«Таксіст сказаў, што ў беларусаў святло ў вачах». Эмігрантка — пра пратэсты 2020-га і жыццё ў Грузіі
21-гадовая студэнтка, якая ўцякла з Беларусі, распавядае пра пагромы ва ўніверсітэце, пра жыццё ў Грузіі і пра галоўнае пытанне свайго пакалення: у якую краіну беларусы хочуць вярнуцца?
На інтэрв'ю яна пагадзілася не адразу — далікатная, з вялікімі вачыма, з русымі валасамі, адно ў адно прыгажуня са скрынкі цукерак Мінскай кандытарскай фабрыкі, піша грузінскае выданне newsgeorgia.ge. Аўтарка палічыла яе «смяшлівай» («Я не палітык, я хіба падыходжу?»), захопленай мастацтвам («А дзе можна тэрмінова знайсці флейту, для інсталяцыі?») і нават бесклапотнай («Сябры ў Батумі праездам на два дні, давайце ўсе туды паедзем!»). І раптам высветлілася, што насамрэч яна — сур'ёзная і асцярожная: «Я не магу называць імёны, іх пасадзяць, дакладна пасадзяць, разумееш?».
Размаўляць беларуская эмігрантка пагадзілася толькі на ўмовах ананімнасці.
— Як мы цябе назавём, якое ў цябе любімае імя?
— Хай будзе Аліса. Гэта невыпадкова. Пасля пачатку пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе з'явіўся постар, на якім Лукашэнка бяжыць, як быццам па краіне цудаў. У маім жыцці было так шмат дзіўнага апошнім часам, што я парою так сябе і адчуваю — Алісай у «краіне цудаў» Лукашэнкі.
— Ты таксама ўдзельнічала ў масавых пратэстах у 2020 годзе, супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Як гэта было?
— У пачатку жніўня ва ўсіх паляўнічых канфіскавалі стрэльбы. Вось у майго бацькі таксама забралі. Улады вельмі баяліся збройнага чыну. З 9 жніўня, пасля выбараў, пратэсты ўжо ахапілі ўсю краіну.
Людзі выходзілі, бо верылі, чакалі перамен. На пратэстах былі максімум кактэйлі Молатава і камяні. Мы наіўна чакалі, што Захад зробіць нешта, што нейкія перамовы правядуць ці нават умяшаюцца. Хацелася, каб прыйшлі нейкія вайскоўцы і сказалі Лукашэнку: «Ну хопіць, сыходзь!».
Але, вядома, мы хутка ўсвядомілі, што ўсё трэба рабіць самім. І ўсе сталі выходзіць, усе мітынгавалі, усе лічылі гэта сваім абавязкам.
— Усе — гэта хто?
— Я са жніўня мітынгавала ў абласным горадзе. Па выхадных у многіх гарадах праходзіў жаночы марш: сотні жанчын апраналіся ў белае, бралі ў рукі белыя і чырвоныя кветкі, як «бел-чырвона-белы сцяг» — нацыянальны сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты сцяг быў дзяржаўным у Беларусі пасля распаду СССР, да 1995 года. А цяпер, калі сцяг стаў сімвалам пратэстаў, Лукашэнка яго забараніў, абвясціў нацысцкім.
На пратэсты выходзілі сем'ямі, з дзецьмі, выходзілі старыя, студэнты. Былі маршы бабуль: пажылыя жанчыны, якія ледзь хадзілі. І іх затрымлівалі і збівалі. Таму калі я кажу — усе, я маю на ўвазе большую частку грамадства.
На выбарах я сама была не за Ціханоўскага, а за Бабарыку. Калі ўзначальваць пратэсны рух стала Святлана Ціханоўская — жонка аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты (пасля адмовы яму ў рэгістрацыі), гэта было дзіўна. Але людзі паверылі Ціханоўскай, і я падумала, што, магчыма, так і трэба. Спачатку ніхто не адчуваў небяспекі. Не чакаў, што ў ізалятары на Акрэсціна ў Мінску будуць збіцці і забойствы. Мы, моладзь, думалі: пакатаемся ў аўтазаку, усіх жа не пасадзяць.
У нас у школе быў добры выкладчык гісторыі. Ён распавядаў нам пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-1919 гадах, пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Некаторыя хлопцы вельмі зацікавіліся. Настаўнік адразу папярэдзіў, што праз гэта ў іх могуць быць праблемы.
У 2020 годзе ўсё гэта абвастрылася, таму што маладыя беларусы ўбачылі згуртаванасць народа. Калі 400 тысяч чалавек выходзяць на вуліцы і ў іх адна ідэя — паспрабаваць, нарэшце, якая гэтая свабода на смак, тады адчуваеш, што трэба пачынаць біцца, нельга проста стаяць.
Мяне таксама не раз затрымлівалі. Мне тады было 19 гадоў, з майго ўніверсітэта ў Мінску мяне адлічылі, як і многіх іншых — за ўдзел у пратэстах. Але я і сама ўжо не хацела вучыцца ў такой ВНУ.
— Калі ты вырашыла, што больш не будзеш хадзіць ва ўніверсітэт?
— Пасля аблавы. У кастрычніку я ўжо разумела, што адлічуся, але прыйшла ва ўніверсітэт, пасядзець на парах, убачыцца з аднакурснікамі. Звычайна ў нас не пыталі пропуск, але тут запатрабавалі. На прахадной стаяла шарэнга міліцыянтаў. Я спытала ў вахцёра: «А для чаго гэта?» Ён адказаў: «Для вашай жа бяспекі, каб ніхто тут мітынгаў не ладзіў».
Я зайшла і бачу, што студэнты ў холе спяваюць «Магутны Божа» — гэта беларускі рэлігійны гімн, цяпер Лукашэнка і яго забараніў. Я стала спяваць з усімі разам. Памятаю адчуванне, што спявалі мы проста для сябе, каб адчуць згуртаванасць.
Пакуль мы спявалі «Зрабі магутнай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ!», да галоўнага ўвахода пад'ехаў аўтазак. Вахцёр адчыніў ім дзверы. Амапаўцы сталі хапаць студэнтаў, не разбіраючы, усіх запар — дзяўчат, дзецюкоў. Многіх білі галавой аб батарэю. Майго сябра ўпіхнулі ў аўтазак нагамі наперад. Мяне таксама схапілі. Нас было не менш за 70 чалавек, усіх забілі ў два аўтазакі і адвезлі ў аддзяленне. Па дарозе нас абзывалі гнідамі, мразямі, казалі, што мы не маем права дрэнна ставіцца да дзяржавы, якая нас вучыць.
Мне вельмі пашанцавала: пра аблаву даведалася мая сястра, муж якой тады працаваў у органах. Мяне і некалькіх маіх сяброў выпусцілі. Але такіх, каго «адмазалі», было вельмі няшмат. У астатніх былі суды і размеркаванне па розных турмах і ізалятарах. За тое, што студэнты спявалі, іх пасадзілі ў сапраўдную турму.
Да затрыманых не пускалі ні адвакатаў, ні бацькоў. Трымалі кагосьці тыдзень, кагосьці два, кагосьці тры. І было незразумела, ці жывыя яны і дзе знаходзяцца. Нельга было проста патэлефанаваць у МУС і даведацца — толькі неафіцыйна, праз знаёмых.
— Як ты для сябе называеш гэтыя падзеі?
— Не ведаю нават, я наогул стараюся пра гэта не думаць. Для мяне гэта было пекла.
Калі АМАП уварваўся ва ўнівер і студэнтаў сталі вывалакваць, я памятаю, што падышоў дэкан. Ён нічога не рабіў, проста глядзеў на гадзіннік, тыпу, колькі гэта яшчэ будзе працягвацца... Тады я зразумела, што вучыцца там больш не буду. Некаторыя выкладчыкі паказвалі студэнтам сярэднія пальцы, казалі, што мы дурні, што не ведаем, у што ўвязаліся, пыталіся, колькі нам заплацілі. Хоць я ведаю, што былі і такія выкладчыкі, якія падтрымлівалі студэнтаў, яны казалі, што мы — будучыня, і правільна робім, што змагаемся. Што стала з тымі лектарамі, хто быў на нашым баку, я ўжо не ведаю.
— Ты прыехала ў Грузію ў 2022 годзе, пасля пачатку вайны ва Украіне…
— Пасля таго, што здарылася ў Беларусі ў 2020 годзе, я вырашыла «адседзецца» ў Маскве. Расія мне тады здавалася ментальна бліжэйшай. Я была яшчэ зусім дзіцем, і наогул ніколі не была за мяжой. Мне прапаноўвалі вучыцца ў Варшаве, але я не захацела ехаць у Польшчу.
У мяне было нейкае абурэнне, можа быць, крыўда на Захад. Я не магла спадзявацца на дапамогу бацькоў падчас вучобы, і гэта таксама было адной з прычын.
Калі пачалася вайна ва Украіне ... Я нават не ведаю, якія словы падабраць. Сказаць варварства — мала, хутчэй, генацыд. Заставацца ў Расіі я ўжо не змагла.
Грузія была самым простым варыянтам для рэлакацыі, сюды ехалі многія мае сябры, для мяне гэта было важна. Я ж прыехала ў Тбілісі з 50 еўра ў кішэні, калі б не сябры, то не ведаю, як бы я выжыла. Рэлаканты часта збіраюцца ў камуны, здымаюць вялікія кватэры, каб менш плаціць за жыллё, і неяк маральна падтрымліваць адзін аднаго.
Беларусаў у Грузіі шмат. Не трэба думаць, што ўсе яны айцішнікі, у якіх усё ў парадку з фінансамі. Мае знаёмыя, у асноўным — відэографы, мастакі, фатографы. Не ўсе змаглі знайсці нармальную працу, ёсць і вельмі сумныя гісторыі. Мне здаецца, да беларусаў у цэлым у Тбілісі ставяцца нядрэнна. Лічыцца, што мы «добрыя», але «неяк занадта сябруем з рускімі». Мяне часта пыталіся, чаму я не дома, чаму там не адстойваю свой пункт гледжання.
— І хто такое пытаецца?
— Тбіліскія таксісты! Гэта смешна. Яны ўсё ведаюць: і як бізнес адкрыць, і як пратэставаць…
Неяк раз я села ў таксі, і кіроўца спытаў: ты што, беларуска? Я кажу: так, а як зразумеў? Ён сказаў, што ў беларусаў «нейкае святло ў вачах». Я тады смяялася, а потым падумала, што так і ёсць. Мне здаецца, што ўсе беларусы вераць, што вернуцца на радзіму і адбудуюць там усё, што было разбурана.
— І чым усё ж такі беларускія эмігранты адрозніваюцца ад іншых?
— У беларусаў няма прэтэнзій ні да каго. І яшчэ мы ні ад каго нічога не чакаем. Мяне маглі на вуліцы абазваць «рускай шлюхай» і сказаць: «Вяртайся ў сваю Маскву!». Я не апраўдваю гэтых людзей, але разумею, што яны не абавязаны ва ўсім разбірацца. Ці вось, калі мы ў 2020 годзе не атрымалі падтрымку ад Захаду. Мы не скардзімся, хоць крыўда на Захад ёсць.
— А чым ты цяпер займаешся?
— У Беларусі я захаплялася дэкорам і рабіла розныя авангардныя ўпрыгожанні. Калі я пераехала, мне стала не да гэтага. Спачатку я некалькі месяцаў прапрацавала ў бары. Там выпадкова моцна пашкодзіла руку, загрымела ў бальніцу. Быў перыяд вельмі цёмны і страшны, калі ў мяне наогул не было працы. Я ўжо думала, можа, лягчэй вярнуцца дадому і ў турме пасядзець? Але потым мне пашанцавала, я трапіла ў маркетынгавую кампанію, і цяпер цалкам задаволеная.
— Як плануеш жыць далей?
— Я да канца не разумею. Ёсць толькі моцнае жаданне вярнуцца дадому. Ніхто не можа сфармуляваць, што значыць «дадому», у асноўным гэта гучыць як «свабодная Беларусь». Мы наогул рэдка гаворым на гэтую тэму, баімся зазіраць у будучыню. Асабліва моладзь. Мы проста спрабуем выжыць у эміграцыі. Вярнуцца дадому і не трапіць у турму — гэтага ўжо будзе дастаткова, каб пачаць разграбаць усё дзярмо, якое там сабралася.
Я часта плачу. Мне крыўдна, што ў мяне няма магчымасці жыць у сваёй краіне, побач з сям'ёй. Я нядаўна ехала ў госці, і перад намі праязджаў вясельны картэж. Бачу, што там жаніх і нявеста, з імі мама, бабуля, сват-брат, усе весяляцца. І я падумала, што вось гэтая дзяўчына — нявеста, яна можа прыйсці да сваякоў, пагаварыць, паскардзіцца або расказаць нешта добрае. А ў мяне такой магчымасці няма, мяне пазбавілі сям'і. Я ўжо два гады са сваякамі нават не стэлефаноўваюся, гэта небяспечна для іх.
— А на што вы спадзяецеся?
— Гэта добрае пытанне. Мы ўсе хочам вярнуцца. І проста па-чалавечы жыць дома, у Беларусі. Але мне здаецца, толькі прыбраць Лукашэнку для гэтага мала. Там ва ўрадзе яшчэ шмат людзей, якія хочуць быць з Расіяй.
У мяне ёсць адчуванне, што беларусы самі не ведаюць, чаго хочуць. Мне ўсё часцей здаецца, што маюць рацыю тыя, хто кажа: «Кожны народ мае кіраўніка, якога заслугоўвае».
Вось беларусы хочуць, каб іх проста пакінулі ў спакоі, не чапалі.
Мы заўсёды былі транзітнай зонай, і практычна ніколі не былі асобнай дзяржавай — мы былі то з Польшчай, то з Расіяй, то ў саўку. Цяпер хочацца проста замацаваць свае межы, і каб быў пісьменны ўрад, які будзе падтрымліваць стасункі і з Захадам, і з Расіяй. Хоць я разумею, што гэта, напэўна, утопія.
У Беларусі мы не лічым, як, напрыклад, у Грузіі, што нам абавязкова трэба ў Еўрасаюз. Але і ў Саюзную дзяржаву з Расіяй мы таксама не хочам.
А Лукашэнка стаў ужо занадта прыціскацца да Расіі. Ну, дапусцім, гэта суседняя дзяржава і з ёй трэба сябраваць, гэта можна зразумець. Але калі адбіраюць літаратуру на беларускай мове... Быў выпадак, калі АМАП уварваўся ў нейкую кнігарню, разбіў вітрыну і вывез кнігі.
Мне часам здаецца, што Беларусі як краіны — няма. У нас амаль усе размаўляюць па-руску. Ніхто не ведае гісторыю Беларусі. І ўсё гэта адбываецца ўжо даўно. У 1995 годзе, пасля замены бел-чырвона-белага сцяга на савецкі сцяг «кроў і зеляніна», пачалася асіміляцыя з Расіяй, вельмі шчыльная. Дайшло да таго, што Беларусь неўзабаве павінна была стаць часткай Расіі, Саюзнай дзяржавай. І мы дакладна гэтага не хочам. Мы хочам заставацца Рэспублікай Беларусь.
— А чаму ты не думаеш, што будучыня Беларусі — у Еўропе?
— Не ведаю. Нас ніколі ніхто не заклікаў ісці ў Еўропу, стаць часткай ЕС. Да 2022 года беларусам было даволі проста аформіць візы і дазвол на працу ў Еўропе. Можна было ездзіць, зарабляць, рабіць пакупкі. Таму асабліва не задумваліся над інтэграцыяй, яна неяк адбывалася сама сабой.
Маладыя беларусы тысячамі з'язджалі ў суседнюю Польшчу, добрыя спецыялісты ездзілі на працу і ў іншыя краіны ЕС. Але старэйшае пакаленне лічыць, што Еўропа — гэта зло. Вось у мяне бацька, былы вайсковец, яму 70 гадоў, ён Захад ненавідзіць. Але пры гэтым кажа, што мне прамая дарога на Захад, таму што там больш магчымасцей.
І, вядома, мы не думалі, што Лукашэнка стане крывавым дыктатарам. Людзі спакойна гадамі за яго галасавалі. А потым не захацелі. Але аказалася, што так лёгка яго не змяніць. А цяпер, пасля таго, што адбылося, ты думаеш, што трэба было ісці ў Еўрасаюз, а не ў Расію, дзе прэзідэнт таксама не пераабіраецца?
Ну, цяпер я гэта разумею, але ў 2020 годзе ніхто не думаў, што менавіта ў гэтым быў недагляд. І наогул, як нам цяпер гэта дапаможа?
— А што цяпер адбываецца з пашпартамі? Лукашэнка нядаўна забараніў выдаваць новыя пашпарты тым грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой…
— Так, каб падоўжыць або атрымаць новы пашпарт, грамадзяніну Беларусі цяпер трэба вярнуцца дадому.
Мой замежны пашпарт сапраўдны яшчэ некалькі гадоў. Але ў мяне ёсць сябры, якія спадзяваліся падоўжыць свае пашпарты дыстанцыйна. Ім ужо патэлефанавалі і сказалі, што ўсё, нават не думайце, запісы ў пасольствах адмяняюцца, вяртайцеся ў Беларусь. А там іх пасадзяць. І ўсе мы ад гэтага проста ў жаху.
У самой Беларусі чарга на замену пашпарта — ад паўгода да года. За гэты час на чалавека можна «накапаць» так шмат усяго, што ўжо не выедзеш. Наколькі я ведаю, за апошнія два гады толькі ў краіны Еўрасаюза з'ехалі каля 170 тысяч беларусаў. А яшчэ ёсць ЗША, Грузія, Турцыя, Арменія, шмат іншых краін, там лічбы не меншыя.
Беларусь — невялікая краіна, усяго каля 9 мільёнаў. І хваля эміграцыі яшчэ дакладна не скончылася, яшчэ ёсць тыя, хто пабяжыць.
Цяпер вельмі шмат такіх людзей, каму нельга вяртацца ў Беларусь, і ў іх толькі адна надзея — на Ціханоўскую, якая спрабуе зрабіць альтэрнатыўныя пашпарты для беларусаў, збіраецца паставіць гэтае пытанне ў ААН. Я ведаю, што яна вядзе перамовы, тлумачыць, што беларусы не падтрымліваюць вайну, асабліва тыя, хто з'ехаў. Ціханоўская цяпер — твар апазіцыйных беларусаў.
— А калі Лукашэнка заўтра абвесціць аб далучэнні да Расіі?
— Я думаю, што мы проста сядзем і скажам: ну ўсё, у нас больш няма дома.
— А ты не захочаш вярнуцца? Можа, тады амністыю абвесцяць?
— Гэта будзе ўжо не мой дом. Я хачу жыць пад беларускім сцягам, размаўляць па-беларуску і выхоўваць так сваіх дзяцей. Я вельмі спадзяюся, што ўкраінцы перамогуць, хоць павінна прайсці шмат часу, каб адносіны паміж нашымі краінамі аднавіліся.
Цяпер шмат хто ва Украіне пакрыўджаны на беларусаў. За тое, што расійскую ядзерную зброю прывезлі на нашу тэрыторыю, за тое, што ад нас ва Украіну ўводзілі ваенную тэхніку. Але я дакладна ведаю, што самі беларусы ва Украіне ваяваць не будуць. У мяне ёсць сябры, якія служаць у войску. Яны кажуць, што ніхто не збіраецца штабелямі класціся за Расію. У войска забіраюць, так скажам, не самых ідэйных хлопцаў. Але калі Лукашэнка аддасць загад ісці ва Украіну, то ў войску пачнецца мяцеж.
Мы цяпер на Украіну спадзяемся, верым у яе перамогу. І
хоць я сумняваюся, што ўкраінцы будуць ваяваць за вызваленне Беларусі ад
Лукашэнкі, была б гэтаму толькі рада.