«Хачу папрасіць прабачэння перад сапраўднымі беларусамі і перад нашым прэзідэнтам». Як беларусы пішуць даносы на саміх сябе
Самаданос — адна з цікавых з'яў нашага часу: людзі пішуць у КДБ, спрабуючы захаваць працу або адчуваючы віну за тое, чаго не рабілі.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/dsc08675_logo_1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Вясной 2024 года «Кіберпартызаны» апублікавалі базу зваротаў беларусаў у Камітэт дзяржбяспекі амаль за дзесяць гадоў — з 2014 года па 2023-ці. Сярод зваротаў было нямала даносаў ад беларусаў на тых, хто выходзіў на пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Гэтым разам сярод масіва даных журналісты выявілі самаданосы — заявы, у якіх людзі абвінавачвалі і выкрывалі саміх сябе. Гаворка ідзе пра некалькі падобных дакументаў, таму пра масавую тэндэнцыю гаварыць рана. Аднак тыя, хто пісаў такія прызнанні, абвінавачвалі самі сябе ў тым, што «паверылі апазіцыі», і прасілі сілавікоў растлумачыць ім, «якім чынам загладзіць віну».
«Настоящее время» расказвае пра гэты феномен і іншыя наступствы дзяржаўнага гвалту, якія ўплываюць на паўсядзённае жыццё беларусаў, а таксама разбірае з крызісным псіхолагам і спецыялістам па працы з траўмай Аленай Грыбанавай, як дапамагчы сабе справіцца са страхам і трывогай у атмасферы паліцэйскага тэрору.
«Хачу папрасіць прабачэння перад сапраўднымі беларусамі і нашым прэзідэнтам». Што пішуць у самаданосах
Самаданосы, выяўленыя сярод заяў аб «злачынствах» і «правапарушэннях», якія беларусы адпраўлялі ў КДБ, адносяцца да перыяду 2021-2023 гадоў. Вось што піша адзін з аўтараў такога «самавыкрывання»:
«Хацелася б звярнуцца да кіраўніцтва і ўсіх служачых у КДБ РБ і папрасіць прабачэння перад імі за памылковае меркаванне алносна апазіцыі, якая знаходзіцца за мяжой. Паглядзеўшы на ўсё, што адбывалася ў нашай краіне ў 2020 годзе і на ўсе дзеянні апазіцыі, зрабіў высновы аб тым, што гэтая група людзей зусім не годная замена сапраўднаму кіраўніцтву краіны... Я думаю, што чалавеку, які прызнаў свае памылкі і гатовы іх выправіць, можна дараваць. Таксама нядаўна пачуў ад знаёмых, што ходзяць чуткі, што звальняюць людзей на чыгунцы. Сам таксама працую на БЧ. Хацелася б папрасіць паспрыяць у тым, каб мяне не звальнялі з працы, бо працую па размеркаванні і ў выпадку звальнення трэба будзе выплачваць непад'ёмную суму. Я гатовы мяняцца ў лепшы бок і працаваць на карысць нашай краіны».
«Паглядзеўшы на іншыя краіны, аказалася, што мы дастаткова нядрэнна жывем, можам атрымліваць годную аплату працы і спакойна гуляць па вуліцах краіны. А што яшчэ трэба простаму беларусу? Таму хачу папрасіць прабачэння перад насамрэч сапраўднымі беларусамі і перад нашым прэзідэнтам за сумневы ў кіраванні нашай краінай», – піша гэты ж аўтар у другім самаданосе.
Глядзіце таксама
![Гісторык: Адэкватны чалавек не будзе займацца тым, каб пісаць даносы ў КДБ Гісторык: Цяпер мэтакіраваных даносаў з задачай нанесці чалавеку шкоду значна менш, чым у СССР](/img/v1/images/danos.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Яшчэ адна заяўніца на саму сябе паведамляе, што ў 2020 годзе была ўдзельніцай ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, які збіраўся балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, але быў арыштаваны і асуджаны на 14 гадоў. Вось што яна піша: «Я шчыра ўсведамляю, што я здзейсніла памылку, збіраючы подпісы за Бабарыку... На дадзены момант я вымушана напісаць заяву аб звальненні па пагадненні бакоў. Я разумею, што сітуацыя цяпер складаная, шмат жадаючых разгайдаць краіну. Дзеянні з боку КДБ павінны быць жорсткімі ў дачыненні да такіх людзей. Але я ніколі не крытыкавала і не ўдзельнічала ў падобных справах. Прашу вас дапамагчы мне і даць магчымасць дапрацаваць да пенсійнага ўзросту!»
Іншы адпраўнік самаданоса ў КДБ «выкрывае» сябе за плацёж у фонд «Bypol» і выхад на акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года:
«У 2020 годзе ў верасні або кастрычніку мной быў здзейснены плацёж у адрас фонду "Байпол", які пасля быў прызнаны экстрэмісцкім. Таксама ў жніўні-верасні браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Па заканчэнні часу я цалкам усвядоміў сваю адказнасць за дзеянні, якія парушаюць заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым прашу растлумачыць парадак, якім чынам я магу загладзіць сваю віну.»
Ці звязваліся з гэтымі людзьмі супрацоўнікі КДБ, якія атрымалі даносы, невядома.
«Пачуццё неўратычнай віны». Псіхолаг пра самаданосы
Базавая эмоцыя адпраўнікоў такіх заяў на саміх сябе — страх, тлумачыць псіхолаг Алена Грыбанава: «Першая эмоцыя да людзей, якая ўзнікае пасля чытання іх самаданосаў, – жаль і разуменне таго, што яны першапачаткова ўзялі на сябе пазіцыю ахвяры. Гэтая пазіцыя неперспектыўная і траўматычная».
«Па сутнасці, страх — эмоцыя карысная, гэта інструмент для пераадолення небяспекі. Але калі ён дасягае высокага ўзроўню, то можа прыводзіць чалавека ў стан маленькага напалоханага дзіцяці, які шукае абароны ў значнага дарослага або, у дадзеным выпадку, дзяржавы, — працягвае псіхолаг. — Пазіцыя ахвяры заўсёды звязана з тым, што чалавек не бярэ на сябе адказнасць. Ёсць нават асобны кірунак — псіхатэрапія адказнасці, — калі псіхолаг вучыць кліента браць на сябе адказнасць. І як толькі чалавек пачынае гэта рабіць, крок па кроку, ён набывае ўнутраную свабоду і пазбаўляецца страху».
Пры гэтым рэпрэсіўныя метады сілавікоў, у тым ліку пастаяннае пашырэнне кола патэнцыйных падазраваных і абвінавачаных (ад актывістаў да шараговых удзельнікаў пратэстаў, а ад іх — да аўтараў каментароў у сацсетках або падпісчыкаў пратэстных каналаў, і далей — да сваякоў палітычных эмігрантаў) пазбаўляе людзей веры ў тое, што ў іх жыцці можа нешта змяніцца да лепшага. «Чалавек нікому не давярае, адчувае пачуццё неўратычнай віны. Пачуццё неўратычнай віны якраз прымушае чалавека данесці на самога сябе: "Я нічога супрацьзаконнага не зрабіў, нада мной быў гвалт, але вінаваты я"».
Глядзіце таксама
![База даносаў -- паказьнік ненармальнасьці дзяржавы Сяргей Дубавец: Данос у КДБ — гэта найперш праява чалавечай слабасьці](/img/v1/images/1674568307_000100_289535.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Тое, што спачатку абурала (напрыклад, фізічны гвалт супраць удзельнікаў мірнага пратэсту або праверка змесціва тэлефонаў у выпадковых людзей), паступова нармалізуецца за кошт эфекту «стакгольмскага сіндрому», тлумачыць Алена Грыбанава: «Пры моцным узроўні псіхалагічнага або фізічнага гвалту адбываецца ломка свядомасці і ахвяра пачынае прыпісваць гвалтаўніку добрыя якасці, лічыць, што ён можа ўжываць да яе гвалт».
«Любая дыктатура накіраваная на тое, каб адабраць свабоду ў чалавека. А якім чынам гэта зрабіць? З дапамогай розных маніпуляцый прымушаць думаць, што чалавек ні за што не бярэ адказнасць, што ад яго нічога не залежыць, усё залежыць ад дзяржавы і знешніх абставінаў, — тлумачыць спецыялістка. — Як толькі мы гаворым сабе, што ад нас нічога не залежыць, над намі шмат моцных людзей, мы аддаём сваю адказнасць гэтым людзям, і яны тут жа пазбаўляюць нас волі. Такая схема».
Выбачэнні на камеру і здымкі пазбаўленых волі
Адзін са спосабаў такога падаўлення волі і падпарадкавання гвалту актыўна ўжываецца ў Беларусі ўжо некалькі гадоў: гаворка ідзе пра здымкі затрыманых, абвінавачаных па крымінальных справах або нават ужо асуджаных людзей у калоніях і СІЗА. Людзей прымушаюць запісаць так званае «пакаяльнае відэа»: папрасіць прабачэння за тое, што яны здзейснілі, — а затым паказваюць гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання або распаўсюджваюць у праўладных тэлеграм-каналах.
Першапачаткова такія публічныя прабачэнні падавалі беларусам як меркаваную альтэрнатыву больш суроваму пакаранню: нібыта «пакаяльнае відэа» вызваліць іх ад выплаты штрафу або арышту. Аднак на практыцы гэта не пацвярджалася, адзначала «Медыязона Беларусь» яшчэ ў лістападзе 2020 года. Чалавека, які запісаў прабачэнні на відэа, усё роўна штрафавалі або адпраўлялі на «суткі», а відэа з'яўлялася ў сеціве.
Глядзіце таксама
![Даносы ў Беларусі частая з'ява? «Гэта паталагічная форма агрэсіі». Як часта беларусы даносяць адно на аднаго](/img/v1/images/19174301_906.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У далейшым практыка «пакаяльных відэа» стала яшчэ больш нагадваць здзек: людзі прасілі прабачэння ў сілавікоў і «сапраўдных беларусаў» з налепкамі і надпісамі на лбе, іх заварочвалі ў сцягі і з ног да галавы апраналі ў бел-чырвона-белую сімволіку. Некалькі дзясяткаў чалавек у 2021 годзе былі вымушаныя падчас запісу такіх відэа здзейсніць аўтынг — прызнацца на камеру ў гомасэксуальнасці. Усё гэта суправаджалася здзеклівымі каментарамі прапагандысцкіх паблікаў або тэлеграм-каналаў сілавых структур.
Яшчэ адзін жанр дэманстрацыі публічнай знявагі пазбаўленых волі беларусаў — здымкі тэлевізійных сюжэтаў у калоніях. Праваабаронцы і былыя палітвязні адзначаюць, што чалавек у няволі знаходзіцца ў становішчы закладніка: акрамя пагроз забараніць перапіску або спатканні з блізкімі (ці, наадварот, абяцанняў дазволіць іх), палітвязня могуць абвінаваціць у парушэнні правілаў рэжыму і замест хуткага вызвалення асудзіць на дадатковы тэрмін па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Паводле звестак на 2024 год, вядома некалькі такіх выпадкаў: напрыклад, з калоніі, паўторна асудзіўшы, не выпусцілі Змітра Дашкевіча і Паліну Шарэнда-Панасюк.
«Вы пішаце самаданосы тым, хто ў патройнай клетцы» : як спраўляцца са страхам дзяржаўнага гвалту
Тое, што адбываецца з беларусамі — як з пазбаўленымі волі, так і з тымі, хто быццам бы жыве звычайным жыццём, але баіцца ўзмацнення рэпрэсій — адназначна можна назваць сітуацыяй дзяржаўнага гвалту, кажа псіхолаг. І самаданосы, пра якія стала вядома, — следства гэтага гвалту. Аднак такія спробы «прызнацца» і паспрабаваць шукаць абароны ў гвалтаўніка наўрад ці могуць быць эфектыўным спосабам справіцца з траўмай, адзначае Алена Грыбанава. І раіць іншыя тэхнікі прапрацоўкі страху і трывожнасці.
«Дапамагае цвярозы погляд на свет. Калі паглядзець на сітуацыю аб'ектыўна, то, па-першае, усё, што адбываецца цяпер, мае канец, па-другое, гвалтаўнік — не роўна Бог. У самаданосах мы бачым абагаўленне дзяржарганізацыі, яна надзеленая ледзь не вярхоўнай уладай над усімі людзьмі. На самой справе гэта не так. Любая дзяржструктура, тым больш сілавая, як КДБ ці МУС, — гэта жорсткая камандная сістэма, у якой людзі, якія чытаюць вашы самаданосы, яшчэ больш несвабодныя, чым вы. Калі я адчуваю сябе ў клетцы і адправіў ліст тым, хто знаходзіцца ў патройны клетцы, то якім чынам гэтыя людзі могуць мне дапамагчы?» — разважае псіхолаг.
Матывам «данесці на сябе» можа стаць жаданне захаваць працу або пенсію — мяркуючы па тэкстах зваротаў у КДБ, людзі прасілі прабачэння ў тым ліку ў спадзеве пазбегнуць звальненняў. Псіхолаг прапануе ўзважыць, ці не занадта высокай аказваецца цана захавання месца:
«Уявіце, што гэтыя людзі, якія маюць уладу, сказалі: "Ок, мы цябе не звольнім, ты пакаяўся, але ты будзеш у нас на алоўку". Як хадзіць на гэтую працу, ведаючы, што за табой назірае ўсёвідушчае вока? Фактычна, гэта добраахвотна загнаць сябе ў клетку і дрыжаць. <...> Важна разумець, што заўсёды ёсць выбар. Звальненне — гэта крызіс, але варыянты заўсёды будуць».
Глядзіце таксама
![Што пішуць людзі ў зваротах і даносах у КДБ «Хачу працаваць і развівацца як агент міжнароднай выведкі». З чым звяртаюцца ў КДБ Беларусі](/img/v1/images/_kdb___khb___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Страх прымушае накіроўваць намаганні не на дасягненні, а на пазбяганне, кажа псіхолаг, і нагадвае пра неабходнасць «вяртаць сябе ў поле адказнасці»: Свабодны чалавек ведае, што ў яго жыцці можа адбыцца шмат добрых рэчаў, негатыўныя сітуацыі — часовая з'ява; ён пазітыўна глядзіць у будучыню і на людзей, разумее, што нясе адказнасць за сябе, але не можа кантраляваць усё. Свабодны чалавек дае сабе права на памылку і, у адрозненне ад ахвяры, разумее, што пераадоленне складанасцей робіць нас мацней. Ахвяра баіцца памылак і заўсёды шукае вінаватых: "Гэта не я, гэта "бэчэбэшнікі" прымусілі мяне выйсці на маршы". Свабодны чалавек давярае свайму ўнутранаму "я" і разумее, што выбар ёсць заўсёды».
Пры гэтым Грыбанава адзначае, што гэтае вяртанне сабе адказнасці і свабоды не роўнае самаахвяраванню або нейкай рызыцы — гаворка можа ісці пра бытавыя рашэнні:
«Не трэба ўяўляць сябе Жаннай Д'арк і ісці змагацца. Вызначце, што вы можаце ў сваім звычайным жыцці: я магу паехаць на працу на тралейбусе, а магу на ровары, магу зварыць кашу на сняданак, а магу бульбу, калі я бацька, я бяру адказнасць, зыходзячы з гэтай сацыяльнай ролі. Нібыта вельмі проста. Але калі чалавек пачынае разумець і ў думках фіксаваць, што кожны дзень ад яго шмат чаго залежыць, гэта дапамагае. Пазіцыя ахвяры характарызуецца наяўнасцю ўнутранага агрэсара, які кажа: ты нікчэмны, ад цябе нічога не залежыць. Вылучаючы ў паўсядзённым жыцці зоны адказнасці, вы дапамагаеце сабе спраўляцца з гэтым агрэсарам».
Таксама важна аддзяляць сапраўдную віну ад віны неўратычнай, падкрэслівае псіхолаг:
«Віна — гэта нармальнае пачуццё, якое дае разуменне, што мне не варта рабіць у будучыні. Сапраўдная віна — гэта віна за канкрэтнае ўласнае дзеянне, а неўратычная віна — гэта перанос, віна за чужыя правіны. Гэта даволі распаўсюджаная з'ява, калі ахвяры гвалту адчуваюць за гэта віну: я нешта не прадугледзеў, я не так сябе павяла і да т. п. У такіх выпадках я задаю пытанне: "Ці хацелі вы быць прыніжанымі, збітымі?" Калі вы гэтага не хацелі, то хто хацеў? Гвалтаўнік. Калі ён гэтага хацеў, то чыя гэта адказнасць? Калі ў гвалтаўніка ёсць матывацыя здзекавацца, шчымііцца ў кватэру, трымаць невінаватых людзей у турмах — гэта яго адказнасць. Калі гэта яго адказнасць, як вы можаце быць вінаватымі?»