Коўшык: Людзі, якія знаходзяцца на баку рэжыму, разумеюць, што яны не маюць будучыні

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык — пра перамовы дзеля змен у краіне і досвед вымушанай эміграцыі беларусаў.

Фота АПК

Фота АПК

— Мы разумеем, што ёсць некалькі сцэнароў змены ўлады ў Беларусі. Але мне асабліва хацелася б спадзявацца, што гэта адбудзецца мірным шляхам, шляхам перамоў. Такія рэчы магчымыя. Так адбылося, напрыклад, у Польшчы. І я пераканана, што пры пэўных умовах гэта магчыма і ў Беларусі, — цытуе адказ Аліны Коўшык на пытанне, якой яна бачыць вызваленне Беларусі, «Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Еўрарадыё». —

Калі б быў круглы стол, за якім можна спрабаваць дамовіцца пра тое, як далей будзе існаваць наша дзяржава, гэта было б найлепшым вынікам для ўсіх нас. Але, канешне, ёсць адна важная перадумова: бокам гэтых перамоў не можа з’яўляцца Аляксандр Лукашэнка.

Гэта будуць тыя людзі, якія зараз знаходзяцца на баку рэжыму. Наіўна было б казаць, што нам не трэба будзе з імі працаваць, вырашаць пэўныя пытанні. Але рабіць гэта трэба будзе асцярожна, захоўваючы нашы ідэалы і важныя рэчы для беларусаў, якія хочуць змяніць краіну.

У выніку, калі Лукашэнкі не будзе, прадстаўніца АПК лічыць, што трэба будзе дзейнічаць вельмі хутка, імкліва і рашуча.

— Безумоўна, мы разумеем, што трэба будзе вельмі хутка вяртацца, бо з-за мяжы гэтай змены зрабіць немагчыма. Таксама мы разумеем, што актывізавацца будзе і Расія — тыя сілы, якія ў Беларусі падсілкоўваюцца расійскім рублём, спецслужбамі і г.д. Таму трэба будзе вяртацца і вырашаць праблемы.

Людзі, якія зараз знаходзяцца на баку рэжыму, таксама выдатна аналізуюць сітуацыю і разумеюць, што іх справа зараз вельмі цяжкая: фактычна, яны не маюць будучыні, падтрымліваючы дыктатара Лукашэнку і агрэсара Пуціна.


Глядзіце таксама

Коўшык таксама лічыць, што цяжкі досвед вымушанай эміграцыі беларусаў павінен спрацаваць у плюс.

— Нас перамясцілі ў зусім іншыя ўмовы: функцыянавання дзяржавы, адукацыі, сістэмы здароўя, мясцовых улад, урада. Калі я пайшла з маімі бацькамі тут (у Польшчы) прапісацца, маці не магла паверыць, што цягам 15 хвілін усё было зроблена. Што можна купіць квіток на цягнік, не выходзячы з дома ды яшчэ выбраць месца, якое табе падабаецца. Ёсць вельмі шмат рашэнняў, якім мы зараз можам вучыцца. Гэта сапраўды змяняе парадыгму нашага мыслення, пашырае рамкі.

Бо калі ты жывеш у сістэме страху… А тут ты раптам разумееш, што свет бязмежны, магчымасці бязмежныя, і толькі ад цябе залежыць, як ты іх скарыстаеш. Я думаю, што гэта велізарны ўрок, які нас узмацніць як нацыю.