шумнае: ты ўвесь час сярод вялікай колькасці людзей, не маеш ніякай асабістай прасторы. Застацца аднаму хаця б на непрацяглы час ніяк не выпадае. Толькі хіба што ў прыбіральні — і тое, усяго на некалькі хвілін, бо калі затрымаешся ў кабінцы надоўга, асуджаныя ўзнімуць лямант, маўляў, ну колькі можна, давай ужо выходзь.

У нашым атрадзе было чатыры ўнітазы на сто чалавек. Каб туды патрапіць у так званыя гадзіны пік (раніца і вечар), трэба было выстаяць немаленькую чаргу. Днём было прасцей, таму я часта заходзіла ў кабінку проста, каб пабыць адной, і хоць на некалькі хвілін адключыцца ад невыноснага шуму і пякельнай рэчаіснасці. 

У ШІЗА вельмі ціха. Як на могілках. Але не заўсёды: адзін з улюбёных відаў катавання там — катаванне гукам. Турэмнікі любяць на ўсю моц уключыць радыёкропку, пачынаючы з пятай раніцы, з якой грубы жаночы голас з надрывам распавядае асуджаным пра іх правы і абавязкі. Гэтае «маралітэ» ад людзей у пагонах круціцца па другім, трэцім, чацвёртым коле — пакуль у чалавека не пачынаецца панічная атака. 

Але бывалі ў ШІЗА і зусім ціхія дні. І ў першыя моманты, як я ўжо казала, ты атрымліваеш асалоду ад такой ізаляцыі. Але пасля першай ночы на халоднай дошцы без якой-кольвек пасцельнай бялізны, фактычна без сну, акалелы, ты ўжо нічому не рады. 

Пра што думаецца ў камеры штрафнога ізалятара? Што дапамагае трымацца? 

Адчуванне падтрымкі — ад сям’і, сяброў, аднадумцаў, паплечнікаў. Гэтая падтрымка адчувацца нават праз сцены. Вядома, што ў нейкія хвіліны і апатыя накрывае, і адчай, і ўсё бачыш у чорных колерах, і рукі апускаюцца… Але ўсімі сіламі сябе з такога стану трэба выцягваць. Не дазваляць, каб меланхолія засмактала цябе, як у дрыгву, апанавала табой. Цяжка захоўваць аптымістычны, радужны настрой, калі цябе катуюць, але трэба змагацца не толькі з сістэмай, але і самім сабой і ўзняцца над гэтымі абставінамі. Калі цалкам упадзеш духам — гэта катастрофа, ты не выжывеш. 

У засценках ШІЗА і ПКТ я шмат марыла і фантазіравала, візуалізавала — прыдумляла і згадвала розныя рамантычныя гісторыі, думала пра дзень вызвалення, пра тое, як выходжу за турэмную браму — а там мяне сустракае шмат людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, гучыць «Пагоня», і мае аднадумцы гавораць, што рэжым нарэшце зрынулі, што сілы дабра перамаглі, што ў Беларусі новая ўлада і Святлана Ціханоўская падпісала ўказ пра тэрміновае вызваленне ўсіх палітвязняў. 

Думаючы пра гэта, я ўсміхалася, і ўжо не так палохала змрочная рэчаіснасць сырых халодных камер, і нават асаблівага холаду ўжо не адчувала ў гэтыя моманты. Аднекуль раптам з’яўлялася цёплы паток, які расцякаўся па ўсім целе, і пачынаў саграваць цябе, акалелага і сіняга. І гэта не метафара: так было насамрэч. Як гэта патлумачыць, я не ведаю. 

Шмат думала пра сям’ю, сяброў. Успамінала пратэсты 2020 года, учынкі, вочы людзей, з якімі мы побач ішлі ў шыхтах на акцыях. І вялікі гонар браў за народ, вельмі моцна пачынала калаціцца сэрца — гэта было сапраўднае народнае паўстанне, на вуліцы выйшла столькі смелых, мужных, цвёрдых, шчырых людзей з пачуццём уласнай годнасці! 

Адчуванне, што ўсё было недарэмна, дапамагала трымацца за кратамі. Нават калі ўжо зусім не было сіл — я згадвала вочы людзей, з якімі мы разам ішлі на Маршах, і сілы зноў аднекуль браліся. 

Вельмі шкодна ў штрафным ізалятары думаць пра ежу. Такія думкі трэба гнаць ад сябе. А яны ўвесь час, як наліха, прыходзяць: ты заўсёды галодны, усяго пазбаўлены, і хочацца хаця б у марах чымсьці падсілкавацца, з’есці якія-небудзь прысмакі.

Я часта марыла пра кубачак духмянай кавы з вяршкамі і глазураваны сырок. Назойлівыя думкі пра ежу выклікалі бурчанне ў жываце і хацелася зглынуць сліну. Мары пра ежу ўганялі ў яшчэ большую дэпрэсію. Праз нейкі час я навучылася пра яе не думаць. Няма сэнсу ў такіх фантазіях, бо псіхалагічны стан праз іх яшчэ больш пагаршаецца. 

Я так і не навучылася не марыць пра коўдру. Замярзаючы ў ШІЗА, увесь час згадвала словы закатаванага на Акрэсціна хлопца: «Дайте мне одеяло и умереть». Як я яго ў гэты момант разумела. 

Калі было ўжо зусім невыносна і я ў літаральным сэнсе ўжо развітвалася з жыццём, даводзілася сябе жучыць і даваць аплявухі: «Не маеш права зламацца, не маеш права не выжыць! Цябе сям'я чакае і столькі іншых людзей! А ну, хуценька, узяла сябе ў рукі!» 

І гэта дзейнічала. 

Паручык Ржэўскі супраць палкоўніка

 Класковская, руки, — грозна вымавіў праз «кармушку» мужчынскі голас, пачулася бразгатанне кайданоў.

Брэсцкае СІЗА. Студзень 2022 года. У сукамерніцы Юлі дзень народзінаў. Учора акурат адсвяткавалі мой, юбілейны. Не жыццё, а суцэльныя святы. 

На стале — бутэрброды, торт, прысмакі. «Кармушка» адчынілася знянацку, калі хтосьці з дзяўчат акурат прамаўляў тост. Праз раздаткавае акно мне зашпільваюць за спінай кайданкі, кантралёр сурова загадвае «всем построиться», да нас завітаў госць з Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Брэсцкай вобласці. 

У візіцёра пагоны палкоўніка. Мужчына ўвесь час смяецца, кажа нейкія глупствы. У мяне склалася ўражанне, што ён падвыпіўшы. 

 А это вы у нас тут такая опасная, в наручниках? А за что сидите? – з фальшывай спагадай звярнуўся да мяне госць. 

— За тое, што люблю сваю краіну, — адказваю яму. 

— Любите. Но закон не нарушайте, -- загагатаў той.

— Дарэчы, наконт закону, — працягваю дыялог, — у мяне да вас ёсць некалькі пытанняў і хадайніцтваў, і вы не маглі б прадставіцца, калі ласка?

— Андрей Квашевич. УДИН по Брестской области.

 А вы ведаеце, што начальнік СІЗА Вашкевіч парушае Канстытуцыю? Ён забараняе мне размаўляць па-беларуску, сцвярджае, што не разумее мовы і што мае звароты па-беларуску ён разглядаць не будзе.

 Очень странно, -- засмяяўся ў адказ палкоўнік Квашэвіч. — Когда мы с ним учились в Академии милиции, мы изучали там белорусский язык, и он его прекрасно понимал. 

У камеры павісла паўза, заўважна змяніўся выраз твараў світы палкоўніка. Квашэвіч зразумеў, што збалбатнуў лішняга, і паспяшаўся рэціравацца.

— Пачакайце, грамадзянін начальнік, у мяне яшчэ не ўсё, — крычу яму ўслед. — У нас тут толькі спальныя месцы, а месцаў для сядзення няма. Гэта парушэнне закону. Метраж камеры не адпавядае колькасці асоб, што ў ёй утрымліваюцца. Плюс тут сядзяць людзі з цяжкімі артыкуламі і менш цяжкімі, як у выпадку палітвязняў. Гэта грубае парушэнне. Даводжу гэта да вашага ведама і прашу адрэагаваць. 

Палкоўнік павярнуўся, вельмі блізка падышоў да мяне, у літаральным сэнсе схіліўся нада мной:

— Пра закон заговорили? Так вот надо было раньше о нем думать и не нарушать, — даволі рэзка абсёк мяне Квашэвіч. — Да, кстати, и с днем рождения, — нацягнута ўсміхнуўся палкоўнік маёй сукамерніцы і выйшаў прэч. 

Андрэй Квашэвіч, палкоўнік Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Брэсцкай вобласці.

Андрэй Квашэвіч, палкоўнік Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Брэсцкай вобласці.

А мы так і не зразумелі, навошта ён прыязджаў і што хацеў да нас данесці. А таксама, чаму ён увесь час смяяўся. Злараднічалі, што той тыцнуў носам Вашкевіча, ды яшчэ і ў прысутнасці іншых служакаў. І далі яму мянушку «Паручык Ржэўскі».

— Бо ён увесь час іржэ, — патлумачыла мая сукамерніца.

— Да он бухой, девочки. Что я трезвого от пьяного не отличу, что ли? И какой нормальный мент в воскресенье в СИЗО с проверкой поедет? – падзялілася меркаваннем яшчэ адна сукамерніца, жанчына «з цяжкім алкагольным мінулым».

Вясёлы такі палкоўнік, пазітыўны. 

Толькі чамусьці ад усяго, што адбывалася, было зусім не смешна. 

«Здрадзіла дзяржаве», была замужам за падпалкоўнікам КДБ

Гэты кейс вельмі загадкавы і з вельмі мутным шлейфам. 

З Анастасіяй Хамук я сустрэлася ў гомельскай калоніі, працяглы час мы сядзелі ў адным атрадзе. 

На бірцы — артыкул  «здрада дзяржаве». Прысуд — восем гадоў. Адметна тое, што бірка Насты не жоўтая, а звычайнага, белага колеру, як ва ўсіх іншых асуджаных. 

Жанчыну асудзілі яшчэ да пратэстаў 2020 года. Паводле яе, за тое, што перадала ўкраінскаму боку інфармацыю, якая «ўяўляе сабой дзяржаўную таямніцу».

Анастасія Хамук, асуджаная за "здраду дзяржаве".

Анастасія Хамук, асуджаная за "здраду дзяржаве".

У 2019-м арыштавалі і мужа Насты: на той момант ён з’яўляўся дзеючым падпалкоўнікам КДБ. Жанчына сцвярджае, што мужу далі два гады па артыкуле «разгалошванне службовай таямніцы», тэрмін ён адбываў у брэсцкім СІЗА, працуючы ў атрадзе гаспадарчай абслугі. І што былы афіцэр ужо на волі. 

У прыватных размовах Анастасія распавядала, што да арышту жыла з мужам у Брэсце, была рамеснікам, вырабляла лялькі ў беларускіх нацыянальных строях, часта ездзіла гандляваць імі ва Украіну. І што нічога, маўляў, яна такога шпіёнскага не рабіла, а ўсяго толькі была сведкам шматлікіх размоў мужа з яго калегамі ў часе застолляў. 

Гэты кейс выклікаў у мяне вельмі супярэчлівыя пачуцці. Інтуіцыя падказвала, што рэч тут не столькі ў ідэйнасці, колькі прасочваецца пэўны камерцыйны інтарэс. З пункту гледжання маральна-этычнага, шмат якія дэталі я пакуль што апускаю.

Так ці інакш, але кейс яскрава дэманструе, наколькі гнілая дзеючая сістэма. Спецслужбы пажыраюць адно аднаго. І не ўсё ў гэтых колах так згуртавана, трывала і надзейна, як служакі імкнуцца гэта паказаць. 

Інакш пры дыктатуры не бывае. У амаральнай, людажэрнай сістэме не толькі ты пажыраеш нелаяльных, але і цябе ў любы момант свае ж могуць зжэрці.

Працяг будзе