За сем кіламетраў ад мінскай кальцавой неўзабаве пабудуюць сховішча радыеактыўных адкідаў

Сховішча ядравых адкідаў збіраюцца пабудаваць на тэрыторыі Аб’яднанага інстытуту энергетычных і ядравых даследаванняў «Сосны» у трох кіламетрах ад мястэчку Лугавая Слабада пад Менскам. Але прызначанае яно будзе не для адкідаў з Астраўца, піша Белсат.

radiation_1.jpg


«Вы ведаеце, чаму выбухнула ЧАЭС – па прычыне людскога фактару! І ён будзе заўсёды, пакуль робаты не прыйдуць на нашае месца! І вы разумееце, што гэта вельмі сур’ёзны экзамен для нас – гэтае сховішча», – кажа Ірына Лапіцкая з праваабаронча-асветніцкай арганізацыі «Ваколіца».
Адкіды з БелАЭС у «Соснах» захоўваць не будуць – супакоілі ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання мясцовыя ўлады і кіраўніцтва інстытуту. Пад Менск будуць прывозіць прадметы, якія мытнікі затрымаюць на мяжы або людзі проста знойдуць на вуліцы.
«Нядаўна было ў Менску: знайшлі ў вядры ля смеццевых кантэйнераў. Жанчына была хімікам, памерла, і яе ўнучка вынесла ў вёдрах рэактывы. Фон атрымаўся вялікі. Прынеслі да нас – разбярыцеся, што там такое», – распавядае намеснік генеральнага дырэктара інстытуту «Сосны» Васіль Зіневіч.
Разабрацца – гэта значыць высветліць, якое рэчыва «фаніць» і наколькі знаходка небяспечная. У сховішчы радыеактыўныя знаходкі будуць затрымліваць толькі на час даследавання.
«Яно дазваляе ў адным месцы і стварыць лабараторыю, і захоўваць. Матэрыялы не будуць выносіцца за яе межы. Лабараторыя можа спакойна працаваць, запакоўваць рэчывы ў адмысловыя кантэйнеры, якія будуць прызначацца для пахавання», – дадае Васіль Зіневіч.
Сховішча-лабараторыю пабудуюць за грошы Злучаных Штатаў. Аднак удзел Захаду ў праекце грамадскіх актывістаў не супакойвае.
«Калі мы задалі пытанне, ці звярталіся вы ў міжнародныя арганізацыі, ці выкарыстоўвалі вы міжнародны досвед, яны сказалі: «Не, у гэтым няма ніякай неабходнасці», – кажа Вольга Белясова з «Ваколіцы».
«Мне падаецца, што інфармацыю трэба было распаўсюдзіць хаця б за тыдзень, каб мы яе зразумелі, асэнсавалі. Магчыма, таму мы ўсё цяпер успрымаем так эмацыйна», – гаворыць дэпутат сельскага савету Ігар Мінькевіч.
Цяпер мясцовыя ўлады і кіраўніцтва інстытуту ядравых даследаванняў павінныя адказаць на заўвагі, якія ім выслалі ўдзельнікі сустрэчы. Пачаць будаваць сховішча інстытут «Сосны» плануе ўжо налета.