Ці варта несці на могілкі штучныя кветкі?
На Радаўніцу — у дзень памінання памерлых — на магілкі нясуць букеты пераважна з пластыкавых кветак. Па падліках эколагаў, штогод на могілках краіны аказваецца каля мільёна штучных руж, гваздзікоў і хрызантэм.
Продаж штучных кветак — прыбытковы сезонны бізнэс: скрынкі з пластыкам выносяць да ўваходаў у метро, букецікамі гандлююць ля падземных пераходах, паблізу буйных рынкаў і крам. На куплю штучных кветак беларусы марнуюць кожны год каля паўмільёна долараў. Людзі па звычцы купляюць да Радаўніцы, спадзеючыся, што такая «флора» дацягне на родных могілках хаця б да наступных дзён памінання памерлых — Траецкай і Дзімітраўскую суботу.
Хоць, па словах мастака-афарміцеля КУП «Спецкамбінат КБА» Людмілы Лінчык, якая даволі даўно працуе ў сферы рытуальных паслуг, дождж і прамяні пякучага сонца не шкадуюць нават штучныя кветкі. Ужо праз месяц-другі яны пакрываюцца пылам, губляюць «свежасць» і выглядаюць даволі непрывабна.
— Затое па вясне ў кантэйнерах у могілак — горы пластыка. Вядома, ёсць выдатная альтэрнатыва — жывыя кветкі. Можна пасадзіць каля каменя кусцік хрызантэмы — ён каштуе рубля 4, не болей. Ці нейкія невысокія іглічныя расліны. Але часцяком людзі бачаць, што на суседняй магілцы сапраўдная аранжарэя з штучных кветак, і хочуць сабе такую ж шматколернасць. Быццам спаборніцтва, у каго лепш, больш страката. Хоць я не разумею: у чым сэнс гэтага маскараду на могілках? Сама працую з штучнымі кветкамі: з іх можна стварыць стрыманую фларыстычную кампазіцыю, якая будзе ўпрыгожваць надмагільны камень і ня глядзецца задзірліва. Ёсць добрыя матэрыялы — бавоўна, атлас, якія выглядаюць годна і высакародна.
Эксперты кажуць, што на нашым рынку рытуальных паслуг не так шмат фларыстаў, якія працуюць з жывымі кветкамі. І справа тут не ў недахопе выканаўцаў, а ў магчымасцях заказчыка: не кожнаму па кішэні кампазіцыя або вянок з пахучых руж, гваздзікоў, хрызантэм, лілей.
Што раяць фларысты: якія кветкі пасадзіць на магіле
Цыбульныя кветкі. Нарцысы, ландышы, гіяцынты і крокусы — мнагалетнікі і не патрабуюць адмысловага дагляду Можна таксама выкарыстоўваць цыбуліны гладыёлусаў і вяргіняў, але іх давядзецца выкопваць восенню, каб зноў высадзіць вясной.
Герань. Яна хутка разрастаецца, а яе шчыльныя кусты перашкаджаюць росту пустазелля. Лепш абраць нізкарослыя віды, каб галіны не захілілі ўсё надмагілле.
Хрызантэмы. У іх маса плюсаў. Па-першае, квітнеюць на працягу ўсяго лета і восені. Па-другое, шматгадовыя холадаўстойлівыя гатункі змогуць перажыць нават самую марозную зіму.
Палявыя кветкі. Гэтыя кветкі абсалютна не патрабуюць дагляду. Можна зрабіць выбар на карысць аксамітак, сальвіі або цыніі, якія будуць квітнець на працягу многіх гадоў.
Ілюстрацыйнае фота. pixabay.com
Што кажуць эколагі
Кіраўнік праграмы па экалагічнаму ладу жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар'я Чумакова можа раскласці кожную кветку на складнікі і растлумачыць, чаму штучныя букеты так шкодзяць прыродзе. Па-першае, пластмаса, з якой іх робяць, раскладаецца больш за 100 гадоў. Па-другое, перапрацоўцы штучныя кветкі не паддаюцца: усталяваць тып пластыка для адпаведнага сартавання адходаў даволі складана, кветкі ўтрымліваюць шмат пабочных матэрыялаў, якія цяжка падзяліць. Увогуле, пазбавіцца ад іх, не нашкодзіўшы экалогіі і чалавеку, нерэальна.
— Пялёсткі — гэта сінтэтычныя тканіны, напрыклад поліэстэр, латэкс, арганза, апрацаваныя рознымі хімічнымі складамі для надання пластычнасці і стойкасці. Для іх афарбоўкі часцей за ўсё выкарыстоўваюцца анілінавыя фарбы, якія ўяўляюць сабой досыць таксічныя злучэнні, якія могуць аказваць негатыўнае ўздзеянне на здароўе, выклікаючы галавакружэнне, галаўны боль, слабасць. Аздабленне кветак і дробны дэкор могуць вырабляцца з пенапласту, які пры награванні (напрыклад, на сонца) вылучае канцэрагеннае рэчыва — стырол. Выкінутыя штучныя кветкі таксама працягваюць вылучаць таксічныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтавыя вады.
Што кажуць традыцыі
Магістр гістарычных навук, этнограф, старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Сарокіна:
— Апошнім часам на могілкі сапраўды нясуць вельмі шмат штучных кветак, і калі разглядаць гэтае пытанне з пазіцыі традыцый, то адбылася нейкая перабудова. Як рабілі нашы продкі? На Сёмуху прыносілі на магілы галінкі ігліцы, зеляніну — усё гэта асацыюецца з абнаўленнем, жыццём. А на Радаўніцу — любыя кветкі, калі яны ўжо з'яўляліся да гэтага свята. Але асноўная мэта была ўсё ж не ўпрыгожыць месца пахавання, а прыбраць іх па вясне, навесці парадак, як наводзілі парадак на падворках. Абудзіць продкаў ад зімовага сну. Тады прыгажосць і чысціня значылі адно і тое ж. Сёння ж з'явілася ўпрыгожвальніцтва: яркасць ва ўсім, залішняя вычварнасць, якая, як мне здаецца, не заўсёды падыходзіць для могілак. Гэта шмат у чым прасочваецца. Скажам, жалобныя вянкі заўсёды былі з чорнымі стужкамі, сёння ўжо з'явіліся фіялетавыя, пунсовыя ... Падчас навуковых экспедыцый па краіне я сутыкнулася і з такім меркаваннем: мёртвым трэба несці мёртвыя кветкі. Таму што, маўляў, калі нясеш жывыя — жывое страціш. Старэйшае пакаленне кажа так: раней дзеці хавалі бацькоў, цяпер — наадварот ...
homel.greenbelarus.info