Паперай ад радыяцыі не абараніцца: чаму нельга запускаць БелАЭС

Пытанні бяспекі пры будоўлі і эксплуатацыі АЭС будзе рэгуляваць указ нумар 70, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. Ён уносіць карэктывы да ўказу «Аб запэўніванні бяспекі пры будоўлі Беларускай атамнай электрастанцыі». У сваю чаргу, перадае Белсат, эксперты ўказваюць на адсутнасць рэальных захадаў уладаў Беларусі для гарантаванні бяспекі.

zbor_lja_kastrichn_ku_logo_1_logo_1.jpg

Паводле новага ўказу ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы змогуць кантраляваць радыеактыўнае забруджанне без атрымання ліцэнзіі. Але якраз у справе небяспечных адкідаў ад вытворчасці энергіі на атамнай электрастанцыі паўстае найбольш пытанняў, бо няма інфраструктуры для іх апрацоўвання.
Андрэй Ажароўскі, расійскі эколаг, фізік-ядравік:
«Абмяркоўваюцца такія замкі на пяску. Мы зараз атамную электрастанцыю пусцім, а потым калі-небудзь створым за незразумела якія грошы інфраструктуру для абыходжання з адходамі».
Улады, замест таго, каб распачаць канкрэтныя дзеянні, падпісваюць чарговыя ўказы. Гэтым разам кіраўнік краіны ўхваліў дакумент, які рэгулюе пытанні бяспекі пры эксплуатацыі БелАЭС.
«Мы ведаем, што і Чарнобыльская станцыя на момант выбуху, і Фукусімская АЭС на момант катастрофы мелі ўсе магчымыя дазвольныя дакументы. І ад нацыянальных органаў кантролю, ад Міжнароднага агенцтва ў пытаннях атамнай энергіі. Паперай ад радыяцыі абараніцца немагчыма», – кажа Андрэй Ажароўскі.
Апроч таго, Міністэрства надзвычайных сітуацый павінна цяпер праводзіць грамадскія слуханні ў сферы бяспекі ядравай энергетыкі. 
Беларускую атамную электрастанцыю будуюць каля Астраўца ў Гарадзенскай вобласці – на беларуска-літоўскім памежжы. Таму сумненні ў гарантыі бяспекі ад уладаў Беларусі выказваюць і нашыя суседзі. Асабліва таму, што літоўцы не атрымліваюць ніякай інфармацыі пра будаўнічыя працы. Лінас Бальсіс, дэпутат сейму Літвы, каментуе:
«Паводле нашых звестак, якія мы маем, якімі я валодаю, там самая канструкцыя, самая якасць прац усё ж такі выклікаюць вельмі вялікую заклапочанасць. Я не ўпэўнены, што там усе працы вядуцца так, як сапраўды трэба было б. Бо мы не атрымліваем адказаў на гэтыя пытанні».
Для будоўлі Беларускай АЭС выкарыстоўваюць расійскі праект. Расія і дала Беларусі дзесяцімільярдны крэдыт. Першы рэактар атамнай электрастанцыі маюць запусціць у канцы гэтага года, а ў 2020-ым у эксплуатацыю плануюць здаць другі энергаблок.
Ганна Мордань, belsat.eu