Маёмасць Віктара Бабарыкі прадаюць на аўкцыёнах. Таргі ідуць блага
На сайце «БелЮрЗабеспячэння» ў сераду, 13 верасня, зладзілі таргі маёмасці Віктара Бабарыкі. На аўкцыёне прапаноўвалі дзевяць мадэляў наручных хранометраў. За адну з іх разгарнулася барацьба. «Люстэрка» паглядзела, што адбываецца на гэтых таргах. Нагадаем, пра стан і месцазнаходжанне самога Віктара Бабарыкі няма інфармацыі ўжо пяты месяц.
Так, таргі па самым дарагім лоце — гадзінніку «Patek Philippe», які ацанілі ў 47 500 рублёў, не адбыліся. Прычына — не было ўдзельнікаў.
На аўкцыён таксама выставілі дзве мадэлі гадзіннікаў «Vacheron Constantin». Адну з іх ацанілі ў 39 400 рублёў, пачатковы кошт другой быў на ўзроўні 34 000 рублёў. У выніку па першай мадэлі таргі не адбыліся, быў адзін удзельнік, але ён не набыў гадзінніка. Па другой мадэлі таргі таксама не адбыліся, але «адзіны ўдзельнік даў згоду на куплю», гаворыцца на сайце «БелЮрЗабеспячэння».
Таргі па гадзінніку «CORUM» за 6700 рублёў на момант публікацыі працягваліся, знайшліся двое ахвочых яго набыць. Таксама ідуць таргі гадзіннікам у індывідуальным футарале з надпісам «Harry Winston», стартавы кошт — 19 300 рублёў, знайшлося чацвёра ахвотных яго набыць. На момант выхаду тэксту цэннік падняўся да 20 265 рублёў.
На гадзіннік «IWC» за 9900 рублёў таксама знайшліся два патэнцыйныя пакупнікі, а на «Montblanc» за 2400 рублёў — чатыры. Таргі працягваюцца.
Пры гэтым на самую недарагую мадэль гадзінніка «Longines», стартавы кошт якога — 770 рублёў, знайшліся 11 патэнцыйных пакупнікоў. На момант публікацыі гэтага тэксту кошт падняўся да 1085,7 рубля.
На таргі гадзіннікам «Zenith» за 12 300 рублёў падаў заяўку адзін удзельнік, але яны не адбыліся.
У 2021-м з малатка пайшоў арыштаваны аўтамабіль «Ford Fiesta» Віктара Бабарыкі. Улады таксама выстаўлялі на таргі аптычны прыцэл, які належыць палітыку, і долі ў статутным капітале трох кампаній — «Прыватлізінг», «Прававы дыялог» і «Сістэмы апрацоўкі інфармацыі».
Нагадаем, экс-старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка 12 траўня 2020 года заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. На момант рэгістрацыі кандыдатаў Бабарыка быў ужо затрыманы. У рэгістрацыі яму адмовілі на падставе інфармацыі з ліста КДК.
6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд вынес прысуд, Віктар Бабарыка атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў здзяйсненні фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі загадзя злачынным шляхам. Віктар Бабарыка на судзе сваёй віны не прызнаў.
Увечары 26 красавіка з’явілася інфармацыя пра тое, што Віктар Бабарыка, зняволены ПК-1 Наваполацка, у ноч на 25 красавіка быў шпіталізаваны ў гарадскую бальніцу — нібыта са слядамі збіцця і пнеўматораксу. Раніцай 27 красавіка блізкім палітыка ўдалося пацвердзіць факт яго шпіталізацыі ў хірургічнае аддзяленне. Дзяржорганы каментаваць сітуацыю адмовіліся.
27 красавіка штаб Віктара Бабарыкі паведаміў, што экс-банкір заставаўся ў шпіталі, яго не збіраліся нікуды перавозіць, бо транспартаванне было жыццёва небяспечнае. Аднак у наступныя дні пра дакладнае месцазнаходжанне Бабарыкі ў яго камандзе не ведалі, убачыць яго не ўдалося. 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі папраўчай калоніі заявіў, што зняволены Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць сваё пакаранне. Аднак ніякіх пацвярджэнняў гэтым словам у сілавых структурах не прывялі. 2 траўня сваякі Віктара Бабарыкі спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС. У прыёме было адмоўлена.
З таго часу няма ніякай інфармацыі пра
месцазнаходжанне і стан Віктара Бабарыкі.