Рэха Кахоўскай ГЭС прагучыць і ў Беларусі

Пісьменнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі піша на «Радыё Р*цыя» пра тое, што Расія можа стварыць тэхнагенную катастрофу і ў Беларусі — дастаткова той жа АЭС.

Кахоўская ГЭС, узарваная расійцамі раніцай 6 чэрвеня. Калаж: 24tv.ua

Кахоўская ГЭС, узарваная расійцамі раніцай 6 чэрвеня. Калаж: 24tv.ua


Расія здзейсніла каласальны акт вандалізму. Падрыў Кахоўскай гідраэлектрастанцыі — цяжкае злачынства супраць людзей і экалогіі. Расія працягвае замацоўваць за сабой месца ў спісе злачынстваў сусветнай гісторыі.

Рэха Кахоўскай ГЭС абавязкова прагучыць у Беларусі. З кім сябруеце, ябацькі? З тэрарыстамі, якія гатовы помсціць цэлай украінскай нацыі за сваё паражэнне? А вы гатовы адказваць за падобнае сяброўства?

Тое, што ў Беларусі застаюцца шчырыя крэмлепаклоннікі, сумневу няма. Цікава, ці разумеюць яны, што пры патрэбе крамлёўскія «мудрацы» могуць арганізаваць тэхнагенную катастрофу і ў Беларусі. Астравецкую АЭС не дарма паставілі на мяжы з Еўрасаюзам.

Але сярод фармальна адданых Лукашэнку персанажаў шмат тых, хто лічыць сябе прагматыкамі. Маўляў, нічога асабістага, робім стаўку на больш моцнага.

Той самы прынцып спавядае і Лукашэнка, які паставіў на Расію. Прыблізна як шакал Табакі на тыгра Шэрхана.

Мінуў час, і вось у Шэрхана штосьці пайшло не так.


А падрыў Кахоўскай ГЭС — гэта акт адчаю. Ужо цалкам відавочна, што ў Крамлі не спадзяюцца на перамогу ў развязанай супраць Украіны вайне. Тое, што мы назіраем — гэта і помста, і спроба прыпыніць украінскі наступ на поўдні, каб не даць магчымасці адрэзаць ад шляхоў камунікацыі Крым.

З іншага боку, затапленне вялікіх тэрыторый паўднёвага левабярэжжа Украіны дазваляе УСУ шмат з таго, што было пад фармальнай забаронай. Напрыклад, праход у тыл ворага праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.

«Такога не можа быць!» — скажа хтосьці. Маўляў, тады Украіна станецца такім самым інтэрвентам, як і Расія. Ад Украіны могуць адвярнуцца шмат хто з саюзнікаў.

Думаю, што атакі на Белгародскую вобласць дыверсантаў з расійскіх добраахвотнікаў у шэрагах УСУ прадэманстравалі, што ніхто з саюзнікаў Украіны не супраць заходу на тэрыторыю Расіі.

А тэхнагенная і гуманітарная катастрофа, зладжаная праз падрыў Кахоўскай ГЭС, толькі ўзмацняе разуменне, што з рэжымам Крамля трэба хутчэй заканчваць.


Усім трэба быць гатовымі да таго, што тэрыторыю Беларусі палітычны Крэмль перад сваім сконам можа паспрабаваць выкарыстаць. Ці гэта падрыў Астравецкай АЭС, ці ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі.

У бездань можна падаць бясконца.

Магчыма, Пуціну падаецца, што ён дэманструе сілу, але сваімі тэрактамі ён толькі яднае ў рашучасці супрацьстаяць злу яшчэ нядаўна больш-менш нейтральных да Крамля палітыкаў.

А гэта значыць, што развязка з крамлёўскай пагрозай толькі прыспешваецца.