Экалагічныя наступствы вайны: беларусы дапамагаюць украінцам ў ацэнцы

Урон экалогіі Украіны ад вайны на сёння ацэньваецца дзясяткамі мільярдаў долараў. Наступствы вайны сягаюць далёка за межы вядзення баявых дзеянняў і наўпрост уплываюць як на экалогію ды эканоміку суседніх краін, так і на глабальную экасістэму.

oboi_na_raboczij_stol_1536x864.jpg


Негатыўнае ўздзеянне вайны на навакольнае асяроддзе відавочнае ў выпадку, напрыклад, лясных пажараў, выкідаў пасля бамбардзіроўкі нафтаперапрацоўчых заводаў і газаправодаў альбо разбураных водаправодных і каналізацыйных ачышчальных збудаванняў. Аднак наступствы вайны сягаюць далёка за межы вядзення баявых дзеянняў і наўпрост уплываюць як на экалогію ды эканоміку суседніх краін, так і на глабальную экасістэму. Сярод прыкладаў можна прывесці перарыванне ланцугоў пастаўкі прадуктаў харчавання з Украіны, што нанова ўзняло праблему голаду ў найбяднейшых краінах Глабальнага Поўдня. Альбо бягучы энергетычны крызіс у Еўропе, выкліканы адмовай еўрапейскіх краін закупляць расійскі газ у імкненні такім чынам паменшыць паток грошай у эканоміку краіны-агрэсара.

Вайна ў цэлым запавольвае рух да глабальных мэт па кліматычным нейтралітэце. У палітыкаў шмат якіх краін узнікае спакуса адсунуць экалагічныя стандарты і клопат пра навакольнае асяроддзе на другі план, спасылаючыся на складаныя часіны.

Вайна таксама выклікала змякчэнне альбо ігнараванне экалагічных патрабаванняў ва Украіне, Расіі і многіх іншых краінах. Палітыкі і карпаратыўныя лабісты часта прапануюць ахвяраваць аховай навакольнага асяроддзя на карысць умацавання дзяржаўнай абароны і захавання эканомікі. Як вынік — расце занепакоенасць у падрыве глабальнай кліматычнай палітыкі.

Дзеля даследавання ўплыву расійскіх ваенных дзеянняў на экалогію ў 2002 годзе паўстала ініцыятыва UWEC — Рабочая група па наступствах вайны ва Украіне для навакольнага асяроддзя, у якой прадстаўлена і незалежная беларуская экспертыза.

З’яўляючыся згуртаваннем эколагаў, журналістаў, экспертаў і актывістаў, група ставіць за мэту абмен праверанай інфармацыяй і сумесны пошук рашэнняў узніклых падчас вайны экалагічных праблем.

Фокус працы групы прыходзіцца на наступныя ключавыя тэмы: прамое ўздзеянне вайны на навакольнае асяроддзе; трансгранічны ўплыў; вайна і змяненне клімату; пагрозы і наступствы вайны для экасістэм; выклікі ваеннага часу для грамадзянскай супольнасці; ахова запаведных тэрыторый; харчовая бяспека і экалагічная палітыка; уплыў санкцый на навакольнае асяроддзе; «зялёнае» аднаўленне краіны; ядзерная бяспека; міжнародны палітычны крызіс і лёс сусветнай супрацы.

Нягледзячы на ўсе высілкі па дакументаванні нанесенай навакольнаму асяроддзю шкоды доступ да інфармацыі на акупаваных тэрыторыях і ў зонах актыўных баявых дзеянняў моцна ўскладнены.

Беларусь у групе прадстаўляе экспертка Ірына Сухій з экалагічнай арганізацыі «Экадом» і таварыства «Зялёная сетка».

«Наша праца складаецца з трох крокаў: маніторынг сітуацыі і збор даных, іх верыфікацыя і правядзенне незалежнага экспертнага аналізу ды распаўсюджанне праверанай інфармацыі аб наступствах вайны, — тлумачыць Ірына. — Камандзе UWEC важна не дапусціць паслаблення законаў і рэгулявання ў сферы аховы навакольнага асяроддзя ў ваенны час, бо шматгадовыя наступствы гэтага будуць трагічнымі. Мы таксама рупімся аб тым, каб пасля перамогі Украіна была адноўлена ў адпаведнасці з «зялёным» стандартам устойлівага развіцця».

На сёння група UWEC сабрала шмат цікавых матэрыялаў, якія можна пабачыць на іх сайце: пра лёс жывёл у ваенны час, даследаванне ўплыву вайны на марскія акваторыі, тактыкі «зялёнага» постваеннага аднаўлення Украіны, а таксама шматлікія інтэрв’ю з украінскімі і міжнароднымі экспертамі і экаактывістамі.

Можна падпісацца на рассылку раз на два тыдні па-англійску, па-руску і па-ўкраінску або сачыць за абвесткамі UWEC у сацыяльных сетках групы — Twitter i Facebook.