CNN: Украіна стварыла ў Расіі сетку агентаў

Украіна стварыла ў Расіі сетку агентаў, якім Кіеў перадае беспілотнікі для здзяйснення нападаў. СБУ абяцае даць каментары «толькі пасля нашай перамогі», піша CNN.

snn_ukraina_drony.jpg

CNN спасылаецца на крыніцы, знаёмыя са звесткамі амерыканскай выведкі. Паводле версіі афіцыйных асоб ЗША, гэтыя агенты стаяць за атакай беспілотнікаў на Крэмль, якія нібыта былі запушчаныя з тэрыторыі Расіі. Ці датычныя гэтыя агенты да атакі беспілотнікаў на Маскву 30 траўня, пакуль застаецца незразумелым.

«Украіна стварыла сетку агентаў і тых, хто ёй спачувае ў Расіі. Яны займаюцца ажыццяўленнем дыверсіяў супраць растйскіх аб'ектаў. Украіна забяспечвае іх беспілотнікамі для арганізацыі нападаў…  Афіцыйныя асобы ЗША мяркуюць, што гэтыя праўкраінскія агенты ўнутры Расіі здзейснілі атаку з беспілотнікаў, нацэленую на Крэмль, у пачатку траўня, запусцілі беспілотнікі з тэрыторыі Расіі… Незразумела, ці былі іншыя атакі з беспілотнікаў, учыненыя ў апошнія дні — у тым ліку адна, нанесеная пра жылым квартале пад Масквой, і іншы ўдар па нафтаперапрацоўчых заводах на поўдні Раіі — таксама былі здзейсненыя знутры Расіі, або былі зроблены гэтай сеткай праўкраінскіх аператыўнікаў», — піша CNN.

Суразмоўцы CNN сцвярджаюць, што «дыверсійныя ячэйкі» ўнутры Расіі складаюцца з праўкраінскі настроеных актывістаў і «аператыўнікаў, навучаных для такога віду вядзення вайны».

Украіна дала ім беспілотнікі ўкраінскай вытворчасці. Два амерыканскія чыноўнікі заявілі, што няма ніякіх доказаў таго, што якія-небудзь ўдары былі нанесеныя з выкарыстаннем дронаў, якія былі прадстаўленыя ЗША.

«Наяўныя грошы робяць цуды»

Дакладных шляхоў дастаўкі беспілотнікаў суразмоўцы CNN не ведаюць, але яны заявілі, што ў Кіева ёсць эфектыўныя маршруты кантрабанды, якія можна было б выкарыстоўваць для перадачы дронаў або іх кампанентаў на тэрыторыю Расіі.

Прадстаўнік еўрапейскай выведкі адзначыў працягласць расійска-ўкраінскай мяжы, якую з-за гэтага складана кантраляваць. Даўжыня мяжы робіць яе прыдатнай для кантрабанды грузаў.

«Вы таксама павінны разумець, што гэта раёны на ўскраінах Расіі. Выжыванне там — гэта праблема для кожнага, таму наяўныя грошы робяць цуды», — заявіў суразмоўца CNN.

Хто менавіта кантралюе агентаў, дакладна не вядома. Крыніцы CNN мяркуюць, што з імі могуць звязаныя людзі з выведкі Украіны. Два суразмоўцы тэлеканала растлумачылі, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўсталяваў «агульныя параметры» таго, што можна рабіць выведцы і Службе бяспекі Украіны, але не кожная аперацыя патрабуе ўхвалення кіраўніка дзяржавы.

Афіцыйны прадстаўнік СБУ сказаў CNN, што «таямнічыя выбухі і ўдары беспілотнікаў»унутры Расіі будуць працягвацца.

«Мы будзем каментаваць "выбухі" толькі пасля нашай перамогі», — сказаў прадстаўнік украінскага ведамства.


Напады ўнутры РФ — ваенная стратэгія Украіны

Крыніца, знаёмая са звесткамі амерыканскай выведкі, назвала атаку беспілотнікаў на Крэмль «кульмінацыяй шматмесячных намаганняў» украінцаў для стварэння інфраструктуры для такой дыверсіі.

Кіраўнік ваеннай разведкі Украіны Кірыла Буданаў лічыць карыснымі рабіць сімвалічныя дзеянні супраць Расіі, заявілі амерыканскія чыноўнікі CNN.

Сакрэтныя дакументы Пентагона, якія прасачыліся ў сетку раней у гэтым годзе, паказалі, што ЦРУ заклікала Буданава «адкласці» атакі на Расію ў гадавіну яе ўварвання ва Украіну. Пра гэта, у прыватнасці, паведамляла Washington Post. І Буданаў, нібыта, пагадзіўся на просьбу ЦРУ. Але беспілотнікі былі заўважаныя пад Масквой 28 лютага, праз некалькі дзён пасля гадавіны вайны. «І мы будзем працягваць забіваць расіян дзе заўгодна ў свеце да поўнай перамогі Украіны», — адзначыў Буданаў.



У іншай справаздачы амерыканскай разведкі, атрыманай CNN, крыніцай якой з'яўляецца радыёэлектронная разведка, гаворыцца, што Зяленскі ў канцы лютага «прапанаваў нанесці ўдары па месцах дыслакацыі расійскіх войскаў у Растоўскай вобласці Расіі» з дапамогай беспілотнікаў, паколькі Украіна не мае зброі далёкага дзеяння, здольнай даляцець так далёка.

CNN адзначае, што публічна высокапастаўленыя афіцыйныя асобы ЗША асудзілі ўдары ўнутры Расіі і папярэдзілі аб патэнцыйнай эскалацыі вайны. Аднак у прыватнай размове з CNN амерыканскія і заходнія чыноўнікі заявілі, што, на іх думку, атакі за межамі ўкраінскай тэрыторыі з'яўляюцца разумнай вайсковай стратэгіяй, якая можа адцягнуць рэсурсы Расіі на абарону ўласнай тэрыторыі, улічваючы падрыхтоўку Украіны да контрнаступлення.



Са слоў аднаго з суразмоўцаў CNN, прадстаўнікі Кіева непублічна кажуць, што плануюць прадаўжаць атакі ўнутры Расіі, бо гэта эфектыўная тактыка адцягнення ўвагі, якая змушае расійскія ўлады турбавацца пра бяспеку ўнутры краіны.

Французскі віцэ-адмірал Нікаля Важур, начальнік аператыўнага аддзела Аб'яднанага штаба, заявіў CNN, што атакі ў Расіі з'яўляюцца проста «часткай вайны» і даюць магчымасць данесці паведамленне да насельніцтва Расіі.

«Там ідзе вайна, і гэта можа занепакоіць вас [расійскую грамадскасць] у будучыні», — сказаў Важур пра напады. «І таму гэта добры спосаб для ўкраінцаў звярнуцца не толькі да Уладзіміра Пуціна, але і да насельніцтва Расіі», — дадаў ён.

Наконт тэрактаў ён сказаў, што Украіне «не забаронена» пра гэта думаць.

Акрамя таго, украінскія афіцыйныя асобы заявілі ў прыватным парадку, што яны плануюць працягваць атакі ўнутры Расіі, таму што гэта добрая тактыка адцягнення ўвагі, якая прымушае Расію клапаціцца пра ўласную бяспеку ў сябе дома.

У абноўленай інфармацыі выведкі Міністэрства абароны Вялікабрытаніі заявіла, што атакі праўкраінскіх партызанскіх груповак і ўдары беспілотнікаў у памежным раёне Белгарада вымусілі Расію разгарнуць «поўны спектр ваеннай агнявой моцы на сваёй тэрыторыі»: «Цяпер расійскія камандзіры сутыкаюцца з вострай дылемай: умацоўваць абарону ў памежных рэгіёнах Расіі ці ўзмацняць свае лініі ў акупаванай Украіне».

Паводле cnn.com, meduza.io