«Аварыя ў Чарнобылі цяпер атрымлівае новае вымярэнне»

З моманту Чарнобыльскай аварыі прайшоў адзін перыяд паўраспаду стронцыя-90 і цэзію–137, «асноўных» ізатопаў, якім забруджаныя нашыя землі. Імаверна, таму Лукашэнка і прапаганда сцвярджаюць, што частка тэрыторый, раней радыеактыўных, цяпер «чыстыя». Але ці так яно насамрэч?

aes_12_logo_1.jpg


Справа ў тым, што перыяд паўраспаду — гэта час, за які распадаецца палова радыеактыўных ізатопаў. Таму другая палова яшчэ застаецца актыўнай. Па ідэі, няма ніякіх падстаў казаць, што наступствы Чарнобыля пераадоленыя — нават пераадоленыя часткова, а не цалкам.

Больш за тое, улады Беларусі, — краіны, якая вельмі моцна пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі, — працягваюць ядзерныя эксперыменты з нявызначанымі наступствамі. І эколагі часам называюць гэтую сітуацыю «працягам Чарнобыля». Прынамсі, прыкладна так лічыць Аляксей Аўчыннікаў, экалагічны актывіст, эксперт, рэдактар UWEC Work Group — групы, якая цяпер займаецца ацэнкай уздзеяння на навакольнае асяроддзе вайны ва Украіне.

У размове з «НЧ» Аляксей вызначае шмат вымярэнняў таго «Чарнобыля», які працягвае адбывацца ў Беларусі.

— Трэба сказаць, што за апошнія некалькі гадоў нічога не змянілася. Забруджаныя тэрыторыі застаюцца забруджанымі, але яны, так бы мовіць, выходзяць з павесткі дня. Грамадства засяроджана цяпер на іншых пытаннях, і для ўлады гэта добрая магчымасць «падзабыць» пра тое, што адбылося пасля аварыі ў Чарнобылі.

Але, на мой погляд, аварыя ў Чарнобылі цяпер атрымлівае новае вымярэнне, новы позірк. Бо цяпер ёсць пытанні з выкарыстаннем Астравецкай АЭС, ёсць пытанні, што на тэрыторыі Беларусі будзе выкарыстоўвацца расійская ядзерная зброя, і калі мы кажам пра Астравецкую АЭС, — звязанае з ёю пытанне з ядзернымі адкідамі. Была нават гаворка, што сховішча ядзерных адкідаў можа быць пабудавана на тэрыторыі Беларусі.

І таму цяпер, калі мы кажам пра Чарнобыль, мы павінны казаць і пра тое, што ёсць і пытанні, якія ўзнікнуць у сувязі з ядзернай небяспекай. Яны не будуць звязаныя менавіта з аварыяй на ЧАЭС, а будуць звязаныя з дзеяннямі, якія адбываюцца менавіта сёння.

Па словах экалагічнага актывіста, сітуацыя цяпер у Беларусі такая, што мы проста не ведаем, што адбываецца з наступствамі Чарнобылю насамрэч. Мы чуем пра тое, што «ў нас усё добра» з прапагандысцкіх СМІ, ад дзяржаўных чыноўнікаў, непасрэдна ад Лукашэнкі на гадавіну аварыі. Аднак пераканацца ў тым, што ўсё насамрэч добра, грамадства не можа. І гэта з’яўляецца адной з праблемаў, гаворыць Аляксей Аўчыннікаў.

— Мы не можам сказаць, наколькі заканчэнне перыяду паўраспаду стронцыя-90 паўплывала на «чысціню» раней забруджаных тэрыторый. Але з майго пункту погляду, трэба было б праводзіць маніторынг забруджанай тэрыторыі. Яна знаходзяцца непадалёк ад Мінска, напрыклад, у Налібоцкай пушчы. І калі даныя гэтага маніторынгу будуць знаходзіцца ў сеціве, у адкрытым доступе, калі будзе магчымасць у незалежных экспертаў прыехаць на гэтыя тэрыторыі і правесці нейкія даследаванні — тады мы зможам казаць пра тое, ці сапраўды забруджанне «заканчваецца», альбо забруджанне застаецца. Проста таму, што тут трэба ўлічваць шмат фактараў, калі часткі радыеактыўных элементаў распаўсюджваюцца праз паветра, праз грунтавыя воды — тут даволі складана казаць.

Мы зможам сказаць, што частка гэтых праблем знятая, калі ў нас у краіне будзе праводзіцца незалежны маніторынг.


Тое ж самае адбываецца з іншымі ядзернымі аб’ектамі ў Беларусі.

— Калі мы кажам, напрыклад, пра Астравецкую АЭС, праблема тая ж — няма незалежнага маніторынгу: мы не ведаем, як пабудаваны гэты рэактар, як ён выкарыстоўваецца. Інфармацыю, якую мы атрымліваем, мы атрымліваем ад дзяржаўных устаноў, але ёсць моманты, якія дазваляюць час ад часу казаць, што яны не распаўсюджваюць поўную інфармацыю. Таму ўзнікаюць розныя гісторыі, як з дакладам літоўскай выведкі, які даводзіць, што рэактар БелАЭС знаходзіцца ў аварыйным стане.

Так гэта, ці не — мы не ведаем. А ўсё гэта павялічвае ўзровень радыяцыйнай трывожнасці, — людзі не ведаюць, што будзе адбывацца.

Таксама ёсць інфармацыя, што будуць будаваць сховішча радыяцыйных адкідаў. Але дзе яно будзе будавацца, якія тэхналогіі будуць ужывацца, — таксама інфармацыя не распаўсюджваецца.

І зразумела, што ўсё гэта вельмі складаная, дурная сітуацыя для краіны, — калі людзі не ведаюць той інфармацыі, якую яны павінны атрымліваць. І зразумела, што любая аварыя на Астравецкай АЭС, любая аварыя ў сховішчы выкліча забруджанне тэрыторыі, якое будзе пашырацца праз паветра ці грунтавыя воды…

Падаецца, што ў Беларусі з крытычна важнай «ядзернай» інфармацыяй склалася сітуацыя такая ж, як была ў СССР у часы той самай аварыі ў Чарнобылі. Тады камуністычныя ўлады ўсяляк спрабавалі замаўчаць сітуацыю, «згладзіць вострыя куты», схаваць сам факт здарэння, а, калі гэтага не атрымалася, усяляк пераменшыць маштабы катастрофы.

Беларускую ўладу ў гэтым сэнсе можна з поўным правам называць пераемнікамі СССР. А значыць, і савецкая практыка, і Чарнобыль — працягваюцца.

— З незалежным маніторынгам цяпер увогуле складана ў Беларусі, — разважае эколаг. — І я думаю, гэта выкарыстоўваюць усе дзяржавы, якія не жадаюць пашыраць інфармацыю аб сваёй дзейнасці сярод грамадства, бо гэта можа быць небяспечна для дзяржавы.

Пытанне незалежнага маніторынгу — гэта, у пэўнай ступені, пытанне супрацы з грамадствам. Беларусь цяпер знаходзіцца ў той сітуацыі, калі гэтая супраца парушаная, а новых механізмаў, ці аднаўлення старых механізмаў, зроблена не было. Таму дзяржаўныя органы не хочуць апрылюдніваць інфармацыю аб сваёй дзейнасці, бо палохаюцца, што інфармацыя можа быць выкарыстана супраць іх. Але такое непашырэнне інфармацыі дзейнічае супраць грамадства, супраць простых людзей, таму што людзі проста не ведаюць, што адбываецца, напрыклад, на той жа Астравецкай АЭС.

Так, там ёсць радыяцыйныя дэтэктары, якія можна паглядзець на сайце АЭС, ёсць пэўныя незалежныя дэтэктары, але што творыцца ўнутры АЭС, што адбываецца з рэактарам — інфармацыі няма. Таму гэта вялікі раскол, які існуе паміж дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі і грамадствам, і добра, каб ён як мага хутчэй быў бы пераадолены.


У недахопе важнай для грамадства інфармацыі ёсць яшчэ адзін нядобры момант. Чым менш такой інфармацыі, тым больш людзі не давяраюць дзяржаўным інстытутам. Бо, калі яны замоўчваюць нейкія факты, у людзей складаецца ўражанне, што ад іх нешта хаваюць. А прыхоўваць нешта добрае, зразумела, не будуць.

Адсюль у грамадства расце трывожнасць, і ў дадзеным выпадку — можа быць, нават радыёфобія. Тая самая радыёфобія, на якую шматкроць наракалі ўлады. Але выкліканая яна менавіта дзеяннямі ўлады.

— Спадзяюся, што нічога дрэннага на Астравецакай АЭС не адбываецца. Зараз тыя магчымасці, якія мы маем, кажуць пра тое, што выкідаў радыяцыі няма. Але як адбываецца працэс на самой станцыі, як працуе рэактар — гэта таямніца, якая знаходзіцца за пячаткамі.

Экалагічная супольнасць увогуле выступае супраць будавання і выкарыстання АЭС. Сёння ёсць тэхналогіі, якія дазваляюць выкарыстоўваць і развіваць аднаўляльныя крыніцы энергіі, і гэта можа быць больш бяспечна, добра і цікава Беларусі як грамадству, — дадае Аляксей Аўчыннікаў.

І ўжо дакладна аднаўляльныя крыніцы энергіі не будуць «таямніцай пад грыфам сакрэтна».

Таму мы можам казаць, што Чарнобыль у Беларусі працягваецца. Калі не фізічна, то ў дзеяннях улады і галовах людзей.