«Эвакуіраваць не могуць, бо ідуць баі». Што адбываецца ў затопленых раёнах Херсоншчыны

Хто мог, выехаў самастойна, але шмат людзей сядзяць на дахах і чакаюць дапамогі — без электрычнасці і сувязі.

Пасля падрыву Кахоўскай ГЭС многія раёны сыходзяць пад ваду. Фота: unian.net

Пасля падрыву Кахоўскай ГЭС многія раёны сыходзяць пад ваду. Фота: unian.net


Пасля прарыву Кахоўскай ГЭС населеныя пункты на абодвух берагах Дняпра апынуліся ў зоне паводкі. З падтопленых раёнаў Херсона людзей вывозяць выратавальныя службы і валанцёры. За 20 кіламетраў ад Херсона знаходзіцца горад Алешкі, ён акупаваны Расіяй з першых дзён вайны. Горад затоплены, сваякі жыхароў праз чаты спрабуюць арганізаваць дапамогу, эвакуацыі няма. «Меды*зона» расказвае пра сітуацыю па абодва бакі ракі.

Алешкі. «Дапамажыце, там мая бабуля засталася»

«Дапамажыце! Як выратаваць людзей у Алешках. Уся вуліца Чырвонаармейская сядзіць на дахах, просяць аб дапамозе. Жывёлы тонуць, выюць»; «Алешкі. Вуліца Адэская 54, шэсць чалавек, з іх двое пажылыя і мужчына на вазку. Дапамажыце, калі ласка, эвакуіравацца, яны ўжо не выходзяць на сувязь»; «Вуліца Горкага, дом два, адразу на рагу, шэрыя вароты. Калі ласка, дапамажыце, там мая бабуля засталася».

Падобныя паведамленні ў чаце «ОЛЕШКИ — організуємо евакуацію разом!!!» з'яўляюцца літаральна кожную хвіліну. Цяпер у ім больш за чатыры тысячы чалавек.

У чаце пішуць у асноўным тыя, хто выехалі, у каго ёсць магчымасць шукаць дапамогу для суседзяў і блізкіх. У Алешках ужо няма электрычнасці і практычна няма сувязі.

«Вада прыйшла імгненна»

Ірына выехала з горада на пачатку поўнамаштабнай вайны. У Алешках засталіся яе пажылыя бацькі, учора іх дом затапіла.

«Іх вывезлі на лодках з дома, засталося некалькі вуліц вышэй, дзе няма яшчэ вады. Яны пакуль знаходзяцца ў нейкіх людзей, але сувязі з імі амаль няма. Але наогул там тонуць, там многія проста тонуць», — кажа Ірына.

У яе бацькоў ёсць і расійская, і ўкраінская сім-карты. На расійскую, паводле слоў жанчыны, званок не праходзіць, а пры тэлефанаванні на ўкраінскую можна пачуць толькі асобныя словы.

«Уначы ўдалося разабраць, што яны нібыта хадзілі там па вуліцах, дзе суха, шукалі, дзе ім можна было б застацца. На яшчэ не затопленых вуліцах цяпер вельмі шмат людзей. Іх размяшчаць няма дзе. І вось яны ходзяць, шукаюць сабе нейкі прытулак.

Сваякі брата выехалі ў [вёску] Жалезны порт. [У Алешках] у іх дом вышэй за наш стаіць. Бацькі хацелі ў іх застацца, але пабаяліся — вада ў двары па калена і ўжо падымаецца вышэй».

Ірына перажывае за бацькоў і баіцца тэлефанаваць ім лішні раз — можа сесці тэлефон. Яна не ведае, ці ўзялі яны з сабой дакументы. Паводле яе слоў, калі ўсё толькі здарылася, бацькі бачылі, як рака падымаецца, і рыхтаваліся ў выпадку чаго выехаць на машыне — і ўсе патрэбныя рэчы перанеслі туды. А цяпер іх машына стаіць у гаражы, які сышоў пад ваду.

«Яны расказвалі, што вада прыйшла імгненна. У нас жа з аднаго боку рака, з другога стаўкі, Ліман. І вось яны проста ў нейкі момант апынуліся ў коле».


«Хто мог — выбраўся сам, астатнія засталіся заблакіраванымі»

Людміла разам з дачкой выехала ў Еўропу пасля пачатку вайны, у Алешках засталіся заблакіраванымі сваякі: маці мужа, яе дачка і ўнучка. Паводле слоў Людмілы, яшчэ ўчора ў іх была сувязь: яны разам з суседзямі сабраліся ў адным доме, вырашылі групай з васьмі чалавек пераночыць на другім паверсе. Прачнуліся — першы паверх ужо быў затоплены.

«Сувязі з імі амаль няма. Я ў Рызе, дачка ў Польшчы, ёй неяк часам удаецца дазваніцца. А тэлефоны садзяцца, электрычнасці ў іх няма. На левым беразе вельмі шмат людзей, сядзяць на дахах, гарышчах, з катамі, з сабакамі. Цэнтралізаванай эвакуацыі з левага берага не было, хто мог — выбраўся сам учора. А пенсіянеры, астатнія — засталіся заблакіраванымі. У МНС тэлефанавалі, вайскоўцам нейкім тэлефанавалі, яны сказалі, што нічога не могуць, таму што ідуць баі», — кажа яна.

«Усе блізкія сядзяць у чатах і спрабуюць дапамагчы тым, хто застаўся»

Яна шукае ў чаце эвакуацыі з Алешак дапамогу для сваёй сяброўкі. Сама яна ў лістападзе мінулага года выехала ў Скадоўск Херсонскай вобласці, які знаходзіцца пад акупацыяй. Клікала туды і сяброўку Аксану з яе трыма дзецьмі, але тая адмовілася.

«Мы колькі яе спрабавалі вывезці, яшчэ ўчора тэлефанавалі, калі была сувязь, казалі — выязджай. А яна ні ў якую — кажа, пранясе, у нас усё пад кантролем. Апошні раз ноччу ёй змагла патэлефанаваць — яны ўжо сядзелі на даху ў кагосьці з дзецьмі, я нават адрас не пазнала», — кажа Яна.

Паводле слоў Яны, цяпер усе, у каго засталіся блізкія ў Алешках, Голай Прыстані, Саланцах і іншых населеных пунктах у затопленым раёне, сядзяць у чатах і спрабуюць даведацца пра сваіх блізкіх, арганізаваць ім дапамогу. Вельмі чакаюць ад валанцёраў спісаў выратаваных і спадзяюцца знайсці ў іх знаёмыя прозвішчы.

Мем ад Сальды

Сваякі пакінутых у Алешках кажуць, што арганізаванай эвакуацыі з горада не праводзілася.

Прызначаны Расіяй кіраўнік Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда 6 чэрвеня запісаў відэазварот, які стаў мемам. Ён запэўніваў, што Алешкі, Голая Прыстань і іншыя населеныя пункты «жывуць» і «людзі спакойна рухаюцца па вуліцах». Пры гэтым ролік запісвалі ў будынку насупраць Дома культуры ў Новай Кахоўцы, у якім падчас выступлення Сальды практычна затапіла першы паверх.


Херсон. Некаторыя раёны сышлі пад ваду цалкам

Раёны Херсона таксама сыходзяць пад ваду. Паводле звестак абласной ваеннай адміністрацыі, з горада эвакуіравана больш за 1700 чалавек, затоплена амаль дзве тысячы дамоў. Вядома як мінімум пра трох зніклых без вестак падчас затаплення.

Паводле слоў херсонскага журналіста Івана Анціпава, у горадзе ёсць раёны, якія сышлі пад ваду цалкам. Там на маторных і надзіманых лодках працуюць валанцёры і экстранныя службы.

«Там, дзе я цяпер, там ёсць пяціпавярхоўкі, тут вада падыходзіць да першага паверха. На некалькі вуліц ніжэй вада затапіла ўжо і першыя паверхі. Яшчэ ніжэй — там ужо толькі водным транспартам можна перамяшчацца», — расказвае ён «Меды*зоне».

Паводле слоў Анціпава, многія з тых, да чыіх дамоў вада не дайшла, застаюцца ў Херсоне. Назіраюць за сітуацыяй і чакаюць, што ўзровень вады пачне зніжацца.

«Каго затапіла — тыя ратуюцца, вядома, гадаванцаў ратуюць. Сабакі, коткі, я нават людзей з папугаямі бачыў», — кажа ён.

У горадзе ніхто не чакаў затаплення, кажа Анціпаў, таму цяпер працэс эвакуацыі ідзе «крыху хаатычна, але без панікі».