РФ знішчыла Кахоўскую ГЭС, поўдзень Украіны на мяжы гуманітарнай катастрофы (фота, відэа)

Гэтай ноччу расійскія акупанты ўзарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС, якая размешчана ад Херсона вышэй па цячэнні Дняпра.

photo_2023_06_06_08_35_53.jpg

«Расійскімі акупацыйнымі войскамі ажыццёўлены падрыў Кахоўскай ГЭС. Зараз удакладняецца маштаб разбурэння, хуткасць і аб'ёмы вады, верагодныя раёны падтаплення. Усе службы працуюць. Сітуацыя адсочваецца», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскіх уладаў.

Мяркуючы па кадрах, што з'явіліся ў інтэрнэце, дамба атрымала крытычныя пашкоджанні і больш не здольная стрымліваць паток вады. Як добра відаць, пачаўся некантраляваны скід вады з Кахоўскага вадасховішча, што пагражае сур'ёзнымі падтапленнямі ніжэй па плыні Дняпра.

Старшыня Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін абвясціў эвакуацыю жыхароў правага берага Дняпра, якім пагражае падтапленне.

Раней Расія пастаянна запалохвала ўкраінцаў магчымым прарывам плаціны Кахоўскага вадасховішча, затапленнем Запарожскай АЭС, стварэннем ядзернай небяспекі і г. д. У прыватнасці, прадстаўнікі акупацыйных уладаў сцвярджалі аб верагодным прарыве дамбы каля горада Каменка Дняпроўская і затапленні дзясяткаў тысяч жыхароў.

UPD. Прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі склікаў тэрміновую нараду Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. «Расейскія тэрарысты разбурэннем дамбы Кахоўскай ГЭС толькі пацвярджаюць усяму свету, што іх трэба выгнаць з кожнага кутка ўкраінскай зямлі. Ніводнага метра нельга ім пакідаць, таму што кожны метр яны выкарыстоўваюць для тэрору. Толькі перамога Украіны верне бяспеку. І гэтая перамога будзе. Ні вадой, ні ракетамі, ні чым заўгодна тэрарыстам не ўдасца спыніць Украіну», — пракаментаваў сітуацыю ўкраінскі прэзідэнт.

Кіраўнік офіса Зяленскага Андрэй Ярмак адзначыў, што падрыў «Кахоўскай ГЭС — гэта «ўдар па глабальнай харчовай бяспецы». «Таму што гэтая катастрофа паўплывае на сістэму арашэння на поўдні Украіны», — дадаў ён.

photo_2023_06_06_09_27_31.jpg

«У выніку падрыву ўзровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы імкліва зніжаецца, што з'яўляецца дадатковай пагрозай для часова акупаванай Запарожскай АЭС, — гаворыцца ў тэрміновым паведамленні ўкраінскага «Энергаатаму». — Вада з Кахоўскага вадасховішча неабходная для таго, каб станцыя атрымлівала падсілкоўванне для кандэнсатараў турбін і сістэм бяспекі ЗАЭС. Зараз станцыйная сажалка-ахаладжальнік напоўненая».

UPD. Кахоўская ГЭС цалкам разбурана. Станцыя аднаўленню не падлягае, паведаміла Укргадраэнерга.

«Паводле папярэдняга прагнозу, чакаецца спрацоўванне вадасховішча на працягу наступных чатырох дзён. Некантралюемае зніжэнне ўзроўню вадасховішча з'яўляецца дадатковай пагрозай для часова акупаванай Запарожскай АЭС», — гаворыцца ў паведамленні.

З-за падрыву расійскімі акупантамі дамбы Кахоўскай ГЭС ёсць пагроза затаплення каля 80 населеных пунктаў

Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.

«Гэтай ноччу расійскія войскі падарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС. Ёсць пагроза затаплення каля 80 населеных пунктаў. Прэзідэнт Украіны склікаў РНБА. Далей правядзем пасяджэнне Дзяржаўнай камісіі ТЭБ і НС», — адзначыў ён.

UPD. Паведамляецца, што ўзарваная Кахоўская ГЭС цалкам сышла пад ваду. Пры гэтым, як заявілі ў МАГАТЭ, непасрэднай пагрозы Запарожскай АЭС пакуль няма.

Таксама паведамляецца пра поўнае або частковае затапленне васьмі населеных пунктаў і аднаго з мікрараёнаў Херсона. Пра гэта заявіў кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.

Ён дадаў, што арганізавана эвакуацыя жыхароў гэтых населеных пунктаў аўтобусамі ў Херсон, далей у Нікалаеў, а адтуль у Хмяльніцкі, Адэсу, Крапіўніцкі, Кіеў і іншыя гарады Украіны.

Кіраўнік АВА адзначыў, што ўкраінскія ўлады разумеюць, што будуць падтопленыя яшчэ і іншыя населеныя пункты, і гатовыя да гэтага.

Ён сказаў, што ўсе мясцовыя ўлады праінфармаваныя, збіраюць насельніцтва ў пэўных пунктах збору. У кожнай суполцы створаны асобны штаб, які адказвае за сваю тэрыторыю.

Між тым знішчэнне Кахоўская ГЭС пагражае Крыму. Анексаваны паўвостраў можа застацца без прэснай вады, а гэта пагражае яму гуманітарнай катастрофай. Менавіта дзякуючы дамбе Кахоўскай ГЭС ішло водазабеспячэнне Крыма вадой з Дняпра.

photo_2023_06_06_10_53_15.jpg

Расійская прапаганда, канешне ж, вінаваць у падрэве электрастанцыі ўкраінскі бок. Крамлёўская агенцтва ТАСС так наўпрост і піша: «Узброеныя Сілы Украіны ў ноч на аўторак абстралялі Кахоўскую ГЭС».

Нагадаем, Кахоўскае вадасховішча знаходзіцца за 5 км ад горада Новая Кахоўка Херсонскай вобласці, якая цяпер акупаваная, і з'яўляецца апошняй прыступкай у каскадзе дняпроўскіх гідраэлектрастанцый. Збудаванне забяспечвае рэгуляванне сцёку Дняпра для забеспячэння пэўнай часткі поўдня Украіны электрычнасцю і вадой.

UPD. Расійскія войскі ўзарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС, каб спыніць контрнаступ Узброеных сіл Украіны, мяркуюць у Кіеве. «Гэты тэрарыстычны акт з'яўляецца прыкметай панікі пуцінскага рэжыму і спробай ускладніць дзеянні ўкраінскіх сіл бяспекі і абароны. Ён стане важкім доказам на міжнародным трыбунале, які несумненна чакае кожнага датычнага да здзяйснення ваенных злачынстваў на тэрыторыі Украіны», — заявілі ў галоўным выведвальным упраўленні Украіны.

Аднак разбурэнне ГЭС не перашкодзіць сілам абароны і далей вызваляць акупаваныя тэрыторыі, запэўніваюць у Мінабароны Украіны. «Раніцай была нарада адносна таго, ці ўплывае гэтая катастрофа на пазіцыі нашых УСУ. На сёння ўсё адбываецца па плане», — падкрэсліла намесніца міністра абароны Ганна Маляр.

Ва Упраўленні стратэгічных камунікацый УСУ адзначылі, што маюць усё неабходнае для контрнаступу, у тым ліку на поўдні краіны. «Украіна забяспечаная ўсімі неабходнымі плаўсродкамі і пантонна-маставымі пераправамі для фарсіравання водных перашкод. Падступныя дзеянні праціўніка, што ствараюць сацыяльны і эканамічны крызіс, не спыняць сілы абароны Украіны, якія гатовыя вызваліць акупаваныя тэрыторыі Украіны», — гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення стратэгічных камунікацый.

Паводле ўкраінскіх медыя і тэлеграм-каналаў