Арына Сабаленка: «Я не падтрымліваю ні вайну, ні Лукашэнку»
Другая ракетка свету пасля шэрагу гучных скандалаў нарэшце выказалася адносна вайны ва Украіне, якую вядзе Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Арына Сабаленка. Фота: AFP
Другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка сёння выйшла ў паўфінал чэмпіянату «Ралан Гарос» пасля перамогі над украінкай Элінай Світолінай і была абвінавачана ў тым, што яна чакае поціску рукі, але не тлумачыць свёй пазіцыі адносна вайны.
Світоліна заявіла, што не будзе паціскаць рукі гульцам з Расіі ці Беларусі пасля ўварвання РФ у яе краіну, якое падтрымала Беларусь, піша агенцтва «Reuters».
«Шчыра кажучы, я не ведаю, чаго яна чакала, таму што мае заявы пра поціск рукі былі ясныя», — сказала Світоліна, якую асвістала публіка за тое, што яна адмовілася ціснуць руку Сабаленка.
Прапусціўшы дзве прэс-канферэнцыі на «Ралан Гарос» пасля таго, як СМІ дапытвалі яе наконт асабістай пазіцыі адносна вайны, беларуская тэнісістка нарэшце зноў звярнулася да журналістаў.

«Я не хачу, каб мая краіна была ўцягнута ў які-небудзь канфлікт, я не падтрымліваю вайну, — заявіла яна. — Я не падтрымліваю вайну, гэта значыць я не падтрымліваю Аляксандра Лукашэнку».
Другая ракетка свету перастала сустракацца з журналістамі, спаслаўшыся на стан псіхічнага здароўя і заявіўшы, што яна не адчувала сябе ў бяспецы пасля таго, як яе неаднаразова дапытвалі пра вайну, але сказала, што не шкадуе пра тое, што прапусціла прэс-канферэнцыі.
«Я сапраўды адчувала сябе вінаватай. Я не магла заснуць. Як быццам усе гэтыя дрэнныя адчуванні былі ў маёй галаве», — сказала Сабаленка. — Але я не шкадую наконт сваіх рашэнняў. Я адчувала сябе сапраўды зняважанай, і мне насамрэч было дрэнна. На турнірах «Вялікага шлема» ціск досыць моцны, і я старалася засяродзіцца на сабе, на сваёй гульні.
Я спадзяюся, што вы зразумееце мяне, мае пачуцці. Вы ведаеце, я паважаю ўсіх вас і заўсёды адкрытая. Вы можаце пытацца пра ўсё, што заўгодна. Вы атрымаеце ўсю неабходную інфармацыю.
Але апошнім разам я адчула, што мая прэс-канферэнцыя ператварылася ў палітычнае тэлешоу, а я не экспертка ў палітыцы. Я ўсяго толькі тэнісістка».
Нагадаем, напрыканцы траўня ўкраінская тэнісістка Марта Касцюк адмовілася паціснуць руку беларусцы Арыне Сабаленка пасля матча на «Ралан Гарос». «Я разумею, чаму яны не паціскаюць нам рукі. Я магу ўявіць рэакцыю з украінскага боку, калі яны будуць паціскаць нам рукі. Так што я разумею гэта. І разумею, што гэта не тычыцца мяне асабіста. Вось і ўсё. Яна не заслужыла, каб яе так праводзілі з корта», — заявіла тады беларуска.
Пасля гэтага падчас чарговай прэс-канферэнцыі журналістка «Тр*буны» Дар'я Мешчаракова наўпрост спытала ў прэтэндэнткі на першую ракетку свету пра вайну ва Украіне і падтрымку Лукашэнкі. Сабаленка адмовілася асудзіць і Лукашэнку, і вайну. На зададзеныя пытанні яна адказала: «У мяне няма каментароў для вас».
Пасля гэтага тэнісістка стала адмаўляцца ад адкрытых прэс-канферэнцый.

У фінале «Вялікага шлема» Арына Сабаленка сустрэнецца з чэшкай Каралінай Мучавай, якая перамагла былую другую ракетку «Ралан Гарос» Анастасію Паўлючэнкаву з лікам 7:5, 6: 2 і ўпершыню ў сваёй кар'еры выйшла ў паўфінал.