Ізраіль супраць Ірана. Дасье ў карыкатурах
13 чэрвеня Ізраіль атакаваў Іран, што выклікала глабальны крызіс. Паглядзелі, як на канфлікт адрэагавалі карыкатурысты свету.
Лічыцца, што ўвесь сыр бор з-за іранскай ядзернай праграмы. Нібыта іранцы вось-вось могуць стварыць сваю бомбу, што ўяўляе пагрозу ізраільцянам. Менавіта гэтым аргументаваў удары па іранскіх аб'ектах Нетаньяху. Наколькі Тэгеран сапраўды збіраецца займець ядзерны фугас, цяжка сказаць. Аднак іранская рыторыка на адрас Ізраіля сапраўды заўсёды была вельмі агрэсіўнай. Карыкатурысты неаднаразова ілюстравалі планы Ірана пасля атрымання бомбы.

Таксама папулярная версія, што вайна патрэбная Нетаньяху дзеля ўласнага палітычнага выжывання. Артадаксальныя дэпутаты ў парламенце пасварыліся з прэм'ерам. Святая тэма абароны айчыны прымушае іх мімаволі падтрымліваць кабінет Нетаньяху. Ізраільскае апазіцыйнае выданне Haaretz вось так адлюстравала сітуацыю ў кнесеце.

Так ці інакш, удары па Іране былі нанесены. Мастакі, якія сімпатызуюць Ізраілю, адлюстравалі гэта як канец ядзерных амбіцый Ірана.

Неўзабаве ўслед рушыў іранскі адказ у фармаце ракетных удараў па ізраільскіх гарадах. Нельга сказаць, што іх вынікі былі маштабнымі, але некуды сапраўды прыляцела. Гэты поспех натхніў аднаго з карыкатурыстаў адлюстраваць Нетан'яху ў выглядзе Кінг-Конга, які спрабуе збіваць іранскія ракеты.

Пакуль Іран і Ізраіль з розным поспехам бамбуюць адзін аднаго, астатнія краіны спрабуюць вызначыць сваё месца ў канфлікце. Дамінуе ўстаноўка «чума на абодва вашы дамы». Нават заўжды праізраільскі Трамп дыстанцыянаваўся. Хутчэй усіх хвалюе сцэнар перарастання рэгіянальнага канфлікту на Блізкім усходзе ў атамны Армагедон. Тэматычная карыкатура брытанскага выдання The Times.

Што далей? Ізраіль разлічвае на змену ў Іране рэжыму на новы рэжым, гатовы пайсці на саступкі. Ізраільская атака сапраўды ясна паказала насельніцтву Ірана неадпаведнасць паміж прапагандай уладаў і рэальнасцю. Многія ваенныя аб'екты знішчаны, многія ваенныя лідары забіты. Будзем чакаць.
З іншага боку нельга выключыць, што зацяжны канфлікт Ізраіля на некалькіх франтах (іранскі, палесцінскі, ліванскі, еменскі і нават збольшага сірыйскі) без перспектыў урэгулявання можа загнаць самога Нетаньяху ў крызіс. Памкненне Нетаньяху ваяваць на ўсіх франтах — тэма карыкатуры аднаго з брытанскіх карыкатурыстаў.
