Гартэнзія, ружа, барвінак — альтэрнатыва штучным кветкам на могілках
Калі вы набываеце штучныя кветкі — выдаткоўваеце грошы на смецце. Прычым, што асабліва страшна, — на небяспечнае смецце! А выкідваюць на Радаўніцу тоны старога пластыка! Тэрмін раскладання штучных кветак складае ад ста да пяцісот гадоў, другаснай перапрацоўцы яны не падлягаюць. А пры спальванні гэтага смецця ў паветра выкідваюцца цяжкія металы і дыяксіны, шкодныя здароўю людзей, асабліва дзяцей. Што рабіць? Як экалагачна ўпрыгожыць могілкі?
Штогод на Радаўніцу гандлёвыя пляцоўкі запаланяе процьма стракатых штучных кветак, і гэтаксама штогод прыродаахоўныя арганізацыі кажуць пра іх шкоду.
Пластыкавая ліхаманка на Радаўніцу пачалася ўсяго 15—20 гадоў таму, але ўжо паспела ўвайсці ў звычку большасці беларусаў.
Экалагічная арганізацыя «Экадом» распавядае, як проста і бязбольна «перасесці» з пластыкавых упрыгожанняў на натуральныя.
Эколагі супраць. І нават царква супраць. А вы?
Аргументы аматараў прыносіць пластык на могілкі часта зводзяцца да «гэта проста», «гэта нядорага», «усё так робяць» ці «не магу прыходзіць на могілкі часта, а пластыкавыя кветкі каштуюць год». Гэта сапраўды проста і нядорага, але не складаней і не даражэй, чым пасадзіць на магіле жывыя кветкі, якія будуць «стаяць» значна даўжэй за год.
Па сутнасці, купляючы пластыкавыя кветкі, вы купляеце смецце. Любая пластыкавая кветка — гэта «букет» з розных відаў пластыка. Там і пенапласт, і латэкс, і поліэстр, и арганза... Праз складанасці сартавання такую кветку немагчыма экалагічна ўтылізаваць, а значыць, шкодныя рэчывы трапляюць у глебу, ваду і паветра.
А выкідваюць на Радаўніцу тоны пластыка! Штогод на палігоны цвёрдых бытавых адходаў адпраўляецца каля 1 мільёна пластыкавых кветак. Тэрмін іх раскладання складае ад ста да пяцісот гадоў, другаснай перапрацоўцы яны не падлягаюць. Больш за тое, пры спальванні гэтага смецця, у паветра выкідваюцца цяжкія металы і дыяксіны, шкодныя здароўю людзей, асабліва дзяцей.
Прадстаўнікі царквы таксама перыядычна выказваюць негатыўнае стаўленне да пластыка на могілках. Пра гэта піша і праваслаўны партал Sobor.by. Агульны пасыл зводзіцца да таго, што стракатыя, кіслотныя тоны афармлення штучных букетаў не супастаўныя з атмасферай могілак — сакральнага месца. Да таго ж, паводле хрысціянскай традыцыі, памерлыя — гэта жывыя людзі, якія перайшлі ў іншы свет. Таму ім трэба дарыць жывыя кветкі, калі хтосьці раптам перакананы ў адваротным.
Якія кветкі пасадзіць на могілках?
Жывыя кветкі на магіле таксама могуць быць практычнымі. Слушнае рашэнне — высадзіць шматгадовыя расліны, і менавіта такія, якія не патрабуюць асаблівых умоў для вырастання або ўтрымання — устойлівыя да засух і марозаў. Прапануем самыя зручныя і дарэчныя варыянты афармлення ўчастка на могілках.
Дывановыя расліны
Нізкарослыя культуры, якія сцелюцца па зямлі яшчэ называюць дывановымі раслінамі. Яны не толькі прыгожыя, але таксама душаць пустазельныя расліны, а значыць працы на могілках стане менш. Смела можна высадзіць:
- барвінак — можа быць з блакітнымі, чырвонымі, малінавымі кветкамі, ён добра пераносіць цень і непатрабавальны да складу грунту;
- гваздзіка травянка — не расце вышэй за 6 сантыметраў, квітнее малінавымі, чырвонымі, белымі або чырвона-белымі кветачкамі амаль увесь сезон. Галоўнае не садзіць яе ў глухой цені;
- гарлянка паўзучая — адна з самых непатрабавальных раслін нашай падборкі, стварае мяккі фон, якім можна дапаўняць іншыя кветкі;
- іберыс — квітнее белымі кветкамі, здольны мірыцца з частковым зацяненнем.
Хмызнякі
На могілках можна пасадзіць адзіночныя саліцёры. Гэты від раслін часцей выбіраюць для ўпрыгожвання перыметра магілы. Яны павінны быць кампактнымі і не мець глыбокіх каранёў. Часцей за ўсё людзі абіраюць:
- пладаносныя — барбарыс, шыпшыннік;
- гартэнзіевыя — гартэнзія, язмін;
- хмызняковыя ружы — Alexandre Girault, Blushing Bride, Maria Liesa.
Для руж неабходна больш пажыўная глеба, таму не факт, што яны прыжывуцца на могілках, але паспрабаваць можна: гэта спакойныя, высакародныя кусты.
Сезонныя кветкі
Перыяд цвіцення такіх раслін прыпадае на пэўны сезон. Тут варыянтаў таксама шмат, але абраць лепш шматгадовыя расліны.
Па традыцыях, на беларускіх землях на могілках высаджвалі браткі, аднак гэта расліна аднагадовая, якая ў наступным годзе не ўзыдзе. Касачы, незабудкі, нарцысы, стакроткі — прыгожы, дарэчны і практычны выбар, а апошнія, да таго ж, добра прыжываюцца ў цені. Выбірайце бягоніі, прымулы, фіялкі, цюльпаны — для вясны; сухацвет, афаналіс і лаванду — для лета; а ўвосень квітнеюць аксаміткі і верас.
— Калі адысці ад кветак, то для афармлення магілы таксама выкарыстоўваюць дэкаратыўны мох, плюшч, нізкарослыя дрэвы, — дзеліцца «Экадом». — Як толькі вы ўбачыце, як змянілася магіла з першым красаваннем, запэўніваем, што не захочаце больш несці на могілкі родным пластык, які неўзабаве пайдзе на сметніцу.
Паводле прэс-рэлізу