Найстрашнейшая штука – паглынанне культуры беларускай імперскай культурай: ПЭН пра вынікі даследавання рэпрэсій

За што рэпрэсуюць беларускую культуру? Большасць рэспандэнтаў супадае ў думцы, што галоўная прычына пераследу – грамадзянская пазіцыя, агучаная яшчэ ў 2020 годзе. 

Фота: penbelarus.org

Фота: penbelarus.org

«Ты ж разумееш, што для цябе ёсць пагроза – зрабіцца Алесем [Пушкіным]». Беларускі ПЭН прадставіў вынікі даследавання рэпрэсій у сферы культуры.

Беларускі ПЭН зладзіў даследаванне, каб атрымаць дадатковыя факты пра формы, віды і аб’ём цяперашніх рэпрэсій у сферы культуры, лепш зразумець наяўныя тэндэнцыі і магчымыя наступствы для культуры ўнутры краіны, а таксама знайсці адказ на пытанне пра магчымую на сёння падтрымку і дапамогу дзеячам культуры ў Беларусі.

Рэспандэнты даследавання – прадстаўнікі творчых груп, якія жывуць і працуюць у Беларусі (за выключэннем трох чалавек, якія з’ехалі з краіны ў канцы 2022 – сярэдзіне 2023 года). Пераважная колькасць інтэрв’ю (усяго 42) ладзілася ў перыяд з сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 2023 года.

Як сказала на прэзентацыі даследавання 12 верасня старшыня ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай, незалежная беларуская культура ўнутры краіны вярнулася да практыкі савецкага часу – пайшла ў падполле, усё публічнае робіцца ўсё больш небяспечным.

За апошнія 1,5-2 гады закрыта большасць культурных арганізацый, працягваецца ліквідацыя НДА-сектара, прыватных выдавецтваў, пазбаўленне выдаўцоў ліцэнзій. Закрываюцца альтэрнатыўныя адукацыйныя праекты, адбыўся ціск на сістэму прыватнай школьнай адукацыі. Амаль цалкам закрыты магчымасці для незалежнага тэатра, перакрыты шляхі для працы незалежнай музычнай сцэны.

Цэнзура пануе: усё мусіць быць стэрыльным з гледзішча палітыкі і крытычных выказванняў.


Рэпрэсіўную рэакцыю можа выклікаць любая падзея. 

Працягваецца вымушаная эміграцыя спецыялістаў. Але, як зазначае Таццяна Нядбай, многія дзеячы культуры свядома выбіраюць застацца ў краіне. Паводле даследавання, такія персоны разглядаюць гэтую экстрэмальную сітуацыю ў тым ліку як прывілей – «я стараюся гэта прэпараваць, трансфармаваць у нейкія мастацкія рэчы», якія хай сабе не атрымаецца рэалізаваць у найбліжэйшай будучыні, але некалі такая магчымасць з’явіцца. Яны працягваюць працаваць у Беларусі: «Усе ўсё робяць».

Беларускі ПЭН прадстаўляе ацэнку стану беларускай культуры на сёння голасам рэспандэнтаў, зразумела, на ўмовах ананімнасці.

Літаратура

«Калі браць агулам літаратуру беларускую, я маю на ўвазе сур’ёзную, каторая была ў нас у Беларусі, то яе няма: хто ўцёк, хто схаваўся, усе пішуць у шафу, і практычна літаратуры няма», — так адказаў на пытанні даследчыкаў адзін з экспертаў у краіне.

Перадусім па сферы літаратуры ўдарыла закрыццё незалежных выдавецтваў, гэта адбілася як на аўтарах, так і на чытачах. На сённяшні дзень друкавацца ў Беларусі практычна няма дзе. Гісторыю закрыцця найстарэйшага выдавецтва Беларусі – «Зміцер Колас», што працавала на кніжным рынку з канца 1980-х гадоў, – адзін з літаратараў назваў «беспрэцэдэнтным»: закрылі, нават без вынясення папярэджання, за выпуск кнігі «экстрэмісцкага» характару – зборнік гістарычных дакументаў з дзяржаўных архіваў Беларусі, які нідзе не прадаваўся, выйшаў яшчэ ў 2021 годзе, а «экстрэмісцкім» быў прызнаны ў 2023-м.

Беларускі асартымент «Белкнігі» амаль цалкам спустошаны – дзясяткі імёнаў проста адсутнічаюць на паліцах. Паліцы дзяржаўных крам запоўнены і дзяржаўнымі ж кнігамі, а таксама вялікай колькасцю расійскіх выданняў. Акрамя забароны на продаж сваіх кніг аўтары сутыкаюцца з забаронай на распаўсюд у сетцы бібліятэк.

Праглядаецца тэндэнцыя чысткі фондаў бібліятэк.

Адзін з літаратараў кажа, што ўсе рэпрэсіі наводзяць яго на думку пра існаванне нейкіх «таварышаў-куратараў… нейкіх небеларусаў і якія не жывуць у Беларусі», бо тое, што адбываецца, – гэта мэтанакіраваная палітыка знішчэння сферы беларускага кнігавыдавецтва.

Выяўленчае мастацтва

«Самы папулярны спосаб рэпрэсій – гэта цэнзура, гэта немагчымасць выказвацца, немагчымасць выстаўляцца, бо ты знаходзішся ў спісах. І гэта хутчэй складаней чыста псіхалагічна, чым калі цябе пасадзяць, … але з другога боку, гэта пагроза: ты ж разумееш, што для цябе ёсць пагроза – зрабіцца Алесем [Пушкіным]», –  сказаў адзін з апытаных творцаў (размова адбылася яшчэ да смерці Алеся Пушкіна ў турме).

Выяўленчае мастацтва знаходзіцца ў «рэжыме маўчання» (або самазахавання), якому папярэднічаў «рэжым чакання»: былі спадзевы, што нешта зменіцца.

З’явіліся спісы «нядобранадзейных» мастакоў, а кожная выстава зараз павінна прайсці працэдуру ўзгаднення. Паводле мастакоў, узгадненне – гэта праверка спецслужбамі.

Адзначаны ціск на творчыя саюзы: спробы рэжыму зрабіць іх арганізацыямі «ідэалагічнага кшталту», каб тыя паказвалі ў сваіх напрамках дзейнасці «ваенна-патрыятычную адукацыю» і падобнае. 


Музыка 

Перакрыты шляхі для працы незалежнай музычнай сцэны – «няма магчымасці выступаць і плюс ёсць магчымасць сесці ў турму».

Музыкі са спісу «нядобранадзейных» пазбаўлены магчымасці фізічна выступаць на беларускіх пляцоўках, радыё- і тэлеэфіру. 


Тэатр

Закрыты магчымасці для незалежнага тэатра.

Калі ў 2022 годзе адбылася «капітальная зачыстка імёнаў, павышэнне допуску да пастаноўкі, да ўсяго», то ў 2023 годзе спісы папоўніліся еўрапейскімі і расійскімі аўтарамі п’ес, якія выказаліся ў падтрымку Украіны.    

Дзяржава патрабуе ад тэатраў ствараць і паказваць ідэалагічна правільныя творы і спектаклі. Так, у Мінску прайшоў рэспубліканскі тэатральны фестываль «Перамога», на якім паказалі ваенныя спектаклі. Узнікаюць пытанні і да беларускай класікі, «якую таксама трэба карэктаваць». 


Музейная справа 

Музеі губляюць людзей, якія рабілі іх больш сучаснымі. 

У ПЭН зазначаюць, што, як і ва ўсіх іншых сферах мастацтва, на музеях таксама негатыўна адбіваюцца спісы «нядобранадзейных» – яны маюць цяжкасці з запрашэннем гасцей і правядзеннем мерапрыемстваў: «яны тупа не ведаюць, каго паклікаць [на Ноч музеяў], бо нікога нельга клікаць».

Моцны ціск стварае і ідэалагічная цэнзура. Перад куратарамі стаіць складаная задача вызначыць, якія сімвалы і тэмы дапушчальныя, якія – не.

Кіно 

Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» зрабілася практычна рэжымным аб’ектам, у якім кожны яе супрацоўнік праходзіць «аддзел № 1 – г. зн. робіцца запыт у КДБ, у міліцыю, часам вось гэты «Адольф» [галоўны ідэолаг] выклікае да сябе ў кабінет і задае вельмі дзіўныя пытанні накшталт: «А ці ёсць у вас замежвіза? А навошта вы зрабілі замежвізу?».  

На ўсю краіну здымаецца адзін мастацкі фільм (гаворка пра нацыянальную кінастудыю), беларускім акцёрам актыўна прапануюць працу ў Расіі. 

Новы закон аб культурным экспарце, прыняты ў пачатку 2023 года, дазволіў уладам паказваць фільмы ў абыход санкцый. 


Спадчына

З Міністэрства культуры звольнілі спецыялістаў найвышэйшага ўзроўню, якія займаліся пытаннямі рэстаўрацыі. За апошнія 1,5-2 гады закрылі большасць культурных арганізацый у сферы спадчыны. Фактычна разбурана інфармацыйная вузкапрафесійная інфраструктура – перасталі існаваць важныя пляцоўкі, дзе яшчэ маглі адбывацца абмеркаванні ідэй і праектаў; амаль на стала канферэнцый, якія раней арганізоўвалі НДА або запаведнікі.

У гэтай сферы таксама існуе забарона на публічныя выступы спецыялістаў без папярэдняй праверкі імёнаў у спецслужбаў.


За што зараз пераследуюць? 

Большасць рэспандэнтаў супадае ў думцы, што галоўная прычына пераследу – грамадзянская пазіцыя, агучаная яшчэ ў 2020 годзе. 

Творцаў шукаюць праз сяды: выхад на пратэст, каментарый у інтэрнэце; саджаюць у турму за фотаздымак з маршу, за антываенныя выказванні, рэпосты і г. д.; інкрымінуюць удзел у «масавых беспарадках», распальванне варожасці. Людзей «вельмі масава» выклікаюць у КДБ за ахвяраванні ў фонды дапамогі беларусам, пацярпелым ад гвалту дзяржавы. 

Улады паставілі перад сабой «маніякальную задачу» – пакараць усіх, хто ўдзельнічаў у мірным пратэсце, і людзі творчых прафесій уключаны ў гэты працэс. 

Адказваючы на пытанне, як змяняецца сітуацыя з рэпрэсіямі, рэспандэнты казалі пра рост іх колькасці і ўзмацненне жорсткасці; пра раскручванне махавіка, што разагнаўся і цяпер не можа спыніцца, набіраючы ўсё новыя абароты; пра адчуванне закручвання гаек і сістэматычны характар ціску. Тое, што раней здавалася недапушчальным з боку прадстаўнікоў улады і функцыянераў, цяпер стала прымальным, і гэтая мяжа дазволенага ўсё больш адсоўваецца. Пераследуецца любая праява грамадзянскай пазіцыі.

Застаецца ўсё менш магчымасцяў для творчасці. Дзяржаўныя культурныя інстытуцыі ператвараюцца ў рэжымныя аб’екты, якія патрабуюць усё больш «нейкай такой паказной лаяльнасці».


Экспансія рускай культуры          

З лютага 2022 года «бачная экспансія рускай культуры ў беларускую».

Як мінімум кожны трэці дзеяч культуры закранаў у апытанні тэму ўсё большага пранікнення рускай культуры ў беларускую: «зараз ідзе наступ “русского мира”», «уплыў рускай культуры з кожным годам усё яскравейшы», «гэтая экспансія – частка агульнай стратэгіі, не толькі звязанай з культурай… гэта ўжо моцна адчуваецца», «гэта найстрашнейшая штука – паглынанне культуры беларускай імперскай культурай», «руская экспансія зараз актывізавалася з большай сілай»; «замыкаецца кола “Расія – Беларусь” цяпер, на жаль, у сферы культуры». 

Хваля рускай культуры адчуваецца ўсё мацней і ў кожным з сектараў культуры:

  • літаратура: «Я заходжу ў кнігарню і бачу, што там адбываецца на паліцах: які адсотак займаюць беларускія кнігі, якія расійскія стаяць кнігі, якія пісьменнікі – Прылепін і г. д. І недзе яшчэ год таму была лепшая сітуацыя на беларускіх палічках, а цяпер ужо знята ўсё, што можна было зняць»;
  • тэатры: «Вось гэтыя гастролі бясконцыя расійскіх тэатраў у беларускія тэатры»;
  • канцэрты («Хто выступае – Грыгорый Лепс, нейкая барышня ў какошніку, якую я не ведаю, ну яны [афішы] … занятыя гэтымі расійскімі выканаўцамі»; «І ў філармоніі таксама: вялікая колькасць рускіх музыкаў, якія прыязджаюць, – такога ніколі не было»;
  • музеі: «Гэты першы музейны форум [праходзіў], і ў выніку там 44 дамовы заключаны паміж беларускімі і расійскімі музеямі: будзе абмен выставамі, яны будуць прыязджаць»; «прыходзілі ці з міністэрства, ці скуль, маніторылі, сказалі многіх-многіх пісьменнікаў [беларускіх] з экспазіцыі прыбраць»; 
  • кіно: «Абсалютна відавочна расійскі ціск тут: … г. зн. мы не возьмем беларускіх рэжысёраў і аператараў, а возьмем з Расіі і з Грузіі здымаць нацыянальнае кіно пра гісторыю Беларусі»; 
  • выставы: «Практычна расійскія мастакі выстаўляюцца ў галерэі больш, чым самі беларусы… вось гэта, канешне, няправільна, проста несправядліва чыстапа мастацкіх паняццях нават»;
  • лекцыі: «Усё больш нейкіх лекцый пра Маякоўскага, пра Бродскага, Цвятаеву і г. д. То-бок такая напалову маскоўская туса… Усё больш пра Ахматаву, чым пра Канстанцыю Буйло ці, не дай бог, Арсенневу»; 
  • творчыя саюзы: «Я чытаў дакументы, з якіх робіцца зразумела, што іх [творчыя саюзы мастакоў, дызайнераў, кінематаграфістаў і інш.] вымушаюць быць паглынутымі расійскімі саюзамі… г. зн. яны як незалежныя беларускія НДА знікаюць і ўваходзяць у структурныя падраздзяленні саюзаў Расіі»;
  • адукацыя: «Найлепшыя нашы дзеці, якія праходзілі алімпіяды, без экзаменаў маглі трапіць у найлепшыя расійскія ВНУ. Такім чынам арганізаваны адток мазгоў у Расію»;
  • гарадское асяроддзе: «У сферы эстэтыкі і ў архітэктуры проста заўважаю, што руская эстэтыка – яна ўсё больш і больш пранікае на вуліцы»; «нават вывескі ўжо пачынаюць мяняць – здзіраюць беларускія, размяшчаюць рускія»;
  • дзяржаўныя СМІ: «Гэта страшная, проста антыбеларуская прапаганда на беларускім тэлебачанні». 

Як ціснуць?

  • зняцце з пасады, паніжэнне ў пасадзе, прадаўжэнне кантракту на некалькі месяцаў / паўгода / год, у той час як раней ён заключаўся на некалькі гадоў; 
  • пагрозы звальнення або непрацягнення кантракту, пазбаўлення прэмій або надбавак, павелічэння нагрузкі і г. д.;
  • дысцыплінарныя спагнанні (за рэдкае 5-хвіліннае спазненне), дакладныя на супрацоўнікаў, абразы, настаўленні, гутаркі; 
  • прымус уступаць у прафсаюзы;
  • патрабаванне падпісваць неймаверную колькасць «лухтовых папер» (напрыклад, што «мы не маем права як службовыя асобы (хаця з якога часу выкладчык – гэта “службовая асоба”?) мець рахункі за мяжой, дапамагаць мужу/жонцы, калі яны займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю»; дакумент, згодна з якім супрацоўнікі азнаёмлены са спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў («там больш за 500 старонак») і абавязваюцца адманіторыць усе інтэрнэт-рэсурсы, на якія яны падпісаны);
  • звальненне і прымус да самазвальнення.

Наступствы

Адно з наступстваў зацяжнога характару рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры і бесперапыннага ціску рэжыму на дзяржаўныя інстытуцыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці – «нармалізацыя» таго, што адбываецца. 

Разам з гэтым адбываюцца дэпрафесіяналізацыя дзяржаўнага сектара і гарызанталізацыя незалежнай культуры.

Масавыя звальненні высокапрафесійных спецыялістаў і цяжкасці з папаўненнем кадраў, зніжэнне колькасці матываваных спецыялістаў, разбурэнне прафесійнай інфраструктуры і пагаршэнне ўмоў працы (у тым ліку, звязанае з разрывам кантактаў з заходнімі інстытуцыямі), усё новыя змяненні і задачы, што ставяцца дзяржавай перад установамі культуры, з аднаго боку, вядуць да прафанацыі і з’яўлення сурагату культуры (за некаторым выключэннем) з гледзішча вырабленага ёю прадукту, свайго роду «кірмашу няўмелых мастакоў», кампраміснага і інтэр’ернага мастацтва; з іншага боку, робяцца выклікам для самой сістэмы – патрабуюць ад яе дадатковых намаганняў, «каб не развалілася гэта ўсё»: сістэма рашае задачку на выжыванне.

Адна з галоўных пагроз у выпадку доўгатэрміновай перспектывы – разрыў кампетэнцый спецыялістаў, перадачы досведу і ведаў. 


У герметычнасць і гарызанталізацыю 

Для незалежнай культуры засталося вельмі мала альтэрнатыў, таму адбылося вяртанне да «стратэгій экспанавання мастацтва, якое было ў савецкі час» – кватэрнікаў і міжсабойчыкаў. Арт-жыццё перайшло ў «рэжым цішыні», зрабілася больш камерным і менш публічным.

«Многія, хто застаецца ў Беларусі, працуюць пад псеўданімамі – не важна, у Беларусі ці ў Еўропе. Гэта прыводзіць да гарызанталізацыі кар’еры, г. зн. твой сацыяльны капітал быццам пачынае губляцца: усё адлюстроўваецца ў рэзюмэ, але не адлюстроўваецца ў кам’юніці, і гэта тым складаней. Часам ты можаш працаваць над адным праектам з чалавекам і не ведаць, што вы сябры, або вы не ведаеце, што вы працуеце над адным праектам».

Самацэнзура і ананімнасць, немагчымасць расказаць пра свае працы вядуць да знікнення дзеячаў культуры з радараў.


Дапамога

У апытанні ПЭН-цэнтру дзеячы культуры з дзяржаўнага і незалежнага сектараў культуры казалі пра наяўнасць як мінімум двух фармальных водападзелаў паміж беларусамі: на лініях «свой – чужы» і «з’ехалі – засталіся».

«Свой – чужы»: падзел ідзе паводле лініі супрацоўніцтва/несупрацоўніцтва з дзяржаўнымі інстытуцыямі. «Вельмі хацелася б, каб развянчаўся міф, што “дзярж” у Мінску цяпер роўнае “сістэме”, дзе засталіся толькі рэжымныя людзі, якія хочуць яшчэ больш знішчыць знутры – і гэтым людзям вельмі патрэбнае паветра цяпер»; «у пратэстах удзельнічалі і графаманы, і геніяльныя аўтары, добрыя аўтары. Таксама пры дзяржаўным рэсурсе сядзяць зараз і добрыя аўтары, і графаманістыя… нельга дзяліць людзей толькі па нейкіх знешніх фактах, а ўсё-такі трэба глядзець на сутнасць гэтых дзеянняў».

«З’ехалі – засталіся». Гульцы з абодвух бакоў падліваюць алею ў агонь, а асноўныя папрокі на адрас тых, хто застаўся ў краіне, – што яны калабарацыяністы і здраднікі і што ўнутры Беларусі нічога не адбываецца, што цяпер усё культурнае жыццё – за межамі Беларусі, «што не з’яўляецца праўдай»: «тут засталося шмат цудоўных людзей, для якіх я раблю тое, што я раблю»; «мы часам сустракаем адно аднаго недзе – людзі культуры, прычым абсалютна розных сфер – і мы здзіўляемся, што мы тут, а потым яшчэ высвятляецца, што ты ці іншы, аказваецца, нешта тут робіць».

Гучалі і такія запыты да супольнасці звонку: расказваць за мяжой пра тое, што «тут ёсць розныя людзі», якія не падтрымліваюць вайну і працягваюць рабіць добрыя важныя праекты; быць голасам тых, хто вымушаны заставацца ў рэжыме маўчання.

Таксама падтрымліваць дыпламатычнае кам’юніці, каб у дзеячаў культуры была магчымасць выязджаць і выстаўляцца за мяжой. Даць магчымасць як мага большай колькасці артыстаў ствараць арт-выказванні за межамі краіны, каб беларускі парадак дня не вымываўся з еўрапейскіх СМІ і каб нейкім чынам пераканструяваць той негатыўны вобраз беларуса, што стварыўся пасля вайны ва Украіне: «гэта важна не столькі для самой арт-супольнасці, колькі для ўсяго грамадства Беларусі ў цэлым». Пры гэтым дазваляць дзеячам культуры захоўваць ананімнасць.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org