У Беларусі сёння Радаўніца. Як правільна праводзіць гэты дзень?

Сучасная Радаўніца — гэта тысячы пластыкавых кветак і запоўненыя аўтапаркоўкі ля могілак. Але асноўнае не змянілася, бо Радаўніца — гэта ўсё яшчэ дзень, калі людзі вяртаюцца да сваіх каранёў, згадваюць памерлых сваякоў ды знаёмых і даглядаюць месцы іхнага пахавання, распавядае «Белсат».

20200428_hro_radunica_say_14.jpg

Слова Радаўніца паходзіць ад балцкага raudoti — «галасіць» (плакаць па нябожчыку, на могілках). А як праводзяць Радаўніцу? Што кажа царква і этнолагі? Адказваем на гэтыя пытанні.

Калі?

Радаўніца — гэта вясновы абрад памінання продкаў у праваслаўных хрысціянаў, які праводзіцца на дзявяты дзень пасля Вялікадня. У сучаснай Беларусі Радаўніца выходны дзень, хоць ва Украіне і на большай частцы Расіі на дзяржаўным узроўні гэты дзень ніяк не вылучаецца.

Этнолагі заўважаюць, што прызнанне Радаўніцы выходным днём у пэўным сэнсе трансфармуе ці разбурае традыцыю: у шэрагу мясцінаў, дзе абраду Радаўніцы да гэтага не было, людзі пачалі таксама да яго далучацца.

Этнакультуролаг Таццяна Валодзіна распавяла, што адбылося ў Бярэзані, калі на могілкі пайшлі не на Вялікдзень, як звычайна, а на Радаўніцу:

«…Не намі эта ўстаноўлена, і не нам адмяняць. У Узнажы ў Крупскім раёне ходзяць на могілкі не на Радаўніцу, а на Паску. А Пасха ж раней. Рашылі, што эта ўся акруга ходзяць на Радуніцу, а мы на Пасху, давай і мы. І не пайшлі на Пасху, а пашлі на Радаўніцу, разам з усімі. Пайшлі, заслалі магілы, як у нас, скацерцямі, ставяць гарэлку, закуску. Як паднялась бура! Сабрала гэтыя ўсе скацерці! Як падняло тыя скарцеркі над лесам, як паразносіла, пазанясло за тры кіламетры. Эта ёсць сведчанні. А самае галоўнае, што аніякага ветру ў акрузе не было. Толькі паднялося на гэтых могілеках. Трэба хадзіць у свой дзень».

Як?

У Беларусі Радаўніца адзначаецца дужа разнастайна ў залежнасці ад рэгіёну і мясцовай традыцыі.

На Радаўніцу прынята наведваць могілкі: прыбіраць апалае лісце, папраўляць магілы, парадкаваць месца пахавання сваякоў і блізкіх ды памінаць іх малітвай.

Кветкі, паводле этнакультуролага Таццяны Валодзінай, — выключна сучасная традыцыя.

20200428_hro_radunica_say_13.jpg

Згодна з успамінамі старажылаў, этнаграфічнай літаратурай, а дзесьці і ў жывым бытаванні — да Вялікадня, Радаўніцы на магілах, крыжах з’яўляліся новыя тэкстыльныя вырабы: тканыя, радзей — куплёныя. У дзень Радаўніцы або незадоўга да яе мяняюць фартушкі ці стужкі на крыжах. Прычым калі гэта мужчынскае пахаванне, вешаюць ручнічок, калі жаночае — фартушок або стужачку. У шэрагу раёнаў Міншчыны на агароджах навязваюць стужкі або вешаюць цюлевыя імітаваныя фартушкі для нябожчыка незалежна ад полу.

На ўсходзе Беларусі прынята засцілаць магілы тканінаю, выкладаць туды ежу ды абедаць, а па вяртанні дадому паласкаць гэты абрус у вадзе, каб нябожчыкам на тым свеце было лягчэй. Дома тым абрусам не карысталіся.

У некаторых мясцінах ежу выкладаюць наўпрост на магілу: прыносяць велікоднае яйка, кавалачак паскі ды наліваюць чарку гарэлкі ці віна. Але на гэтую традыцыю паўплывала праваслаўная царква, якая забараняе прыносіць ежу на могілкі, хоць носьбіты традыцыі працягваюць яе захоўваць нягледзячы на забароны, бо кажуць: «Не на нас гэта пачалося — не на нас і скончыцца».