У Беларусі пабудуюць сховішча ядзерных адкідаў. Дзе і якія?
Да 2030 года ў Беларусі павінна з'явіцца сховішча радыеактыўных адкідаў. Эксперты патлумачылі DW, як можа выглядаць ядзерны могільнік і якія пляцоўкі для яго размяшчэння найбольш верагодныя.
На сёння ў Беларусі больш за 750 кампаній з'яўляюцца крыніцамі радыеактыўных адкідаў (РА). Збірае і захоўвае іх прадпрыемства «Экарэс», яго прамысловая пляцоўка знаходзіцца пад Мінскам. Некаторыя сховішчы «Экарэса», паводле ацэнкі Дзяржатамнагляду, праслужаць да 2046 года, а далей іх павінны закансерваваць.
Аднак асноўнай крыніцай радыеактыўных адкідаў у РБ з'яўляецца першая ў краіне атамная электрастанцыя. Адпрацаванае ядзернае паліва з беларускай АЭС улады разлічваюць адпраўляць на перапрацоўку ў Расію. Але частка яго потым вернецца назад. У гэтай сувязі ўлады і вырашылі стварыць сваю сістэму доўгачасовага захоўвання і пахавання РА.
Якія адкіды адправяць у Расію?
У лютым урад Беларусі зацвердзіў (ужо не ў першы раз) стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі, якая ўключае тры этапы. На першым этапе (да 2030 года) будзе створаны нацыянальны аператар па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі і пабудаваны пункт для іх пахавання. На другім (2030-2050 гады) будуць зачыненыя дзеючыя могільнікі, а змешчаныя там адкіды перавязуць у цэнтралізаваны пункт. У Беларусі ўсё яшчэ застаюцца радыеактыўныя адкіды часоў СССР, у тым ліку пункты пахавання, якія ўтварыліся ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
На трэцім этапе (пасля 2050 года) будзе працягнутая аптымізацыя сістэмы пахавання адкідаў чарнобыльскага паходжання.
Такім чынам, асноўная крыніца радыеактыўных адкідаў — гэта Беларуская АЭС у Астраўцы. У Дзяржатамнаглядзе адзначаюць, што пры стварэнні стратэгіі абапіраліся, перш за ўсё, на расійскі вопыт. Там падзяляюць радыеактыўныя адкіды і адпрацаванае ядзернае паліва (АЯП). АЯП — найбольш небяспечная частка адкідаў, якую выгружаюць з рэактараў пасля працы. Згодна з стратэгіяй, іх з РБ будуць адпраўляць у РФ.
Як тлумачыць рэдактар рэсурсу Atominfo Аляксандр Увараў, адпрацаванае ядзернае паліва — гэта сыравіна для атамнай энергетыкі. «У Расіі яго перапрацоўваюць, — працягвае эксперт. — Першая партыя (з БелАЭС. — Рэд.) паступіць прыкладна ў 2032 годзе. Да таго яна будзе захоўваецца ў спецыялізаваным басейне на самой атамнай электрастанцыі. Калі паліўная зборка выгружаецца з рэактара, яна занадта гарачая для транспарціроўкі, увесь гэты час яе будуць астуджаць».
«Увоз замежнага АЯП для перапрацоўкі — платная паслуга»
Эксперт праграмы «Бяспека радыеактыўных адкідаў» расійскага сацыяльна-экалагічнага Саюза (РСоЭС), інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі дадае, што краіны, якія валодаюць ядзернай зброяй, глядзяць на АЯП як на рэсурс, паколькі ў любым рэактары, які працуе на уранавым паліве, непазбежна ўтворыцца плутоній, які мае ваеннае значэнне.
«Рэактарны плутоній па сваіх характарыстыках адрозніваецца ад зброевага, але з яго ўсё ж можна ствараць ядзерныя выбуховыя прылады, — удакладняе суразмоўца. — Увоз замежнага АЯП, нават для перапрацоўкі, — гэта платная паслуга. На будаўніцтва АЭС (у Астраўцы. — Рэд.) Расія дала Беларусі крэдыт, але ў свеце няма практыкі даваць пазыку на абыходжанне з радыеактыўнымі адкідамі».
Расійскае заканадаўства дапускае ўвоз замежнага АЯП толькі з мэтай «часовага тэхналагічнага захоўвання і (або) перапрацоўкі». Пры гэтым частка беларускіх радыеактыўных адкідаў павінна вярнуцца назад, гэта замацавана і ў расійскім законе «Аб навакольным асяроддзі», і ў стратэгіі Беларусі ў абыходжанні з РА.
Што будзе захоўвацца ў беларускім сховішчы і дзе яго пабудуюць?
Афіцыйная пазіцыя Мінска зводзіцца да таго, што Масква забярэ сабе не толькі плутоній з уранам, але ўсе доўгажывучыя радыеактыўныя адкіды — пад 200 радыенуклідаў, якія маюць дастаткова працяглы перыяд паўраспаду, адзначае Андрэй Ажароўскі. «У Беларусі лічаць, што Расія верне Мінску толькі цэзіевую і стронцыевую фракцыі, іх трэба захоўваць 300 гадоў, каб рэчывы распаліся да непрыкметных канцэнтратаў», — тлумачыць эксперт.
У Міністэрстве энергетыкі Беларусі кажуць, што нізкаактыўныя і сярэднеактыўныя адкіды будуць знаходзіцца ў сховішчах 10 гадоў і затым перавозіцца ў пункт пахавання. Высокаактаўныя адкіды будуць размешчаны на тэрыторыі БелАЭС на працягу тэрміну яе эксплуатацыі, а далей прадугледжваецца доўгачасовае іх захоўванне. На думку Ажароўскага, у Беларусі будзе пабудавана сховішча прыпаверхневага тыпу, Расатам цяпер узводзіць некалькі такіх аб'ектаў.
Як яны выглядаюць? Бетонныя канструкцыі сыходзяць прыкладна на чатыры метры ўніз і чатыры ўверх. Зверху ўкладваюцца пласты гліны, пяску, геатэкстыль, робіцца пагорак. Павінна быць, па словах эксперта, выканана два прынцыпы — рэгулярны маніторынг і магчымасць у будучыні, калі будзе знойдзена лепшае рашэнне для ўтылізацыі, разабраць канструкцыю.
Беларускія ўлады пакуль не паведамляюць, дзе менавіта размесціцца сховішча. Андрэй Ажароўскі лічыць найбольш верагоднымі два варыянты — у раёне Астраўца, дзе мясцовыя жыхары ўжо прывыклі да суседства з АЭС, таму хваляванняў будзе менш; альбо на тэрыторыі, забруджанай радыяцыяй пасля аварыі ў Чарнобылі. «Там нібыта таксама не будзе супраціву, але гэта дрэнная ідэя — падняць заражаную зямлю, каб ствараць там інфраструктуру», — сказаў на заканчэнне эксперт.