Хронікі рэпрэсій за 8 верасня
Затрыманні ў Магілёве, новыя палітвязні і «экстрэмісты» — такія навіны сённяшняга дня.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/img_2777_1_logo_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
***
Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Аляксандра Казака, уладальніка брэсцкага бара «Дэндзі». Відэа з ім з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Акрамя таго, сілавікі затрымалі яшчэ аднаго маладога чалавека, на відэа ён кажа, што яго завуць Марк Александровіч і ён працуе касірам у «Еўраопце», піша «Медыязона».
На відэа сілавікоў Аляксандр Казак расказвае, што размясціў на сваёй старонцы ў «ВКонтакте» матэрыял, «які цяпер з'яўляецца экстрэмісцкім». Александровіча ж затрымалі нібыта за падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Па якім менавіта артыкуле маладыя людзі былі затрыманыя, не паведамляецца, аднак аўтары канала пішуць, што абодва яны «адправіліся ў ІЧУ падумаць над сваімі паводзінамі».
***
У Магілёве за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў затрымалі бухгалтарку, паведамляе «Вясна». Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчына ў розных сацсетках была падпісаная на «экстрэмісцкія» суполкі, адкуль рабіла рэпосты.
***
Таксама ў Магілёве затрымалі ўладальніцу салона прыгажосці праз бел-чырвона-белы манікюр, паведамляе дзяржаўны канал «Беларусь 4».
Сілавікі спрабавалі зняць «пакаяльнае відэа» з ёй, аднак яна не стала зачытваць тэкст і адварочвалася ад камеры. У выніку, як паведамляе тэлеканал, уладальніцу салона аштрафавалі на 100 базавых велічынь (3700 рублёў), аднак па якім артыкуле — не паведамляецца.
У кватэры затрыманай сілавікі знайшлі бчб і ўкраінскі сцягі, а ў тэлефоне — фота з акцый пратэсту. Акрамя таго, іх увагу прыцягнуў ванны пакой, выкладзены бел-чырвона-белай пліткай.
На відэа ўладальніца салона прыгажосці кажа, што яе муж — грамадзянін Украіны, які атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Дыктар у кадры заўважае, што цяпер «вырашаецца пытанне аб яго дэпартацыі» з-за яго «нацыяналістычных поглядаў», а таксама відэа з інструкцыяй па падрыхтоўцы «кактэйлю Молатава», знойдзенага ў перапісцы з жонкай.
***
Паводле звестак праваабаронцаў, суд Маскоўскага раёна Брэста прысудзіў 60-гадовага Сяргея Міцковіча да двух гадоў «хатняй хіміі» і штрафу ў 3700 рублёў паводле артыкула аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). Яго абвінавацілі ў «абразе» ўдзельнікаў праўладнага мітынгу: 20 сакавіка 2022 года ён напісаў каментар са словам «быдла» пад відэа з праўладнага мітынгу ля ўкраінскай амбасады ў Мінску. У сваім каментары Сяргей Міцковіч згадаў у тым ліку і ўдзельнікаў мітынгу — дэпутата Алега Гайдукевіча і супрацоўніка дзяржСМІ Рыгора Азаронка.
Гайдукевіч і Азаронак разам з іншымі ўдзельнікамі мітынгу прыйшлі 20 сакавіка 2022 года да амбасады для таго, каб пратэставаць «супраць нацысцкай улады ва Украіне».
***
8 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у спісе 3268 чалавек.
Сярод іншых, туды дадалі журналіста Яўгена Меркіса, адваката Аляксандра Данілевіча, асуджанага за «агентурную дзейнасць» грамадзяніна Украіны Сяргея Бойку, піша «Вясна».
***
Адразу дзесяць чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Гэта Дзмітрый Макееў, Антон Хадкевіч, Дзмітрый Гудзееў, Арцём Караткевіч, Валянцін Штэрмер, Антон Шыбут, Руслан Рабкавец, Вольга Брыцікава, Аляксандр Кухаронак і Аляксандр Балонкін.
Усяго ж, паводле інфармацыі «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1519 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1748 чалавек. Сярод іх — 195 жанчын і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніца па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай @klopat_by, на сённяшні дзень амаль паўгода няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітвязняў: Марыю Калеснікаву — 206 дзён, Максіма Знака — 211 дзён, Мікалая Статкевіча — 212 дзён, Ігара Лосіка — 201 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 183 дні, Віктара Бабарыку — 134 дні.