«Гэта паталагічная форма агрэсіі». Як часта беларусы даносяць адно на аднаго
У аснове даносаў ляжыць агрэсія. Вязні праз даносы атрымліваюць лепшую працу, заробак, не сядзяць у штрафным ізалятары. На волі людзі «здаюць» адзін аднаго, бо не ўмеюць канструктыўна выказваць агрэсію. І ў турме, і на волі даносы адбываюцца ці не штодня, адзначае «Свабода».
У 2021 годзе беларусы былі шакаваныя тысячамі даносаў на
пратэстоўцаў, якія апублікавалі «Кібэрпартызаны». Сёньня тэлеграм-каналы,
блізкія да сілавікоў, амаль штодня публікуюць зьвесткі пра затрыманых людзей з
допісам, што іх «здалі» «неабыякавыя грамадзяне». У канцы жніўня журналістку
Ларысу Шчыракову асудзілі на 3,5 гады калёніі. Вядома, што галоўнай даносчыцай
у ейнай справе стала мэдсястра з Гомля Жанна Пікоўская, якая ўціралася ў давер
да людзей, а потым «здавала» іх міліцыянтам. Мазыранін Юры Комар правакуе
суразмоўцаў у чат-рулетцы на палітычныя размовы, а потым даносіць на іх
сілавікам. Зь ягонай падачы затрымалі ўжо некалькі чалавек.
«Я быў у шоку, што ніхто гэтага не хавае»
Былы палітвязень блогер Аляксандар Кабанаў расказаў, што толькі аднойчы за кратамі сутыкнуўся з чалавекам, які сеў за тое, што на яго данесьлі. Ён сустрэў маладога чалавека падчас этапу ў калёнію. Той прызнаўся, што яго пасадзілі праз год пасьля пратэстаў. Калі ягонага прыяцеля затрымалі, той здаў усіх датычных. Для хлопца арышт стаў нечаканым.
Часьцей Кабанаў сустракаўся з даносчыкамі ў калёніях. Ён быў зьдзіўлены, наколькі распаўсюджаная гэтая практыка.
«Даносамі займаюцца людзі, у якіх няма перадач, пасылак, у іх даволі вялікія тэрміны. Ім робяць прапанову: ты будзеш знаходзіцца ў нармальным месцы па працы, дзе ты ня будзеш стамляцца, але нам трэба, каб ты расказваў, што адбываецца», — расказвае суразмоўца.
Такіх даносчыкаў у калёніі называюць «актывісты». Яны займаюць добрыя пасады, напрыклад, днявальных, працуюць у санчастцы, клюбе. Яны маюць досыць высокі заробак. Кабанаў мяркуе, што галоўная прычына, чаму людзі даносяць, — гэта выгада. Дазволяць перадачы, ня будуць саджаць у штрафны ізалятар, могуць раней выпусьціць па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні або па амністыі.
Паводле блёгера, у калёніі многія ведаюць «стукачоў», перадаюць гэтую інфармацыю навічкам. Многія даносчыкі не хаваюць таго, што яны пішуць рапарты на іншых вязьняў, могуць нават гэтым пагражаць, шантажаваць.
Асобная роля ў людзей, якія «раскручваюць» новых вязьняў у калёніі на шчырыя размовы, каб можна было завесьці на іх новую крымінальную справу.
Некаторых даносчыкаў потым чакаюць на волі тыя, каго яны пакрыўдзілі за кратамі.
«Ім шлюць паштоўкі. Пішуць: „Галоўнае, каб ты быў жывы, здаровы. Мы чакаем цябе, памятаем пра цябе“. Людзі пабойваюцца выходзіць на волю. Кожны чалавек хоча зь «лягеру» вырвацца на «хымію». Але ёсьць тыя, хто адмаўляецца, бо ім страшнавата», — расказвае былы вязень.
«Актыў», які супрацоўнічае з адміністрацыяй, знаходзіцца на кручку, працягвае Кабанаў. Такім вязьням будуць помсьціць іншыя вязьні, калі іх перавядуць у крытую турму. Таму, калі іх пераводзяць на іншы рэжым, то такіх «актывістаў» трымаюць у асобных камэрах.
Са «стукачамі» іншыя зьняволеныя стараюцца не размаўляць, трымацца ад іх далей, але псаваць адносіны зь імі таксама не імкнуцца.
У калёніі даносяць на размовы пра палітыку і пра вайну ва Ўкраіне. Такія размовы забароненыя. Бывае, «актывісты» спэцыяльна правакуюць на такія размовы вязьняў, а потым перадаюць словы адміністрацыі.
Даносы заўжды пішуць пісьмова. Даносчык стараецца нічога не сказіць, пажадана ў даносе пазначыць, хто яшчэ чуў гэтую размову. Звычайна зьмест даносу не выдумляюць, бо адміністрацыя правярае зьвесткі. Даносчыка, які хлусіць, пазбавяць ягонай ролі.
Аляксандар Кабанаў адзначае, што сярод даносчыкаў ёсьць і палітвязьні. На ягоную думку, гэта людзі, якія выпадкова трапілі пад палітычны артыкул, не былі заангажаваныя ў пратэсты ў 2020 годзе, не падтрымлівалі апазыцыйных кандыдатаў.
На думку Аляксандра Кабанава, пасьля зьмены рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі варта апублічыць інфармацыю пра даносчыкаў, а калі яны прынесьлі шкоду іншым людзям, то іх варта судзіць.
«Мы ўсе гэта робім, у большай ці меншай ступені»
Псыхоляг Натальля Скібская патлумачыла, што людзі могуць даносіць адзін на аднаго праз такую псыхалягічную зьяву, як «зрушэньне» («смещение»). У выпадку з даносамі адбываецца «зрушэньне агрэсіі».
Зрушэньне розных эмоцыяў адбываецца, калі чалавек нешта да некага адчувае, але ня можа гэтага праявіць да гэтага чалавека, тлумачыць спэцыяліст. Так можа адбывацца як з агрэсіяй, так і з закаханасьцю, і зь іншымі эмоцыямі. Прычынай можа быць тое, што чалавек недасяжны, што праяўляць да яго свае эмоцыі небясьпечна.
«Але эмоцыі ж ёсьць, іх нікуды не падзенеш. Нейкім чынам зь імі трэба даць рады, каб не захлынуцца, не задыхнуцца ад іх. Чалавек пачынае падсьвядома шукаць, куды свае эмоцыі разьмясьціць. Так людзі робяць, калі немагчыма накрычаць на начальніка ці пабіць яго. Тады яны выбіраюць асобу, больш дасяжную для гэтага і больш бясьпечную», — расказвае Натальля Скібская.
У аснове даносаў ляжыць агрэсія. Чалавек адчувае на нешта злосьць, ня можа выказаць яе непасрэдна і піша скаргу на чалавека, не зьвязанага з гэтай злосьцю.
«Людзі, якія пішуць скаргі, ведаюць, што цяпер гэта ня жартачкі, што гэта можа мець вельмі сур’ёзныя наступствы. Але яны гэта робяць», — тлумачыць экспэрт.
Псыхоляг адзначае, што некаторыя пішуць даносы больш-менш асэнсавана, бо атрымліваюць ад гэтага асалоду. Але большасьць усё ж робіць гэта падсьвядома, а не ад садыстычных прычынаў.
«Людзі, якія пішуць даносы, хутчэй за ўсё, маюць памежную арганізацыю асобы. Гэта чалавек, які атрымаў траўму ў даволі малым узросьце, які схільны да афэктаў, моцных эмоцыяў, да нянавісьці, той, хто эмоцыі адчувае ў такой ступені, што хоча ламаць, разбураць. Але немагчыма сказаць, што ўсе, хто напісаў даносы, гэта людзі з памежнай арганізацыяй асобы», — разважае Натальля Скібская.
Яна заўважае, што зрушэньне агрэсіі (як і іншых эмоцыяў) уласьцівае амаль усім людзям.
«Мы ўсе гэта робім, у большай ці меншай ступені. Для чалавека гэта нармальны працэс. Але калі мы будзем жыць у грамадзтве, дзе кожны так робіць, то мы будзем трымацца на дыстанцыі два мэтры адзін ад аднаго», — кажа суразмоўца.
Яна адзначае, што людзі вучацца больш канструктыўна праяўляць агрэсію праз выхаваньне, культуру, этыкет.
«Гэта зьвязана з трывогай. У некаторых людзей больш устойлівая нэрвовая сыстэма, у некаторых менш. Людзі рэагуюць на стрэсы па-рознаму», — кажа яна.
Паталягічную форму ў выглядзе даносаў агрэсія набывае ў напружаныя, складаныя часы, зазначае спэцыялістка. Людзі, схільныя да зрушэньня агрэсіі, могуць добра сацыялізавацца і паводзіць сябе больш-менш прыстойна ў грамадзтве. Цяпер жа даносы зьвязаныя з высокай напружанасьцю ў грамадзтве ад рэпрэсій, ціску.
«На гэтых людзях гэта адбіваецца так, што яны выбухаюць, як каналізацыйныя люкі. Яны ня могуць гэта ўсё трымаць, кудысьці павінныя гэта выплюхнуць. Чаму гвалту шмат у складаныя часы? Хтосьці ў сям’ю накіроўвае агрэсію, хтосьці ў даносы», — кажа экспэртка.
Каб спыніць даносы, у маштабах грамадзтва маюць
наступіць больш спакойныя часы, перакананая псыхоляг. З другога боку, кожны
можа працаваць над сабой, каб больш канструктыўна праяўляць агрэсію.