Хронікі рэпрэсій. На Гомельшчыне хапун, мінчука схапілі за твіт пра Азаронка
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 13 верасня.
Хапун на Гомельшчыне — затрымана як мінімум 7 чалавек. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць пра зачыстку ў памежных раёнах Беларусі — Брагіне, Хойніках, Камарыне. З сямі затрыманых чацвёра пенсійнага ўзросту. Паведамляецца, што затрыманні адбыліся за падпіскі на «экстрэмісцкія» суполкі ў «Аднакласніках». Сілавікі пагражаюць усім затрыманым адказнасцю паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
У судзе Ленінскага раёна Мінска 17 жніўня асудзілі Вадзіма Мірончыка паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Суддзя Юлія Інчына прызначыла Вадзіму тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Мінчука абвінавацілі ва ўдзеле ў некалькіх пратэсных акцыях у Мінску, выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту. Яго апазналі па фота і відэазапісах, якія той рабіў падчас мітынгаў. Здымкі знайшлі ў тэлефоне Вадзіма падчас затрымання.
У Брэсцкім абласным судзе 12 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Аляксандра Коваля. Яго абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 КК за перасылку відэа з вайсковай тэхнікай ў тэлеграм-бот «Nexta». Запіс знайшлі ў тэлефоне Аляксандра, калі той вяртаўся ў Беларусь. Абвінавачанне запрасіла Аляксандру 2,5 гады калоніі. Прысуд агучаць 14 верасня.
Вярхоўны суд 15
верасня разгледзіць апеляцыйную скаргу палітвязня Мікіты Бруя. Рашэнне будзе
прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Руслана Царука.
Мікіта — 17-гадовы стрыечны праўнук народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа, вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Мікалаеўшчына. Яго затрымалі па справе «Саюза беларускага нацыянальнага шчыта» і абвінавацілі ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК). Суддзя Вікторыя Паляшчук прызначыла хлопцу тры гады выхаваўчай калоніі.
За каментары
затрыманы 28-гадовы Дзмітрый Чарнуха з Барысава. У 2020-м мужчына нібыта пакінуў
амаль 400 каментароў у розных чатах і не выдаляў іх. Цяпер за іх на яго завялі
крымінальную справу.
Сілавікі
затрымалі жыхара Гродна Сяргея Смоката. На відэа хлопца прымусілі сказаць, што
затрымалі яго за распаўсюд «экстрэмісцкай» сімволікі. Таксама ён мае татуіроўкі
«Пагоня» і «ACAB».
Затрымалі Андрэя Гурэўскага за «абразлівы» твіт пра Азаронка. Праўладныя
тэлеграм-каналы паведамляюць, што «дома ў затрыманага знойдзена забароненая
сімволіка, а таксама кніга з абгрунтаваннем ідэі ўваходжання Беларусі ў склад
Польшчы».
Палітзняволеную
Анастасію Петрачэнку, асуджаную за ахвяраванне палку Каліноўскага, перавялі ў
гомельскую калонію. Анастасія пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва
Украіну пераехала з Беларусі ў Польшчу. Знаходзячыся ў суседняй краіне, яна
паспрабавала зрабіць ахвяраванне са свайго беларускага банкаўскага рахунка праз
інтэрнэт-банкінг палку імя Каліноўскага памерам 16,71 даляраў ЗША, аднак
транзакцыя не прайшла.
Пазней палітзняволеная вырашыла вярнуцца ў Беларусь,
дзе была затрыманая. Суд прызначыў дзяўчыне тры гады калоніі.