Дзе ў Беларусі можа з'явіцца радыеактыўны могільнік і наколькі гэта небяспечна для навакольных?
У Беларусі пабудуюць могільнік пад радыеактыўнае смецце. У планах улады — узвесці яго да 2030 года. Але пакуль невядома нават, у якім раёне плануецца яго зрабіць.
У Беларусі пачалі распрацоўваць сістэму доўгачасовага захоўвання і пахавання радыеактыўных адходаў. Да 2030 года ўлады абяцаюць пабудаваць пункт захоўвання (могільнік) для смецця такога кшталту, якое ўтвараецца на атамнай электрастанцыі, а таксама ў прамысловасці і медыцыне. Пакуль для яго не выбралі нават пляцоўку, але пытанні бяспекі захоўвання небяспечных рэчываў турбуюць многіх беларусаў.
Каб адказаць на самыя папулярныя з іх, «Люстэрка» вывучыла досвед іншых краін, паглядзела даследаванні і звярнулася па каментар да фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага. Пагаварылі з ім у тым ліку пра тое, дзе можа з’явіцца такі могільнік.
Калі ў Беларусі востра паўстане пытанне пахавання радыеактыўных адходаў з АЭС
Выпрацоўка электраэнергіі на АЭС звязана з вытворчасцю адходаў, у тым ліку радыеактыўных. Яны ёсць на станцыі ўжо цяпер. Радыеактыўныя адходы можна падзяліць на «смецце», з якога пасля адпрацоўкі не атрымаеш карысці, яго трэба пахаваць, і на адпрацаванае ядзернае паліва, з якога можна атрымаць выгаду пасля перапрацоўкі — здабыць плутоній і недавыгаралы ўран, а потым ужо гэтае паліва пахаваць.
Дарэчы, такія радыеактыўныя адходы ўтвараюцца не толькі на АЭС. У Беларусі ўжо ёсць пункт, дзе складваецца радыеактыўнае смецце. Ён знаходзіцца на тэрыторыі спецпрадпрыемства «Экарэс» у пасёлку Сосны пад Мінскам. Але там не змогуць захоўваць адходы АЭС.
Цяпер частка адходаў, у тым ліку адпрацаванае ядзернае паліва першага энергаблока, знаходзіцца ў спецыяльным прырэактарным сховішчы на самой станцыі, разлічаным на 10 гадоў. То-бок у Беларусі ёсць час на стварэнне могільніка для далейшага захоўвання адходаў.
Пытаннем пра тое, што рабіць з адходамі з АЭС, улады ў Беларусі задаліся праз шмат гадоў пасля пачатку будаўніцтва самой станцыі. На яго дагэтуль няма канчатковага адказу. У 2022 годзе — праз два гады пасля вываду ў прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока АЭС — Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць «надзейную сістэму абыходжання з такога кшталту адходамі». Прыкладна праз пяць месяцаў пасля гэтага з’явілася рашэнне стварыць аператар, які будзе адказваць за будаўніцтва і кіраванне гэтым аб’ектам. Хто туды ўваходзіць і каму будзе падпарадкоўвацца гэтая структура, дагэтуль невядома. У той жа час Лукашэнка высунуў патрабаванне: «Ніякай нагрузкі на бюджэт, ніякіх дадатковых міністэрстваў, ведамстваў пад грыфам «аператара».
Што гэта за адходы і колькі іх
У стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі БелАЭС гаворыцца, што за час эксплуатацыі станцыі, то-бок за 60 гадоў, утворыцца 9360 кубаметраў цвёрдых радыеактыўных адходаў розных катэгорый. Гэта параўнальна з 40 алімпійскімі басейнамі. Разам з імі будзе ўтварацца 60 кубаметраў высокаактыўных радыеактыўных адходаў, што можна параўнаць з умяшчальнасцю кузава БЕЛАЗ-7513.
Атрымліваецца, што ў сярэднім за кожны год працы БелАЭС будзе ўтварацца амаль 1,7 тысячы кубаметраў цвёрдых радыеактыўных адходаў. Але гэта яшчэ не ўсё: пасля таго, як два энергаблокі адпрацуюць свой тэрмін пасля вываду іх з эксплуатацыі, дадаткова ўтвараецца больш за 4,1 тысячы кубаметраў такога смецця.
Фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі адзначае, што любая атамная электрастанцыя вырабляе разнастайныя радыеактыўныя адходы. Яны могуць быць газападобнымі, вадкімі і цвёрдымі. Першыя праходзяць праз шматлікія фільтры і сістэмы ачысткі. Другія, як правіла, пераводзяць у стан цвёрдых. Менавіта апошнія трэба будзе дзесьці размяшчаць.
Самыя небяспечныя з іх — высокаактыўныя адходы. Іх утвараецца ад 0,2% да 3% ад агульнага аб’ёму. Але менавіта ў іх утрымліваецца максімальная канцэнтрацыя радыеактыўных рэчываў. У асноўным яны атрымліваюцца ў выніку адпрацоўкі ядзернага паліва (пра іх раскажам далей). Небяспечнымі яны застаюцца дзясяткі тысяч гадоў. Сярэднеактыўныя складаюць да 7%. Гэта кампаненты рэактара і графіт з актыўнай зоны рэактара. Каля 90% адходаў — нізкаактыўныя. Гэта ў тым ліку сапсаваныя інструменты, рабочае адзенне. Для іх пахавання ў Беларусі плануюць будаваць спецыяльны могільнік.
Што ўяўляе сабой адпрацаванае паліва і што з ім робяць
Інакш з адпрацаваным ядзерным палівам.
У Беларусі ў 2022 годзе правялі першую перагрузку адпрацаванага ядзернага паліва. Як таго патрабуе рэгламент, замянілі 48 са 163 цеплавыдзяляльных зборак з ядзерным палівам.
Па канцэнтрацыі рэчываў гэта самыя небяспечныя адходы. Але яны займаюць меншую долю ў параўнанні з іншым радыеактыўным смеццем.
— У многіх краінах адпрацаванае ядзернае паліва з самага пачатку лічыцца радыеактыўнымі адходамі. Бельгія, Швецыя, Францыя выдаткоўваюць велізарныя грошы, каб яго пахаваць, не падвяргаючы перапрацоўцы. Але краіны, якія маюць ядзерную зброю (напрыклад, Расія), прапагандуюць працэс пад назвай перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва. Слова «перапрацоўка» тут можа ўвесці ў зман: пад ёй маецца на ўвазе здабыванне плутонію і недавыгаралага ўрану. Іх абодвух там шмат, — тлумачыць фізік-ядзершчык, падкрэсліваючы, што плутоній мае ў тым ліку ваеннае значэнне.
Выдаткі на працэс здабывання плутонію і ўрану і наступнае пахаванне адпрацаванага ядзернага паліва ў Мінэнерга ацэньвалі ў 2,5−3,5 млрд даляраў за ўвесь перыяд эксплуатацыі БелАЭС.
Як сказана вышэй, Беларусь у бліжэйшыя 10 гадоў будзе захоўваць адпрацаванае ядзернае паліва на самой станцыі. Пасля гэтага яго адправяць у Расію для здабывання плутонію і недавыгаралага ўрану, а адходы, што застануцца пасля гэтага, вернуць у нашу краіну для пахавання. Што бакі будуць рабіць з плутоніем і ўранам, дакладна невядома. Гэта Мінск і Масква мусяць прапісаць у асобным пагадненні да моманту вывазу першай партыі адпрацаванага паліва на перапрацоўку.
Паводле інфармацыі міністра энергетыкі Беларусі Віктара Каранкевіча, паліва пасля перапрацоўкі ў Расіі будуць рыхтаваць да паўторнага выкарыстання і вяртаць у Беларусь. Але дакументаў пра такое пагадненне ў публічным доступе пакуль няма.
Паводле Андрэя Ажароўскага, па гэтай частцы работы з адходамі застаецца шмат пытанняў, бо фармальна здабытыя плутоній і ўран будуць належаць Беларусі. Значыць, Мінск можа прадаць яго Расіі, а можа запатрабаваць вярнуць яго на тэрыторыю нашай краіны. Але невядома, што з ім рабіць далей.
— Лукашэнка цалкам можа сказаць: «Давайце нам усё, што вы здабываеце з нашага паліва. Гэта наш плутоній». Ён можа захацець прадаць яго іранцам, бо плутоній мае ваеннае значэнне. У Беларусі няма камбіната, на якім можна ствараць ядзерную зброю, але хто ведае, раптам ён [Лукашэнка] захоча яго пабудаваць. Памятаеце заявы і шкадаванне, што Беларусь аддала ядзерную зброю ў Расію? — разважае эксперт.
Паводле міжнародных патрабаванняў у пагадненні пра перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва мусіць быць прапісана, што здабытыя кампаненты могуць выкарыстоўвацца выключна для мірных мэт. Але праверыць гэта практычна немагчыма, адзначае Ажароўскі, бо вытворчасць у Расіі адна — аднолькавая і для мірнага атама, і для ядзернай зброі.
— Нельга выключаць, што плутоній можа быць выкарыстаны з ваеннай мэтай. У Расіі на гэта ёсць усе правы, бо гэта афіцыйна ядзерная дзяржава. Ніякія інстанцыі МАГАТЭ і ведаць не будуць [пра тое, што менавіта адбывалася са здабытымі небяспечнымі металамі].
Што робяць з радыеактыўнымі адходамі
Але вернемся да радыеактыўнага смецця, якое не падлягае перапрацоўцы і пад пахаванне якога будуць ствараць могільнік. Такія радыеактыўныя адходы імкнуцца бяспечна захоўваць да лепшых часоў, то-бок да моманту, калі чалавецтва навучыцца нейтралізаваць небяспечныя рэчывы, што ўтрымліваюцца ў такім смецці, захоўваць яго больш абаронена або пакуль за сотні ці тысячы гадоў адходы не стануць бяспечнымі для навакольнага асяроддзя. Лепшага рашэння чалавецтва яшчэ не прыдумала. Адзін са спосабаў (ён самы папулярны) — прыпаверхневае захоўванне, то-бок у спецыяльных кантэйнерах на ўзроўні зямлі або на глыбіні не большай за 10 метраў. Другі — глыбокае пахаванне ў шахтах на глыбіні 250−1000 метраў у зямлі або свідравінах — 2−5 кіламетраў.
У Беларусі могільнік для такіх адходаў плануюць пабудаваць да 2030 года. У Дзяржатамнаглядзе мяркуюць, што тэрмін працы такога сховішча можа скласці да 500 гадоў. А паводле Андрэя Ажароўскага, цяпер няма тэхналогій, якія маглі б гарантаваць бяспеку і трываласць такіх могільнікаў на сотні гадоў.
— Могільнік, які «Расатам» цяпер будуе на «Маяку» [прадпрыемстве па вытворчасці кампанентаў ядзернай зброі], уяўляе сабой заглыбленую на чатыры метры бетонную герметычную канструкцыю. Туды змяшчаюцца кантэйнеры з радыеактыўнымі адходамі, усё гэта засыпаецца. Зверху робіцца пагорак з гідраізаляцыяй — гліна, пясок, зверху саджаецца траўка. І сцвярджаецца, што гэтае збудаванне даўжынёй дзясяткі метраў мусіць утрымліваць унутры сябе радыеактыўныя адходы 300 гадоў, — апісвае будынак аднаго са сховішчаў у Расіі фізік-ядзершчык. — Гэта тэхналогія выклікае пытанні. Напрыклад, колькі вытрымае ніжняя бетонная пліта, калі нейкі падземны ручаёк памяняе плынь. Мы ж ведаем, што клімат мяняецца, можна меркаваць, што гідралагічныя рэжымы таксама могуць мяняцца. А бетон — матэрыял не вечны.
Можна было б дапусціць варыянт вывазу такога смецця, напрыклад, у Расію, бо там ужо дзейнічаюць спецыяльныя сховішчы. Але закон гэтай краіны забараняе прымаць радыеактыўныя адходы ад іншых дзяржаў, падкрэслівае эксперт. На ягоную думку, Масква наўрад ці зменіць правілы для Беларусі:
— Якія б ні былі адносіны з Расіяй ці з іншымі краінамі, ніхто вашы адходы не забярэ. Уключылі атамную станцыю — жывіце ў той краіне, у якой будуць радыеактыўныя адходы.
Дзе будзе знаходзіцца могільнік
Беларускія ўлады пакуль не вырашылі, ва ўсякім разе пакуль не паведамілі, дзе менавіта будуць будаваць цэнтралізаваны пункт пахавання радыеактыўных адходаў. Гэта мусіць прадумаць нацыянальны аператар па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Як сцвярджаюць чыноўнікі, у першую чаргу для гэтага будуць разглядаць тэрыторыю, забруджаную пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключаючы Палескі радыяцыйны запаведнік.
Андрэй Ажароўскі адзначае, што не гэтак важна, выкарыстоўваецца ўжо забруджаная тэрыторыя ці не, а важна, ці падыходзіць мясцовасць пад патрабаванні для будаўніцтва такога аб’екта.
— Беларусі ў гэтым плане прасцей. Ва ўмовах дэмакратыі растлумачыць насельніцтву аднаго рэгіёна, што яны мусяць прыняць адходы з іншай вобласці, немагчыма. Мне здаецца, нават у сітуацыі з абмежаванай дэмакратыяй з гэтым будуць праблемы. Узяць хаця б прыклад Архангельскай вобласці Расіі і яе антысмеццевае паўстанне. А там гаворка ішла пра звычайныя адходы, а не радыеактыўныя. Людзі абураліся, што яны чужых адходаў не хочуць на сваёй тэрыторыі. Галоўным было слова «чужыя» (на гэты палігон планавалася вывозіць смецце з Масквы і іншых рэгіёнаў. — Заўв. рэд.), — адзначае эксперт і дадае, што ў гэтым плане зона адсялення можа дапамагчы абысці абурэнне мясцовых жыхароў.
— З пункту гледжання піяру гэта выглядае даволі прыгожа. Маўляў, тут ужо ёсць бруд, давайце дадамо яшчэ, — каментуе эксперт. — Але з пункту гледжання абгрунтаванасці трэба глядзець на стан геалагічных структур. Мне здаецца, што адзінае месца, дзе размяшчэнне радыеактыўных адходаў не выкліча ніякіх пратэстаў — гэта сама АЭС. Такія рашэнні часта прымаюцца ў сусветнай практыцы. У нейкім сэнсе насельніцтва, якое жыве побач з АЭС, карумпаванае, бо атамшчыкі будуюць для мясцовых дарогі, школы. Значыць, можна чакаць, што будзе менш праціўнікаў такога рашэння.
Калі ў Беларусі з’явіцца могільнік такіх адходаў, ці не атруціць ён ваду ў ваколіцах
Першапачаткова могільнікі прадумваюцца так, каб радыеактыўнае смецце ніякім чынам не ўзаемадзейнічала з навакольным асяроддзем. У ваколіцах робяцца спецыяльныя назіральныя свідравіны, якія мусяць выявіць радыенукліды ў выпадку іх уцечкі.
Аднак калі падчас будаўніцтва або ў працэсе захоўвання такіх адходаў выкарыстоўваюцца няякасныя матэрыялы, дапускаюцца памылкі або здараюцца аварыі, найбольш імавернай рызыкай будзе траплянне небяспечных рэчываў у грунтавыя воды. Такая рызыка датычыць не толькі Беларусі, яна актуальная для ўсіх могільнікаў, змешчаных на ўзроўні зямлі або пад ёй.
Атрымліваецца, што калі зыходзіць з таго, што могільнік будуецца паводле сучасных тэхналогій з захаваннем усіх патрабаванняў і нормаў, а таксама ўяўляе сабой максімальна абаронены аб’ект, то можна не турбавацца з нагоды ўцечкі небяспечных рэчываў. Але стоадсоткавай гарантыі, што ўсё будзе менавіта так, няма. Праект Беларускай АЭС ужо адзначыўся ўнікальным досведам, які паказаў імавернасць павелічэння рызыкі наяўнасці небяспечнага аб’екта. Гэта як мінімум два інцыдэнты з корпусам для рэактара першага энергаблока, які спачатку падчас транспартавання ўдарылі аб слуп, а потым падчас падрыхтоўкі да ўсталявання ён зваліўся з вышыні 3−4 метраў або, як заяўлялі ў «Расатаме», «судакрануўся з зямлёй». Гэтая ж гісторыя паказвае рызыку ўтойвання інфармацыі: «Расатам» і беларускія ўлады два тыдні замоўчвалі праблему, а забудоўшчык «Атамбудэкспарт» адмаўляў наяўнасць інцыдэнту.
Самы блізкі да Беларусі прыклад уцечкі — закрытае сховішча радыеактыўных адходаў Майшагала ў Літве, куды ў савецкія часы дастаўлялі ў тым ліку такое смецце з Гродзенскай вобласці. Недалёка ад сховішча даследчыкі зрабілі некалькі свідравін, каб браць пробы грунтавых вод і правяраць, ці няма ўцечак небяспечных рэчываў. У нейкі момант там выявілі трыцій — радыеактыўны ізатоп вадароду. Яго канцэнтрацыя не была небяспечнай. Аднак і аварый або відавочных няспраўнасцей на могільніку таксама не было. У выніку давялося павялічваць бяспеку сховішча, каб пазбегнуць трапляння туды вады і яе наступнага вываду з небяспечнымі рэчывамі.
Паводле Андрэя Ажароўскага, уцечкі могуць здарацца не толькі праз парушэнні патрабаванняў бяспекі, але таксама ў сувязі са зносам матэрыялаў або прыродных змяненняў, напрыклад, узроўню грунтавых вод, іх плыні.
Ці можна будзе ў мясцовасці, дзе пабудуюць могільнік, збіраць ягады і грыбы
— Побач з могільнікам, які ідэальна працуе і цалкам ізаляваны ад навакольнага асяроддзя, першы час збіраць грыбы і ягады будзе можна. А далей усё будзе залежаць ад якасці могільніка. Калі ён працячэ, то збіраць іх будзе забаронена праз распаўсюджанне небяспечных радыенуклідаў у навакольным асяроддзі. У гэтым выпадку навакольнае асяроддзе будзе забруджанае, — тлумачыць эксперт.