Абарона Шэбекіна: Добраахвотнікаў не назіраецца, і валанцёры не мчаць на дапамогу
Расійскія грамадзяне, да якіх не далятае, зусім абыякавыя да таго, што адбываецца ў Шэбекіна, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Ішоў пяты дзень гераічнай абароны Шэбекіна. І гэта, між іншым, даўжэй, чым бралі Кіеў за тры-чатыры дні. Так што дарма злыя людзі нагаворвалі на другую армію свету. Яна вунь абараняе Шэбекіна ўжо пяты дзень і не збіраецца здавацца. Не кожны можа абараняць Шэбекіна пяты дзень. Гэта табе не Кіеў браць за тры дні.
Асабліва цяжка абараняць Шэбекіна стане, мабыць, пасля таго, як гэтай ноччу расійскае Міністэрства абароны і расійскія ваенныя блогеры заўважылі пачатак украінскага наступу па ўсёй лініі фронту. Ім, праўда, не першы раз здаралася заўважаць украінскі наступ па ўсёй лініі фронту. Раней таксама ўжо, бывала, заўважалі.
Але калі ўкраінскі наступ пачаўся не толькі ў галовах у расійскага міністэрства абароны, то ў мяне ёсць смутнае адчуванне, што расійская дзяржаўнасць можа ад яго хваравіта пацярпець ужо ў самай кароткатэрміновай гістарычнай перспектыве. Таму што нават абарона саракатысячнага Шэбекіна выявіла прыкметы некаторай умоўнасці цяперашняй расійскай дзяржаўнасці.
Не таму, што другая армія свету абараняе Шэбекіна пяты дзень і гэтай абароне канца не відаць. Другая армія свету такая, якая яна ёсць, і іншай такой “другой арміі ў свету” няма.
І не таму, што губернатар Гладкоў не знайшоў у сваім графіку вольнага часу дзеля вызвалення дваіх расійскіх ваеннапалонных. Любы расійскія губернатар на яго месцы зрабіў бы дакладна гэтак жа. Таму што кожнаму ж разважнаму чалавеку зразумела, што дзве гадзіны губернатарскага часу значна каштоўнейшыя, чым двое нейкіх ваеннапалонных. Самі трапілі ў палон — самі і выблытвайцеся.
І нават не таму, што на фоне гэтай гераічнай абароны ўладальнік прыватнай арміі Прыгожын спачатку забіў стрэлку чачэнскаму князю Кадыраву, а потым паказаў відэа з палонным расійскім палкоўнікам, якога яго “салдаты ўдачы” захапілі ў баі з расійскімі войскамі. Такая ўжо ўласцівасць наймітаў, што ваяваць яны імкнуцца там, дзе лягчэй і прыбытковей.
Галоўная праблема з Шэбекіна, які гераічна абараняецца, палягае, на маю думку, у тым, што ўсёй астатняй Расіі да яго гераічнай абароны няма наогул жа ніякай справы. Ну калі не лічыць жыхароў астатняй Белгарадскай вобласці. Але жыхарам астатняй Белгарадскай вобласці самім перыядычна прылятае, таму яны не бяруцца ў разлік.
Гэта значыць, спецыяльна навучаныя людзі ў тэлевізары кідаюць, вядома, перуны і маланкі. Толькі пры гэтым спецыяльна навучаныя людзі не могуць запомніць, як гэта няшчаснае Шэбекіна называецца.
Прэзідэнт Пуцін разважае пра гістарычную несправядлівасць дзяржавы Украіна, а пра райцэнтр ва ўласнай Белгарадскай вобласці ў стане выціснуць з сябе літаральна пару слоў.
Але гэта ўсё ж такі спецыяльна навучаныя людзі. А людзі, якіх гэтаму спецыяльна не навучалі ніяк, не выказваюць масавага абурэння з нагоды пакут суайчыннікаў. Чэргі добраахвотнікаў не выстройваюцца ў ваенкаматаў, каб запісацца ў войска і абараняць Радзіму ад злога ворага. Валанцёры не мчаць у Шэбекіна, каб валанцёрыць, і неабыякавыя грамадзяне не збіраюць для шэбекінцаў гуманітарную дапамогу. Таму што насамрэч грамадзяне, да якіх не далятае, зусім абыякавыя да таго, што адбываецца ў Шэбекіна. Ну вось не цікавыя праблемы Шэбекіна гораду, напрыклад, Краснаярску. Таму што ў горадзе, напрыклад, Краснаярску, ведаюць: да іх дакладна не даляціць. А да каго даляціць, той няхай і хвалюецца і перажывае.
Расійская ўлада два дзясяткі гадоў працавала над атамізацыяй расійскага грамадства. Таму што галоўная вартасць атамізаванага грамадства палягае ў тым, што такое грамадства не можа пагражаць стабільнасці ўлады. Вось толькі аказалася, што і абараніць сябе такое грамадства не ў стане.
P.S. Як пацук, якога сокалы скінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.