У Германіі больш няма атамных электрастанцый. Дасье ў карыкатурах

У ноч на 16 красавіка ў Германіі адключылі ад энергасеткі тры апошнія атамныя электрастанцыі. Вось так скончылася амаль паўвекавая барацьба нямецкага грамадства з "мірным атамам".

8_183.jpg

Малюнак з рэсурсу https://www.toonpool.com


Эксплуатацыя АЭС пачалася ў ФРГ у 1960-я. Спачатку немцы ўспрымалі гэта асцярожна, але неўзабаве нават віталі развіццё атамнай энергетыкі і будаўніцтва новых АЭС. Справа ў тым, што ў 1970-я пачаўся рост коштаў на нафту, які справакаваў шэраг дзяржаў Блізкага Усходу. Закрануў крызіс і немцаў. Як ілюстрацыя — карыкатура 1973 года. На малюнку выдання The Time арабскі шэйх пагражае вядучым палітыкам Захаду спыніць падачу нафты. Сярод тых палітыкаў і Вілі Брандт — тагачасны канцлер Заходняй Германіі.

1_701.jpg


Аднак неўзабаве захапленне атамнай энергетыкай прыкметна зменшылася. Стала відавочна, што АЭС тэхнічна небяспечныя, а праблема захаванняў адкідаў не вырашана. Набыла папулярнасць тэма абмежаванасці рэсурсаў на планеце. У сярэдзіне 1970-х у ФРГ пачаліся першыя пратэсты супраць будаўніцтва АЭС. Спачатку гэта былі лакальныя ініцыятывы, якія арыентаваліся нават на кансерватыўныя партыі. Аднак неўзабаве на чале руху сталі левыя радыкалы. Як вынік акцыі супраць АЭС часта суправаджаліся сутычкамі з паліцыяй. Тэма канфрантацыі эколагаў і сілавікоў зафіксуецца і ў агітацыйных матэрыялах. Напрыклад, на гэтым плакаце 1977 года.

2_649.jpg


Дадатковы імпульс рух атрымаў у часы новага этапа гонкі ўзбраенняў. Размяшчэнне ў Заходняй Еўропе амерыканскай ядзернай зброі ўспрымалі як фрагмент пагрозы, якую нясе эксплуатацыя атама. Пацыфізм ахапіў шматлікія сектары. Вось так выяўлялі сябе феміністкі таго часу. Малюнак з рэсурсу Can Stock.

3_582.jpg


У гэты час рух супраць АЭС у Германіі дасягнуў сваёй кульмінацыі. Акцыі супраць АЭС збіралі да 400 тысяч чалавек. Адной з яркіх старонак гісторыі руху стаў захоп будаўнічай пляцоўкі каля Гарлебену. На захопленай тэрыторыі была абвешчана Свабодная Рэспубліка Вайнланд з усімі атрыбутамі, у тым ліку гербам.

4_545.png


Менавіта на гэтай хвалі ў 1983-м упершыню ў Бундэстаг прайшлі Зялёныя. На той момант гэта была хутчэй партыя ідэалістаў-рамантыкаў, якія слаба разумелі, як працуе дзяржаўная сістэма. Зрэшты, паступова Зялёныя трансфармаваліся ў больш-менш звычайную партыю. Мастак Харм Берген намаляваў, як змяніўся імідж актывіста Зялёных з 1983-га па 2013-ты.

5_503.jpg


У 1998 годзе пасля перамогі на выбарах у Бундэстаг сацыял-дэмакраты пачалі шукаць партнёра па кааліцыі. Зялёныя пагадзіліся ўвайсці ва ўрадавы блок пры ўмове адмовы ад ядзернай энергетыкі. У 2002 годзе гэта рашэнне было замацавана заканадаўча. Для АЭС быў устаноўлены агульны тэрмін эксплуатацыі каля 32 гадоў, а апошняя станцыя павінна была закрыцца ў 2022 годзе. Усё той жа мастак Харм Берген параўноўваў закрыццё АЭС з разбуральнымі дзеяннямі коміксавага супергероя Халка, які, як вядома, таксама зялёнага колеру.

6_375.jpg


Рашэнне аб закрыцці АЭС неўзабаве было перагледжана. Пасля прыходу да ўлады Ангелы Меркель у 2009 годзе, яна зноў працягнула тэрмін эксплуатацыі 17 АЭС. Дзеянні Меркель выданне Der Welt адлюстравала наступным чынам.

7_273.jpg


Усё гэта адбывалася на фоне заняпаду партыі Зялёных, і шмат хто ў думках ужо пахаваў надзеі на закрыццё АЭС. Але тут у 2011-м у Японіі адбылася катастрофа на АЭС «Фукусіма-1». Пад ціскам напалоханай грамадскасці кабінет Меркель пагадзілася з закрыццём усіх станцый.

І вось сёння гісторыі барацьбы эколагаў з АЭС пастаўлена кропка. На тэрыторыі краіны больш няма атамных станцый, якія функцыянуюць. Рашэнне вельмі не простае. Праз падзеі ва Украіне энергетычная праблема ў Германіі вельмі актуальная. Так ці інакш сёння нямецкія эколагі могуць адкаркоўваць шампанскае. Прычым, як намалявана на гэтым малюнку, тое шампанскае можа выглядаць вельмі арыгінальна. Малюнак з рэсурсу https://www.toonpool.com

8_183.jpg