Суд па справе «змоўшчыкаў» зрабілі закрытым. Сёння слухаюць паказанні ўкаранёнага ў групу сілавіка
Сёння ў судзе па справе так званых «змоўшчыкаў» дае паказанні асноўны сведка — падпалкоўнік Іван Жураўскі. Пракурор заявіў хадайніцтва, каб паказанні ўкаранёнага ў шэрагі «змоўшчыкаў» сілавіка, падпалкоўніка генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, дапыталі за зачыненымі дзвярыма, паведамляе «Н*ша Ніва» са спасылка на прапагандыстаў.
Жураўскі браў удзел у шэрагу зум-канферэнцый. Таксама ён
знаходзіўся падчас сустрэчы абвінавачаных Аляксандра Фядуты, Юрыя Зянковіча ў
маскоўскім рэстаране «Тарас Бульба», пасля якога іх затрымалі.
У судзе ўжо дапытана пераважная колькасць сведкаў, але не
зʼявіўся ў суд, а накіраваў апавяшчэнне супрацоўнік МНС, які пазнаёміў
Зянковіча з сілавіком Жураўскім.
Сярод сведкаў, якія давалі паказанні ў судзе, як мінімум
трое знаходзяцца пад следствам па іншых крымінальных справах — сузаснавальнік
прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім ТГ-канала N*XTA Раман Пратасевіч (ён
знаходзіцца пад хатнім арыштам). Яшчэ дваіх лідэраў незалежных прафсаюзаў
Аляксандра Ярашука і Сяргея Антусевіча для дачы паказанняў у суд даставілі пад
канвоем з СІЗА, яны праходзяць па іншай крымінальнай справе.
Крымінальную справу аб спробе дзяржаўнага перавароту ў
Беларусі Мінскі абласны суд пачаў разглядаць 29 ліпеня.
Па справе праходзяць Юры Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор
Кастусёў, якія абвінавачваюцца ў змове, здзейсненай з мэтай захопу дзяржаўнай
улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК), і яшчэ два фігуранты — Вольга
Галубовіч і Дзяніс Краўчук — абвінавачваюцца ў актыўным удзеле у групавых
дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).
Акрамя гэтага, Зянковічу інкрымінаваны стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем (ч. 1 арт. 361-1 КК), заклікі да захопу дзяржаўнай улады (ч. 3 арт. 361 КК), распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці, учыненае групай асоб (ч. 3 артыкула 130 КК).