«Беларусам Сабаленка запомніцца не тым, што была першай ракеткай свету»

Пісьменнік Саша Філіпенка разважае, чаму раптам узнікаюць скандалы ў асяроддзі «ябацек», ці сапраўды ўсе яны з'яўляюцца і прыхільнікамі «рускага міру» і пра Арыну Сабаленку, якая запомніцца беларусам зусім не сваімі спартыўнымі дасягненнямі.

Фота з Х

Фота з Х

— Мне здаецца, мы назіраем нейкі перадзел маленькіх рэсурсаў, які рана ці позна здараецца ў такіх закрытых грамадствах, — каментуе Саша Філіпенка нядаўна распачатую «бітву ябацек» у эфіры Звычайнага ранку.

Пісьменнік лічыць, што ў тых, хто падтрымлівае Лукашэнку, сапраўды ёсць розныя погляды наконт таго, ці павінна быць Беларусь незалежнай.

— Некаторыя ролікі Азаронка заканчваюцца жахлівымі песнямі пра адзін народ, «уздрыгнем» і гэтак далей. Думаю, ён уяўляе сябе часткай нейкага агульнага свету. Думаю, ёсць прапагандысты, якія ўсё ж такі ўяўляюць сябе беларусамі, таму што і Лукашэнка ў пэўны момант прыклаў да гэтага руку.

Пасля таго, як здарыўся Крым, ён актыўна пачаў расказваць свайму электарату, што мы тут беларусы і самі па сабе. Ён спалохаўся, што зялёныя чалавечкі могуць увайсці ў Беларусь і яго ж электарат пабяжыць іх абдымаць з хлебам і соллю.

Тады ён пачаў расказваць, што мы беларусы, на некаторы час пераключыўся на беларускую мову, з'явіліся плакаты «Тваё першае слова на роднай мове», Макей хадзіў у вышыванцы — быў разварот, тое, што называлі мяккай беларусізацыяй.

Напэўна, гэта тыя людзі з ягонага электарату, якія засвоілі, што яны беларусы. Да таго ж, мне здаецца, заўсёды было перабольшана жаданне беларусаў быць разам з Расіяй. Напэўна нейкая колькасць ёсць, але, думаю, нават яго электарат разумее, што лепш быць незалежнымі, чым нейкай губерняй.

Пісьменнік таксама пракаментаваў поспехі беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленкі, якая з 11 верасня стала першай ракеткай свету. Нагадаем, прэса падчас спартыўных спаборніцтваў спрабавала атрымаць ад спартсменкі адназначны каментар пра вайну ва Украіне, тое, што адбываецца ў Беларусі і дзеянняў Лукашэнкі, аднак Сабаленка часцяком казала расплывіста або ігнаравала прэс-канферэнцыі. На пытанне, ці падтрымлівае яна Лукашэнку, спартсменка адказала, што «не падтрымлівае яго прама цяпер».

— Спартыўныя поспехі — гэта добра. Я рады, што яна першая ракетка. На жаль, мы не можам патрабаваць ад чалавека больш, чым ён можа. Нам увесь час хочацца, каб вядомыя людзі, у якіх вялікая аўдыторыя, выказваліся. Але мне здаецца, мы павінны прымаць, што калі чалавек гэтага не робіць — гэта сумна, крыўдна, але мы не можам яго падштурхоўваць да гэтага.

Трэба проста «паставіць галачку» насупраць гэтага чалавека: ты ведаеш, што яна ўсё бачыць, але чамусьці аддае перавагу маўчаць. А можа быць яна лічыць, што Беларусь павінна быць краінай «парадку», у якой катуюць людзей.

Калі мы гаворым пра свабоду, мы гаворым пра поўную свабоду. Яна мае на ўвазе, што чалавек можа і маўчаць таксама. І мы павінны прымаць гэта.

Хоць я не разумею, як бы мог маўчаць пра тое, што адбываецца. І не разумею, як з гэтым можна жыць.

Беларусам Сабаленка запомніцца не тым, што была першай ракеткай свету. Беларусы пра гэта забудуць. Яе запомняць як чалавека, які прамаўчаў. І гэта значна важней, чым усе поспехі.

Мне здаецца, што з беларускіх футбалістаў памятаюць тых, хто выказаўся, і большую павагу маюць тыя, хто гуляў за «Крумкачы» і падтрымліваў народ, чым тыя, хто выйграў чэмпіянат Беларусі.

Паводле «Салідарнасці»