Улады «абламалі» «інфаказачніцу» Бондараву, якая патрабавала закрыць аграсядзібу «Літоўка»

Навагрудскі РАУС і Навагрудскі райвыканкам праверылі працу аграсядзібы «Літоўка». Яны адказалі адыёзнай лукашэнкаўскай актывістцы Вользе Бондаравай і яе паслядоўнікам на шэраг калектыўных зваротаў. Закрываць сядзібу не сталі, але змянілі тэкст экскурсіі, размясцілі інфармацыйныя таблічкі і «апранулі» скульптуру. А дзецям забаранілі ўваход на некаторыя аб’екты, піша Hrodna.life.

ag_1.webp

Навагрудскі РАУС не знайшоў складу правапарушэння ў дзеяннях кіраўнікоў «Літоўкі». Што тычыцца нібыта негатыўнага ўздзеяння на дзяцей, рашэнне наведаць «Літоўку» прымаецца бацькамі, якія нясуць юрыдычную адказнасць за іх выхаванне. Цяпер на ўваходзе ёсць інфармацыя, што трапіць на тэрыторыю сядзібы непаўналетнія могуць толькі з дазволу бацькоў.

Міліцыя таксама адказала наконт «прапаганды ЛГБТ»: за гэта ў Беларусі пакуль не прадугледжана адказнасць.

Таксама актывісты звярталіся ў Гродзенскі аблвыканкам і Навагрудскі райвыканкам. Улады выехалі на месца. Пасля іх візіту «з мэтай недапушчэння няслушнага разумення турыстамі сэнсу асобных аб’ектаў» усталявалі таблічкі аб тым, што афармленне сядзібы створана выключна для забаўляльных мэт і не мае на мэце абразы існуючых рэлігій, пачуццяў вернікаў, маральных асноў грамадства, прапаганды жорсткасці і гвалту«. Азнаямленчыя экскурсіі адкарэктавалі.

На некаторыя аб’екты ўваход непаўналетнім цяпер забаронены, у прыватнасці, у «Пякельную спальню». На скульптуру жанчыны надзелі вопратку.


Глядзіце таксама

У чым прэтэнзія?

Вольга Бондарава напісала пракурору Гродзенскай вобласці Аляксандру Жукаву ў жніўні. Яна прасіла закрыць сядзібу «Літоўка» ў Навагрудскім раёне і праверыць яе дзейнасць на адпаведнасць беларускаму закону. «Вінаватых» прасіла прыцягнуць да адказнасці. Галоўнымі прэтэнзіямі Вольгі былі: праца, неадпаведная дазволу, экспанаты «асацыяльнага і парнаграфічнага характару, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці», скажэнне Бібліі і разбэшчванне непаўналетніх.

Што такое «Літоўка»?

«Літоўка» — гэта «скандальная» фэнтэзі-сядзіба ў Навагрудскім раёне, якую адкрыў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль. Там ёсць сімвалы розных культур і рэлігій. Стваральнік сядзібы Сяргей Коваль скончыў жыццё самагубствам у 2019 годзе. Цяпер сядзібай кіруе дачка Сяргея.