Саўдаўская Аравія заліла грашыма футбол: як футбалісты едуць туды бясслаўна сканчваць кар’еру
Зімою «новыя выклікі» паехаў пераадольваць Крышціяну Раналду. У пятніцу зачынілася летняе трансфернае вакно ў краіне арабаў, і па выніках яно стала феерычна залатым. Найлепшы футбаліст свету 2022 Карым Бензема, Неймар, Кантэ і дзясяткі іншых знакамітасцяў кінулі Еўропу і пераехалі ў «лігу вярблюдаў», як часта называюць чэмпіянат Саўдаўскай Аравіі.
Як так атрымалася?
У студзені 2023 года, пасьля таго як Крышціяну Раналду быў выключаны са складу «Мэнчэсьцер Юнайтэд», ён падпісаў кантракт з клюбам, назву якога вы не чулі. Здавалася б, нягледзячы на тое, што футбаліст не цягнуў узровень асноўнага складу «Юнайтэд», ён мог бы з лёгкасьцю працягнуць сваю вялікую кар’еру ў амаль што любым клюбе Эўропы.
Аднак рэчаіснасьць была ў тым, што паслугі пяціразовага ўладальніка “Залатога Мяча” – узнагароду лепшага футбаліста сьвету, былі нікому не патрэбнымі. Крышціяну Раналду паехаў скараць чэмпіянат нафта-помпавай станцыі, у легендарную футбольную краіну Саўдаўскую Арабію.
За працу мары ён мусіць атрымаць такія астранамічныя грошы, што ў пераліку на беларускія рублі прывядзе вас у шок. Але пакінем Раналду ў супакоі пасьля яго цытаты, у якой ён кажа, што яго не хвалюе крытыка на адрас тых, хто зьехаў да саўдытаў.
«Гэта нармальна. А якую лігу не крытыкуюць, у якой лігі няма праблемаў, спрэчных момантаў? Гэта адбываецца ўсюды: у Гішпаніі, Партугаліі... Я загадзя ўсё ведаў. Усе лічылі мяне вар'ятам, але гэта аказалася не такім ужо і вар'яцтвам. Гуляць у арабскай лізе — гэта нармалёва. Як футбаліст "Аль-Насра" я ведаў, што ўсё так і адбудзецца. Зьмяняць культуру краіны і яе футбол — прывілей, як і тое, што сюды прыязджаюць вялікія зоркі. Я адчуваю гонар. Я быў першапраходцам і ганаруся гэтым. Больш за ўсё я прагну, каб ліга разьвівалася і ўвайшла ў лік найлепшых», — сказаў форвард «Аль-Насра».
Улетку, калі ў эўрапейскіх чэмпіянатах адбываецца перапынак паміж сэзонамі, футбольныя клюбы маюць магчымасьць зьмяняць склад – прадаваць і набываць футбалістаў, браць іх у арэнду. Тое ж самае адбываецца ў зімовую паўзу, але ў значна меншых маштабах.
Гэтае лета перакуліла футбол.
Агульная сума, заплачаная саўдытамі за футбалістаў з эўрапейскіх камандаў, дасягнула амаль мільярда эўра! Толькі ангельская Прэм’ер-ліга традыцыйна закупаецца на большую суму. Усе астатнія чэмпіянаты, уключна з гігантамі Гішпаніяй, Нямеччынай, Францыяй, Італіяй – апынуліся далёка ззаду.
Прадстаўнік лігі
Саўдаўскай Арабіі пракаментаваў набыцьцё сусьветных зорак:
«Мы робім усё магчымае, каб гэтыя гульцы прыязджалі ў Арабію. Гэта не азначае, што ў нас неабмежаваны бюджэт, але мы не можам сябе скоўваць, калі жадаем прывезьці сюды самых таленавітых гульцоў.
Мы павінны плаціць за тое, каб яны сюды прыязджалі», – заявіў Карла Нохра, аперацыйны дырэктар лігі.
Прафэсійная ліга Саўдаўскай Арабіі складаецца з 18 клюбаў, чатыры зь якіх з чэрвеня 2023 года на 75% належаць Саўдаўскаму грамадзкаму інвэстыцыйнаму фонду (PIF) - аднаму з 10 найбуйнейшых у сьвеце суверэнных фондаў.
Кантраляваны саўдаўскім урадам PIF мае актывы ў 777 мільярдаў даляраў. Гэтага хопіць на прыблізна 777 гадоў такіх жа масавых закупак зорак, як адбылося сёлета.
Крытыка
Лука Модрыч, найлепшы футбаліст сьвету 2018 года, які выступае за мадрыдзкі «Рэял», пасьля паведамленьняў, што саўдаўскі «Аль-Ахлі» прапаноўваў паўабаронцу заробак у памеры 80 мільёнаў эўра ў год, заявіў:
“Без ілжывай сьціпласці скажу, што прапановы былі і раней, бо ёсьць сталая цікавасьць клюбаў да мяне. Аднак маё фундамэнтальнае бачаньне сітуацыі, пачынаючы з 2012 года і па сёньняшні дзень, заключаецца ў тым, што "Рэял" заўсёды на першым месцы. І мне не трэба цешыць сваё эга гэтымі гісторыямі аб выгадных прапановах. Я проста хачу атрымліваць асалоду ад кожнага моманту ў футболе”.
Прэзідэнт гішпанскай Ла-Лігі Хаўер Тэбас выказаўся аб трансфэрах саўдаўскіх камандаў:
«Я думаю, што гэты шлях няправільны, падпісаньне кантрактаў зь вялікімі гульцамі не робіць лігу вялікай. У нас ёсьць прыклад Кітая.
У іх шмат грошай, але Эўропа вялікая дзякуючы сваім турнірам. Нельга нешта зрабіць раптоўна. Калі я спытаю, за якую каманду гуляе Бэнзэма, я думаю, ніхто не будзе ведаць, як мне адказаць».
Чэмпіён сьвету Тоні Крос быў яшчэ больш разьюшаны:
«Невыкананьне правоў чалавека — тое, што змагло б утрымаць мяне ад пераходу туды.
Але кожны павінен прымаць рашэньні сам, як гэта зрабіў Крышціяну Раналду ў канцы сваёй кар'еры. Але становіцца даволі сумна, калі гульцы, якія знаходзяцца на піку сваёй кар'еры і валодаюць якасьцямі, якія дазваляюць ім выступаць у топ-клюбах Эўропы, вырашылі туды зьехаць.
Потым яны распавядаюць, што там гуляюць у амбіцыйны футбол — але ўся справа ў грашах.
Урэшце, гэтае рашэньне на карысьць грошай і супраць футбола.
І з гэтага моманту для футбола, які ўсе мы ведаем і любім, усё стала больш складана», – сказаў паўабаронца мадрыдзкага «Рэяла».
Толькі адно слова здолеў выказаць Тоні Крос, калі стала вядома пра трансфэр 21-гадовага футбаліста «Сэльты» Габрыэля Вэйгі ў "Аль-Ахлі": "Ганьба”.
Парушэньні правоў чалавека не турбуюць іншага футбаліста. Янік Ферэйра Караска заявіў:
«Сюды прыязджае шмат зорак. Ліга расьце і адчыняецца сьвету. Гэта цудоўная краіна. Трэба на свае вочы ўбачыць, самому зрабіць высновы, а не слухаць крытыку, якая ідзе з усіх бакоў.
Я не падтрымліваю тое, аб чым заяўляюць розныя арганізацыі. Я бачыў, што Крышціяну Раналду і яго спадарожніца вядуць звычайны лад жыцьця. Тое ж датычыцца і іншых гульцоў.
Я быў у гэтай краіне, я бачыў, якія там жанчыны, як людзі ходзяць па вуліцах. Шчыра, гэта цудоўная краіна. Я не бачыў нічога такога, што было б зьвязана з парушэньнем правоў, калі быў там».
Той жа Караска растлумачыў, чаму перайшоў у вялікі “Аль-Шабаб”:
«Ці быў гэты выбар заснаваны на грошах? Усё ўзаемазьвязана. Калі атрымліваеш траўму, усё можа ўскладніцца. Часам баішся атрымаць траўму і потым не можаш расслабіцца. А гулец не павінен быць псіхалягічна скаваным.
Я фактычна блізкі да завяршэньня кар'еры (футбалісту ўсяго 30 гадоў – заўв. Рэд.). Я ўсё яшчэ мог бы гуляць за вялікі клюб, але ў выпадку траўмы ўсё магло хутка зьмяніцца. Я абраў бясьпеку — у першую чаргу».
Прэзідэнт UEFA
Аляксандар Чэферын дакладна акрэсьліў сытуацыю: «Ёсьць футбалісты, якія
набліжаюцца да завяршэньня кар'еры, і ёсьць гульцы, недастаткова амбіцыйныя для
таго, каб імкнуцца ў топ-чэмпіянаты.
Наколькі мне вядома, Мбапэ і Холанд аб Саўдаўскай Арабіі не мараць. Я не думаю, што найлепшыя футбалісты на піку сваёй гульні паедуць у гэтую краіну. У чым я бачу праблему? Яны павінны ўкладаць сродкі ў акадэміі, запрашаць трэнераў і разьвіваць сваіх футбалістаў. Купля гульцоў на сыходзе кар'еры не разьвівае футбол. Тая ж памылка была ў Кітаі, калі яны масава прывозілі гульцоў, якія завяршалі кар'еры.
Калі мы чуем аб тых, хто туды зьехаў, ніхто ня ведае, за каго яны будуць гуляць. У асноўным гэта цікавіць прэсу, а не эўрапейскую футбольную супольнасьць. Паглядзім, але я ні на сэкунду ня веру ў тое, што гэта можа пагражаць нашым спаборніцтвам. Ніякіх саўдаўскіх клюбаў у Лізе Чэмпіёнаў ніколі не будзе».
Насамрэч Ліга Чэмпіёнаў у «Аль-Насра» і «Аль-Іціхад» усё ж будзе, толькі не тая, пра якую вы ведаеце. Яны будуць езьдзіць у госьці да чэмпіёнаў Пакістана, Камбоджы, Туркмэністану і іншых футбольных гігантаў.
Дзіўныя мэтамарфозы з ранейшымі “каштоўнасьцямі”
Некалі добры футбаліст з Лівэрпулю Джордан Хендэрсан, нават капітан каманды, у гэтым сэзоне гуляе за «Аль-Іціфак». Апроч футболу, гэты чалавек быў вядомы сваёй бясконцай вернасьці ідэалам лгбт-руху (прычым сам не зьяўляецца прадстаўніком меншасьцяў).
Пасьля пераходу ў дзяржаву, якая забівае на афіцыйным узроўні за падобныя стасункі, да футбаліста ўзьніклі пытаньні.
У сацыяльных сетках
клюба зьявілася відэа з прэзентацыяй Хендэрсана. А потым на фота адтуль жа людзям
падалося, што на здымках павязка на руцэ, якая ў арыгінале была вясёлкавай,
стала шэрай. Футбаліст пракаментаваў:
“Я нічога ня ведаў пра гэта, пакуль пра гэта не сталі пісаць. І мне цяжка ўсё ведаць і разумець, бо гэта частка рэлігіі. Так што, калі тое, што я нашу вясёлкавую павязку, зьяўляецца непавагай да іх рэлігіі, то гэта таксама няправільна. Кожны павінен з павагай ставіцца да рэлігіі і культуры. Магу зразумець расчараваньне з боку супольнасьці лгбт. Магу зразумець гнеў. Разумею”.
За добрыя грошы перакананьні ставяцца на паўзу. Хаця нават грошы былы капітан Ліверпуля аспрэчвае:
“Я магу паспрабаваць дапамагчы камандзе ў розных галінах і адчуваю, што людзі гэта шануюць. Прыемна адчуваць сябе жаданым гульцом. Я ведаю, што Стыві (Стывен Джэрард, трэнер саўдаўскага клюба, які раней сам выступаў за Ліверпуль і быў іх капітанам) вельмі хацеў падпісаць мяне. Людзі могуць верыць мне ці не, але ў маім жыцьці і кар'еры грошы ніколі не былі матывацыяй. Ніколі. Мы хочам пабудаваць на працягу наступных некалькіх гадоў нешта такое, што застанецца на доўгія гады і дапаможа лізе стаць адной зь лепшых у сьвеце”.
Шаноўны Хендэрсан, у якім месцы гэтая ліга можа стаць адной зь лепшых у сьвеце?
Першыя скандалы
Галоўны трэнер клюба, у які перайшоў Карым Бэнзэма, нагадаем, лепшы футбаліст сьвету мінулага сэзону, заявіў, што француз не ўпісваецца ў яго тактычную схему, і яму будзе складана знайсьці для яго месца.
А вось іншы клюб, чарговы “Аль”, прыбярэ Жоту Нэвеша з заяўкі на чэмпіянат. Партугалец, якога набылі ўлетку, будзе выключаны са сьпісу гульцоў, якія маюць права гуляць за клюб у лізе. Гэта зьвязана з лімітам на легіянераў. Вызваленае за кошт Жоты месца дастанецца абаронцу Луісу Фэліпэ, якога набылі на днях.
Нэймар, якога яшчэ 10-15 гадоў таму называлі імаверным пераемнікам Раналду і Мэсі ў якасьці лепшага футбаліста сьвету, скончыўся як футбаліст. Пасьля таго, як мець яго ў сваім складзе адмовіўся Пары-Сэн-Жэрмэн, ён з радасьцю пагадзіўся на залаты адпачынак ў пустыні:
“Футбол усюды аднолькавы, мяч круглы. Улічваючы зорныя імёны ў гэтай лізе, яна, магчыма, лепей чэмпіянату Францыі. Я хачу выйграваць трафеі і рабіць гэта з "Аль-Хілалем". Чэмпіянат будзе цікавым, упэўнены, вы будзеце сачыць”.
Што ж, не ўпэўнены,
што вы запомнілі хаця б адну назву саўдаўскага клюбу з гэтага матэрыялу.
Ну а прагнуць, як Нэймар ці Раналду, выйграваць трафеі, раўназначныя прыблізна кубку лунінецкага дому культуры (з усёй павагай да лунінецкага футболу) – гучыць так фальшыва.
Глядзіце добры футбол!