«Дзяржатамнагляд трэба распусціць»: актывісты пра ліцэнзаванне АЭС

«Атамная станцыя — гэта ядзерны радыяцыйны небяспечны аб'ект. Той, хто гэта адмаўляе, — прапагандыст», — кажа Андрэй Ажароўскі.

aes90.jpg

30 красавіка Дзяржатамнагляд праводзіць грамадскія слуханні «перад выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю энергаблока №1 Беларускай АЭС». «На азнаямленне з дакументамі грамадскасці далі ўсяго пяць дзён, але іх можна вывучыць і хутчэй, бо там няма сутнасці», — сыходзяцца ў меркаванні эксперты «Беларускай антыядзернай кампаніі» (БАЯК).

«Калі ў дакументах пазначана ўся інфармацыя, якую вывучалі на прадмет выдачы ліцэнзіі, то Дзяржатамнагляд трэба распусціць, таму што гэта арганізацыя некампетэнтная і негрунтоўная. А калі не, тады пытанне — дзе ўсё астатняе?» — абураецца эколаг Таццяна Новікава.

Спецыялістка тлумачыць: перад тым. як даваць ліцэнзію, Дзяржатамнагляд павінен ацаніць не толькі праектную дакументацыю, але і саму ўжо пабудаваную АЭС — наколькі яна адпавядае праектным патрабаванням. Гаворка ідзе не толькі пра тое, з якіх матэрыялаў пабудавана рэактарная ўстаноўка, іншыя агрэгаты, якія ўплываюць на працаздольнасць і бяспеку станцыі, але і пра тое, як яны функцыянуюць.

«У дакументах згадана, што былі планы ўводу ў эксплуатацыю энергаблока і яго выпрабаванняў. Але з вынікамі доследна-прамысловых і пусканаладачных работ нас не знаёмяць. Дзе вынікі даследаванняў?» — задаецца пытаннем Новікава.

Яшчэ адзін важны момант, на які звяртае ўвагу эколаг, датычыцца абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам — найбольш небяспечным адходам АЭС.

У дакуменце згадваецца спецыяльны транспартна-ўпаковачны кантэйнер (ТУК), які неабходны для ўнутрыпляцовачнага перамяшчэння паліва. Вядома, што такія кантэйнеры ёсць у Расіі. Ці ёсць яны ў нас, у якую суму абыдзецца купля і як гэта ўдарыць па кішэнях падаткаплацельшчыкаў, з пададзенага дакумента незразумела.

«Няма плана абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам. Я ўжо не кажу пра дадатковае пагадненне, без якога немагчымая яго адпраўка на перапрацоўку ў Расію. Без разумення таго, як трэба абыходзіцца з адходамі і што з імі будзе, нам цяпер прапануюць выдаць ліцэнзію і запускаць у эксплуатацыю АЭС. Мне здаецца, што гэта найбольш небяспечны момант, таму што няма нават пляцоўкі прамежкавага сухога захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва».

Расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі тлумачыць, што пагадненне з Расіяй аб абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам не заключана, таму што сам працэс вельмі дарагі. На яго думку, першы рахунак, які заплаціць Беларусь, калі станцыя ўсё ж запрацуе, будзе датычыцца якраз перапрацоўкі адходаў.

«Беларусь і Расія не могуць дамовіцца па гэтым пытанні з 2011 года. Сёння нам кажуць, што пагадненне хутка заключаць. А чаму мы павінны гэтаму верыць?» — задае рытарычнае пытанне спецыяліст.


АЭС — радыяцыйны небяспечны аб'ект

Больш за ўсё актывістаў БАЯК хвалююць пытанні, звязаныя з наступствамі ўводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі. Андрэй Ажароўскі абураецца тым, што слуханні праходзяць «па бяспецы АЭС». На яго думку, пісаць пра гэта ў рэгламенце няправільна: «Атамная станцыя — гэта ядзерны радыяцыйны небяспечны аб'ект. Той, хто гэта адмаўляе, — прапагандыст», — кажа ён.

Паводле слоў Таццяны Новікавай, ва ўсім свеце прынята праводзіць ацэнку рызыкі будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю АЭС. Гэта неабходна, каб зразумець, як дозаўтваральныя характарыстыкі ў сукупнасці ўсіх выкінутых радыенуклідаў паўплываюць на здароўе людзей. Для гэтага разглядаюцца як колькасць выкінутых радыенуклідаў, так і іх уздзеянне.

«З паветраных труб АЭС перыядычна выкідваецца не толькі радыеактыўны ёд-131, але і ёд-129, перыяд паўраспаду якога складае 16 мільёнаў гадоў. Гэты ёд назапашваецца. З 70-х гадоў у ЗША вядуць улік, як гэты ёд акумулюецца і як, з улікам яго акумуляцыі, ён уздзейнічае на шчытападобную залозу. Ці праводзілі такую ацэнку ў Беларусі, з дакумента незразумела».

Мяркуючы па праграме, удзельнікам слуханняў па пытаннях, звязаных з выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энергаблока АЭС, адведзена пасіўная роля. Рэгламент мерапрыемства прадугледжвае выступленні слухачоў працягласцю не больш за чатыры хвіліны. Таксама нідзе не пазначана, што заўвагі грамадскасці наогул здольныя неяк паўплываць на выдачу або нявыдачу ліцэнзіі. Тым не менш, актывісты заклікаюць грамадскасць і далей адкрыта выказваць сваё меркаванне, таму што «праблема будаўніцтва АЭС — складаная як з пункту гледжання экалогіі, так і палітыкі» і слуханнямі гісторыя не скончыцца.