Як Беларусь пражыла гэты тыдзень — агляд вачыма «Бі-бі-сі»

Інфармацыйную павестку беларускіх навін актыўна фарміруе рэжым — сваімі бязглудзымі дзеяннямі і рэпрэсіямі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Указ Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што дыпламатычныя місіі Беларусі за мяжой больш не будуць выдаваць грамадзянам пашпарты, стаў самым моцным за апошнія гады ўдарам па беларускіх эмігрантах. Гатовай меры процідзеяння ў беларускай апазіцыі пакуль няма, і гэта значыць, што тысячы людзей застануцца без свабоды перамяшчэння і не толькі — указ утрымлівае шэраг іншых сур'ёзных абмежаванняў. У самой Беларусі палітычна матываваныя затрыманні адбываюцца літаральна кожны дзень. «Бі-бі-сі» расказвае пра галоўныя падзеі ў краіне за тыдзень.

Указ Лукашэнкі пад назвай «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеяння»ў — самая сур'ёзная мера супраць беларускіх эмігрантаў, якую распачаў афіцыйны Мінск. Лукашэнка падпісаў указ 4 верасня, на яго сайце ён з'явіўся 5-га і ўжо з 7-га ўступіў у сілу.

Згодна з дакументам, беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой больш не будуць выдаваць грамадзянам новыя пашпарты або падаўжаць ужо дзеючыя. Усё гэта можна будзе зрабіць толькі ў самой Беларусі — і гэта цалкам непрымальна для тысяч людзей, якія пакінулі краіну з-за страху палітычнага пераследу.


Глядзіце таксама

Але гэта не адзінае абмежаванне, з якім сутыкнуцца грамадзяне.

Указ дае права супрацоўнікам дыпмісій Беларусі адбіраць у людзей дзейныя пашпарты з расплывістай фармулёўкай «у выпадках і парадку, вызначаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Усе здзелкі з нерухомасцю і транспартам для эмігрантаў будуць магчымыя толькі на тэрыторыі Беларусі — там дзе чалавек зарэгістраваны па месцы жыхарства (ці быў зарэгістраваны, ці ж па месцы жыхарства бацькоў).

Консульствы больш не будуць выдаваць і завяраць копіі пасведчання аб нараджэнні і заключэнні шлюбу, дыпломе аб вышэйшай адукацыі — гэтыя дакументы за мяжой патрэбныя пры афармленні дакументаў на права жыць там, уладкоўвацца на працу, аддаваць дзяцей у адукацыйныя ўстановы.

Эмігранты не змогуць з-за мяжы распараджацца сваім сямейным капіталам — разавай дзяржаўнай выплатай з нагоды нараджэння дзіцяці.

Указ Лукашэнкі можа прывесці да таго, што тысячы палітычных і працоўных эмігрантаў з Беларусі застануцца без дакументаў, і пастановы, што з гэтым рабіць, пакуль няма. Напрыклад, у МЗС Германіі наўпрост сказалі, што «калі дойдзе да справы, тады і будзем вырашаць, як быць».

Беларуская апазіцыя ў выгнанні спадзяецца, што ёй удасца легітымізаваць «пашпарт новай Беларусі», але калі гэта адбудзецца і ці адбудзецца наогул — невядома.

У першую чаргу таму, што Беларусь з'яўляецца агульнапрызнанай незалежнай дзяржавай, і з пункту гледжання міжнароднага заканадаўства незразумела, чаму яе грамадзяне павінны мець два тыпы пашпартоў.

Пакуль самы рэалістычны варыянт: беларусы, якія жывуць у Літве і Польшчы, могуць аформіць праязны дакумент замежніка, ён дае магчымасць перамяшчацца па Шэнгенскай зоне.

Улады Беларусі пакуль не пракаментавалі ўведзеныя імі забароны і абмежаванні.


Глядзіце таксама

За што апошнім часам пераследавалі грамадзян у самой Беларусі

У самой Беларусі пераслед па палітычных матывах працягваецца ў штодзённым рэжыме.

Выданне «Медыязона. Беларусь», якая вядзе хроніку такога пераследу, толькі за апошнія тры дні зафіксавала некалькі такіх выпадкаў.

Неназваны мужчына атрымаў 13 сутак арышту за тое, што прадаў прызнаную «экстрэмісцкай» кнігу пра забойства германскага гаўляйтара ў часы Другой сусветнай вайны.

Жыхар Беларусі, які адседзеў тры гады за апазіцыйныя надпісы на плоце, адразу ж быў адпраўлены ў СІЗА паводле новага абвінавачання, абставіны справы невядомыя.


Глядзіце таксама

Жыхарку Наваполацка аштрафавалі на 3,7 тыс. беларускіх рублёў (1,3 тыс. еўра) за фота белага сабакі ў чырвоным камбінезоне і подпісам «Жыве Беларусь, не гвалту».

Загадчык аптэкі ў Гомелі атрымаў шэсць гадоў за грашовыя пераводы ваюючаму на баку Украіны палку Кастуся Каліноўскага і арганізацыі BYSOL, якая дапамагае палітычным эмігрантам.

Трэнер моладзевай каманды мінскага «Дынама» затрыманы за ўдзел у адной з акцый пратэсту ў 2020 годзе і паведамленні ў апазіцыйны чат, які існаваў у тыя дні.

Паводле даных беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», на працягу жніўня 2023 года на волю выйшлі 37 чалавек, якія атрымлівалі крымінальныя тэрміны па палітычных матывах. І ў тым жа месяцы «палітычныя» прысуды атрымалі 60 чалавек.