Фрустрацыя ябацек. Пра што нам кажуць частыя сваркі ў шэрагах праўладных актывістаў

Славутыя бульбасрачы маюць месца не толькі сярод апанентаў Лукашэнкі. Апошнім часам яны сталі частай з’явай і ў шэрагах адэптаў рэжыму. Выглядае, што прырода сварак у абодвух лагерах прыкладна аднолькавая.

Ілюстрацыйная выява. Акцыя за Лукашэнку 31.10.2020. Фота Аляксандра Зяньковіча

Ілюстрацыйная выява. Акцыя за Лукашэнку 31.10.2020. Фота Аляксандра Зяньковіча

Напрыканцы жніўня намесніца старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца накінулася на прапагандыста Рыгора Азаронка. Яе абурыў чарговы выступ гарадскога вар’ята на ТБ, у якім той надта шкадаваў, што на сучасную беларускую інтэлігенцыю няма Берыі і Сталіна. «Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай», — напісала Вараніца. Дадаўшы, што не можа не думаць сваіх дзецях і ўнуках, якім «жыць у Беларусі і далей».

«Бондараўшчына» — гэта адсылка да адыёзнай «інфаказачкі» Вольгі Бондаравай, сястры па розуме Азаронка, апантанай прыхільніцы «рускага свету», якая заклікае «калёным жалезам» выпальваць любое іншадумства ў краіне. Гэтая ўвогуле нападае на ўсіх лукашэнкаўцаў, якія, паводле яе меркавання, недастаткова прарасійскія. Нападае, абвінавачваючы ў нацызме, на дэпутата Ігара Марзалюка, на міністра адукацыі Андрэя Іванца, на гродзенскага «губернатара» Уладзіміра Караніка, на асобных прапагандыстаў.

Тыя, вядома, супрацьдзейнічаюць, спрабуючы паставіць апантаную скандалістку на месца, але ў іх мала што атрымліваецца.

Глядзіце таксама

На мінулым тыдні праўладная мастачка Святлана Жыгімонт — тая самая, што малюе на сваіх карцінах ненавісных «змагароў» і партрэтуе любімага Лукашэнку — паскардзілася, што яе ігнаруюць дзяржаўныя медыя, што не праводзяцца яе выставы, што гуманітарнай сферай у Беларусі кіруюць прыхаваныя «бэчэбэшнікі».

Сваркі сярод прыхільнікаў рэжыму ўжо настолькі відавочныя, што адмысловым выступам на гэты конт давялося адзначыцца кіраўніку кішэннай партыі «Белая Русь» Алегу Раманаву. «Хачу заявіць, што ніякага расколу ў нашых арганізацыях няма. Шэрагі патрыётаў адзіныя і маналітныя», — паспрабаваў супакоіць «чырвона-зялёнае» грамадства праўладны функцыянер, але яму ніхто не паверыў.

Нельга не заўважыць, што спрэчкі ябацек множацца на фоне працяглых «бульбасрачаў» у лагеры праціўнікаў лукашэнкаўскага рэжыму. Тут усё знаёма. Апалагеты Зянона Пазняка шэльмуюць Святлану Ціханоўскую і таўруюць усіх «агентурай». У тую ж дуду дзьме Валерый Цапкала з паплечнікамі. Палітычныя эмігранты сварацца з тымі, хто застаецца ў Беларусі. Тыя, хто застаецца, — з эмігрантамі. Пастаянныя халівары наконт шляхоў вызвалення палітвязняў. Перманентныя дэбаты наконт санкцый. Пасварыліся паміж сабой былыя сілавікі з «Байпола». Штаб палка Каліноўскага не спыняе канфрантацыйнага стаўлення да апазіцыйных палітыкаў. Ледзь якое непаразуменне ў дэмакратычных асяродках — адразу вэрхал і ўзаемныя абвінавачанні.

Глядзіце таксама

Эксперты слушна лічаць, што гэта цалкам натуральны працэс. Беларусы, якія пратэставалі ў 2020-м, актыўнічалі, рызыкуючы свабодай і ўласнай будучыняй, зараз перажываюць працэс балючай фрустрацыі. Лукашэнка ўтрымаўся ва ўладзе, краіна закатаная ў асфальт, рэжым удзельнічае ў расійскай агрэсіі ва Украіне. Паламаныя лёсы, страчаныя жыцці, дзяржаўны тэрор. Мара аб дэмакратыі, якая здавалася такой блізкай тры гады таму, не збываецца — і ва ўмовах сённяшняга таталітарызму свет у канцы тунэля неяк не праглядаецца.

Занадта адмоўных эмоцый, і іх трэба некуды выплюхнуць. Канфліктагеннасць павялічваецца і дасягае крытычных значэнняў. І калі рэжым сёння выглядае недасяжным і няўразлівым, то злосць зручна зрываць на сваіх, з кім ёсць разыходжанні па некаторых пунктах.

Наколькі адзінымі былі беларусы ў 2020-м, калі водар блізкай перамогі лунаў у паветры, настолькі яны адасобленыя цяпер, калі дыктатура не абрынулася і зацята помсціць.

Тут усё зразумела — але чаго тады сварацца ябацькі? Яны ж перамаглі, небяспека мінула, у іх усё добра. Іх кумір застаецца на Алімпе, ніхто і нічога не перашкаджае маліцца на яго і надалей. Яны мусяць яднацца на хвалі эйфарыі, як ядналіся іх супернікі ў 2020 годзе.

Нічога такога не адбываецца. То чаму? Выкажам здагадку, што гэта таксама фрустрацыя. Хай і іншага кшталту, але той жа прыроды, што і ў апанентаў рэжыму.

Праз тры гады пасля сфальсіфікаваных выбараў у шмат якіх лукашэнкаўцаў прайшоў пераможны імпэт. Настаў час асэнсавання і ацэнак. І выявілася, што перамога калі і дасягнута, то яна — пірава.

Выдаткі аказаліся празмернымі. Санкцыі — і эканамічная рэцэсія. Вайна — і статус суагрэсараў. Рэпрэсіі — і масавая, шматтысячная эміграцыя. Нават калі ты непапраўны ябацька, у цябе абавязкова ёсць знаёмыя, які з’ехалі за мяжу. І гэта тлумачыць маштаб таго «вялікага сыходу», які назіраецца ў Беларусі.

Канчатковай мэтай свайго змагання лукашэнкаўцы бачылі вяртанне краіны ў стан 2019 года — з больш-менш бесклапотным жыццём, з прагназаваным заўтрашнім днём, з параўнальнай згодай у грамадстве. З той дыктатурай, якая не падабалася мільёнам беларусаў, але ў якой неяк можна было жыць і ўжывацца людзям з рознымі поглядамі.

Але ў 2019 год вярнуцца не атрымалася, атрымалася — толькі ў 1937-мы. З вынішчэннем любой альтэрнатыўнай думкі. Са штодзённымі затрыманнямі-катаваннямі, судамі і прысудамі. З неабходнасцю пастаянна дэманстраваць лаяльнасць, адданасць і добранадзейнасць. З татальнай мілітарызацыяй, з пячорнай прапагандай, з фактычна ўжо існуючай жалезнай заслонай.

Глядзіце таксама

Але тое было б яшчэ паўбяды, калі б не галоўнае — цалкам незразумелыя перспектывы.

Калі сумуе беларус, які супраць рэжыму, то гэтая фрустрацыя — пра страчаны шанец, пра складанае жыццё ў эміграцыі альбо рызыку пераследу ўнутры краіны, пра Беларусь, якая пераўтварылася ў канцлагер. Гэта цяжкае пачуццё, але недзе побач з гэтай скрухай ёсць і надзея. На тое, што 2020 год дарма не прайшоў, што ў гістарычным сэнсе рэжым Лукашэнкі асуджаны на паразу, што сам Лукашэнка ўжо стары і не вечны — як і Пуцін, чыя армія прайграе вайну ва Украіне. Што хай не заўтра, але праз гады дыктатура абрынецца, бо большасці насельніцтва яна проста надакучыла. Кола гісторыі кіруецца ў гэты бок — так, марудна, але незваротна.

Калі сумуе ябацька, то гэтая фрустрацыя — найперш таксама пра будучыню. Якой няма ў твайго ідала — і, значыць, у цябе самога. Калі ты чыніў злачынствы, то давядзецца адказваць перад законам. Калі не чыніў — перад людзьмі. Правадыр сапраўды не вечны, то што будзе пасля яго? Гэтае пытанне не можа не мучыць адэптаў дыктатуры, бо ніхто з іх не ведае, як захаваць лукашызм пасля Лукашэнкі. Асабліва калі да таго моманту нешта здарыцца і з пуцінізмам па той бок усходняй мяжы.

Дурні кшталту Азаронка на гэты конт не рэфлексуюць, у іх няма адпаведнай здольнасці. Лукашэнкаўцы больш складанай зборкі прыгнечаныя такімі развагамі, і нездарма Вараніца з Гродна кажа не толькі пра сябе, а і пра сваіх дзяцей і ўнукаў, якім «жыць у Беларусі і далей». Кажа пра будучыню, якая абсалютна нявызначаная.

Глядзіце таксама

Папулярная паліталагічная тэза пра адсутнасць у рэжыму пазітыўнага парадку дня знаходзіць сваё адлюстраванне ў паводзінах сведкаў «секты стабільнасці». Яны перамаглі, але шчасця ім гэта не прынесла. Усведамляць гэты факт вельмі цяжка, так і цягне пашукаць вінаватых ва ўласных шэрагах.