«Астравеччына выцягнула шчаслівы білет». «Азёрны край сапсавалі». Што казалі на слуханнях пра БелАЭС

«Дэфіцыту бяспекі на БелАЭС няма». Гэта спрабавалі давесці шматлікія дакладчыкі з дзяржаўнага Атамнагляду на грамадскіх слуханнях перад выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энэргаблоку Беларускай АЭС.

d6cd2e42_d43e_4877_9308_8ebfb41f212b_w1023_r1_s.webp

Падчас слуханняў далі магчымасць каротка выступіць і неабыякавым грамадзянам. Аднак іх прапановы і заўвагі на прыняцце канчатковага рашэння не ўплывалі.
Ліцэнзію кіраўніцтва БелАЭС спадзяецца атрымаць да 9 траўня.
Грамадскія слуханні прайшлі дыстанцыйна. Кіраўніцтва БелАЭС і дакладчыкі з Дзяржатамнагляду былі ў Астраўцы. А ў сталіцы і абласных цэнтрах арганізавалі пункты доступу. Каб туды трапіць, трэба было загадзя атрымаць дазвол. Нельга было карыстацца кампутарамі, тэлефонамі і дыктафонамі.
На выступы грамадзянам давалі 4 хвіліны.

«Забараняльных фактараў ня выяўлена»

Дзясятак высокапастаўленых чыноўнікаў Дзяржатамнагляду выступілі са справаздачамі. Яны зноў казалі, што
БелАЭС можа вытрымаць падзенне самалёта вагой да 5,6 тоны, які ляціць з хуткасцю да 100 км/г,над АЭС – беспалётная зона,улічылі землятрус да 7 балаў, аднак яны ў Беларусі адбываюцца раз на 10 тысяч гадоў,АЭС не затопіць, бо яна вышэй за раку Вяллю на 51 метр.Гэтыя факты чыноўнікі прыводзілі і раней.
Такім чынам, як падсумавала начальнік Дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бяспекі МНС Вольга Лугоўская,усе ўзроўні бяспекі першага блоку БелАЭС адпавядаюць заканадаўству,забараняльных фактараў ня выяўлена,абсталяванне, персанал і кіраўніцтва цалкам гатовыя да пуску першага блоку,рашэнне на выдачу ліцэнзіі ўжо падрыхтаванае.

«Астравеччына выцягнула шчаслівы білет»

Пасля дакладчыкаў адной з першых узяла слова дэпутатка мясцовага Савету Ірына Тальчук, перасяленка з Хойнікаў.
«Я жыву на Астравеччыне 31 год – перасялілася з Хойніцкага раёну. У мяне лёс такі – жыць каля рэактара. Ніколі не было страху, што будуецца новая станцыя. Астравеччына выцягнула шчаслівы білет: для нас гэта крута, у нас сучасны шпіталь, бездатацыйны бюджэт, працоўныя месцы», – сказала Ірына Тальчук.

«Мы ні на што паўплываць ня можам»

Эколаг, старшыня грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій звярнула ўвагу, што слуханні праводзяцца ў рэжыме інфармавання.
«Мы ні на што паўплываць ня можам, нашы крытычныя заўвагі ня будуць улічаныя», – адзначыла яна. На думку Сухій, такі фармат супярэчыць Орхускай канвенцыі, у якую ўваходзіць Беларусь.
«Калі б станцыя была бяспечнай, нам ня трэба было б збірацца»Расейскі эколаг і ядзерны фізік Андрэй Ажароўскі прыехаў на слуханні з Масквы. У 2012 годзе яго арыштавалі ў Астраўцы на 7 сутак і дэпартавалі з забаронай вяртацца 10 гадоў. Пазьней тэрмін на 2 гады скарацілі.
«Атамны рэактар адносіцца да небяспечнага аб’екту. Калі б станцыя была бяспечнай, нам ня трэба было б збірацца. Атамны рэактар – радыяцыйна небяспечны аб’ект Вось гэтае пастаяннае паўтарэнне, мурыжанне слова «бяспека«: культура бяспекі, конкурсы бяспекі – прыводзяць да самазаспакаення, перадумовы паўтарэння таго, што адбылося 35 гадоў таму ў Чарнобылі», – сказаў Ажароўскі.
«Раздзел «ядзерныя адыходы« у беларускай справаздачы займае 5 радкоў. Я параўнаў з аналагічнымі раздзеламі іншых АЭС – гэта некалькі дзясяткаў старонак!» – адзначыў расейскі эксперт.
«Самы прыгожы ў краіне азёрны край сапсаваны атамнай станцыяй»Паводле старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасіі Дарафеевай, у справаздачы прадузята апісалі патэнцыял аднаўлянай энергетыкі. У выніку «АЭС падаецца як адзіны шлях развіцця энергетыкі Беларусі».
Наталля Качаноўская, былая выкладчыца БНТУ, заявіла, што «на атамныя спецыяльнасці ВНУ ішлі далёка ня лепшыя абітурыенты».
Яна сказала, што АЭС ня можа называцца экалагічна чыстым прадпрыемствам, бо выкіды ўсё адно будуць.
«Самы прыгожы ў краіне азёрны край сапсаваны атамнай станцыяй. Гэта злачынства стагоддзя», – падсумавала яна.
«Ядзерная энергетыка не з'яўляецца ні ўстойлівым, ні адпаведным сродкам для абароны клімату»
Амбасадарка Аўстрыі Алаізія Вэргетэр сказала, што ў Аўстрыі лічаць, што ядзерная энергетыка «не зʼяўляецца ні ўстойлівым, ні адпаведным сродкам для абароны клімату».
«Мы маем гістарычны досвед, бо мы – адна з дзяржаваў Цэнтральнай Еўропы, якая была найбольш закранутая Чарнобыльскай катастрофай 35 гадоў таму (хаця, вядома ж, менш, чым Беларусь). Таму мы вельмі цікавімся гэтай тэмай», – адзначыла аўстрыйская амбасадарка.
Слуханні доўжыліся больш за 5 гадзін.

«Лічу выдачу ліцэнзіі заўчаснай»

Інжынэр-энэргетык Сяргей Якімаў застаўся слуханнямі незадаволены, «бо мы ж не маглі паўплываць на вынік».
«Так спяшаюцца, што не дачакаліся канчатковай справаздачы па стрэс-тэстах, якая будзе пры канцы вясны, – адзначыў ён.
Ён таксама звярнуў увагу, што ў людзей няма доступу да інфармацыі аўтаматычных сістэмаў кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў рэжыме рэальнага часу.
«У расейскай версіі сайту няма прывязкі да часу (плюс-мінус 24 гадзіны). На беларускай версіі сайту наагул нічога няма – там пустая старонка».
Таму да правядзення поўнага аналізу ўсіх рызыкаў і выпраўлення ўсіх заўвагаў лічу выдачу ліцэнзіі заўчаснай», – сказаў Сяргей Якімаў.

«З сектантамі бессэнсоўна спрачацца»

Расейскі эколаг Андрэй Ажароўскі сказаў, што пачуваўся на слуханнях, быццам на сходзе секты адэптаў «мірнага атаму».
«А з сектантамі бессэнсоўна спрачацца. Кожны з дзясятка асноўных дакладчыкаў, як замову, паўтараў: «бяспека, бяспека, бяспека«. Але колькі ні кажы «халва«, у роце саладзей ня стане. Колькі ні разважай пра бяспеку – АЭС застаецца ядзерна і радыяцыйна небяспечным аб’ектам. Аднак прадстаўнікі Дзяржатамнагляду мне адказалі жартам: «І аўтамабіль таксама небяспечны».
«Прапаганда АЭС у афіцыйных выступах заняла больш за дзве гадзіны. А выступоўцам давалі па 4 хвіліны», – абурыўся Ажароўскі.