Пяць гадоў таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў

Меркаваны фаварыт прэзідэнцкіх выбараў былы банкір Віктар Бабарыка быў затрыманы ў Мінску 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам. Цяпер яны закратамі, асуджаныя на доўгія тэрміны па сфабрыкаваных крымінальных справах. Прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Фота Natalia Fedosenko

Фота Natalia Fedosenko

«Пяць гадоў за кратамі, без родных — і з аднымі толькі ўспамінамі пра звыклае жыццё. За гэты час змянілася многае. Многія беларусы з'ехалі з дому, змянілі працу. Хтосьці пранікнуўся цікавасцю да роднай мовы, хтосьці пачаў вывучаць замежную. Хтосьці анямеў да чужога болю, а хтосьці напоўніўся новай хваляй спагады…

Мы страцілі шмат і навучыліся жыць па-новаму. Але адно засталося нязменным: дзе б мы ні былі, мы ўсюды нясём з сабой памяць пра тых, хто апынуўся ў няволі не за злачынствы, а за годнасць. За свае мары пра іншую Беларусь і жаданне ўдзельнічаць у лёсе сваёй краіны, — заявіла з нагоды гадавіны затрымання бацькі і сына Святлана Ціханоўская. — Я не раз чула ад былых палітвязняў, што там ёсць вялікі страх быць забытымі. І я ўпэўненая, што беларусы не забылі ні пра Віктара, ні пра Эдуарда, ні пра сотні іншых палітвязняў. Мы гаворым пра іх і працягваем змагацца за кожнага і кожную».

Глядзіце таксама

Віктара Бабарыку затрымалі па эканамічных абвінавачаннях: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве».

Лукашэнкаўскі суд прызнаў палітыка вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.

З 2023 года да пачатку студзеня 2025-га ад Віктара Бабарыкі не было ніякіх звестак. Рэжым стварыў для яго поўную інфармацыйную блакаду — рэжым «інкамунікада». На пачатку студзеня Раман Пратасевіч у сваім тэлеграм-канале апублікаваў фота і відэа Віктара Бабарыкі, зробленыя, паводле Пратасевіча, у ПК-1 у Наваполацку. 

Пратасевіч перадаў Бабарыку лісты ад сваякоў, палітвязень праз яго перадаў лісты родным. 

Праваабаронца Леанід Судаленка пракаментаваў апублікаваныя фота і відэа. 

«Выглядае Віктар Дзмітрыевіч стомленым, але не да канца зламаным. Для чалавека, якому ўжо за 60 і якому на голаву зваліліся такія выпрабаванні я сказаў бы норм. Паголены, пастрыжаны, гузік зашпілены — знешні выгляд там патрабаванне рэжыму. 

Гадзіннік на руцэ дазваляюць усім і на любы густ, не было ніколі ў палітычных з гэтым праблем. А вось новенькая з  шкломатэрыяла "роба" ці кліфкт, як яго тамака завуць, сапраўды паказуха для фота. У такіх незасціраных кліфтах хіба што ў карантыне пасля этапу першы тыдзень вязьні так выглядаюць. Ды і жоўтая бірка экстрэміста па ўсім відаць прышыта спехам».

Эдуард Бабарыка быў затрыманы разам з бацькам. Амаль тры гады правёў у СІЗА без суда і следства. Суд пачаўся ў траўні 2023 года і прызначыў яму 8 гадоў пазбаўлення волі паводле трох крымінальных артыкулаў — аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), «ухіленні ад выплаты падаткаў» (арт.243 КК) і «распальванні варожасці» (арт.130 КК). Як і бацька, віну Эдуард не прызнаў. Пазней суд дадаў яму яшчэ два гады да тэрміну — ужо паводле артыкула аб «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі».