Сяргей Дубавец: Данос у КДБ — гэта найперш праява чалавечай слабасьці
У зьлітай «Кібэрпартызанамі» базе КДБ чаго толькі ні знойдзеш. Аднаго там толькі няма — даносаў па-беларуску.
Сэнсацыйная заява «Кібэрпартызанаў» пра тое, што яны выявілі і выклалі ў сеціва 40 тысяч даносаў, якія грамадзяне адправілі ў КДБ, ужо пры вывучэньні «базы» аказалася яўным перабольшаньнем. Няма ў Беларусі столькі стукачоў. Прынамсі, іх наўрад ці больш, чым у іншых краінах.
У «базе» ў большасьці выпадкаў — звычайныя звароты грамадзян у розныя інстанцыі (ня толькі ў КДБ), скаргі на чыноўнікаў (з асабістымі зьвесткамі людзей), просьбамі, напрыклад, дапамагчы пацьвердзіць пэнсійны стаж (не ў КДБ), даць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў з архіваў КДБ, шмат пытаньняў, «меркаваньняў» і звычайнай шызафрэніі. То-бок зусім не даносы. Уласна даносаў, на вока, можа быць адзін адсотак ці меней. На крытыку ўладаў, нацыянальную сымболіку, антываенную пазыцыю, празаходнія погляды... Набор невялікі, піша Сяргей Дубавец на «Свабодзе».
Што такое данос?
Данос у КДБ — гэта найперш і ў кожным разе праява чалавечай слабасьці, а такія рэчы заўсёды выклікаюць чытацкі ажыятаж. Чалавеку важна на прыкладзе іншага лішні раз пераканацца, што ён такога б не зрабіў ніколі, што ён нармальны і ўвогуле — чалавек.
Зусім нядаўна стужку абляцела навіна пра 18-гадовага нямецкага «стукача», які ў сябе ў Германіі напісаў больш за чатыры тысячы даносаў — на парушальнікаў правілаў паркоўкі, на адламаны сук на праезнай частцы, на адключаную сыгналізацыю ў доме пад знос, на шумных суседзяў... Іншым разам Ніклас сам правакуе кіроўцаў на парушэньні правілаў руху. Якая рэакцыя ўладаў на такі гіпэрактывізм? Незадаволены бургамістар: хлопец паралізуе працу паліцыі, абураюцца жыхары. Імкненьне да парадку перарасло ў Нікласа ў навязьлівую ідэю. Патрэбная кансультацыя спэцыяліста. Але гэта Германія, і там абмяжоўваюцца бургамістравым пажаданьнем: «Я мару, каб ягоная асаблівая адоранасьць знайшла сабе іншую сфэру прыкладаньня».
Словам, звычайная справа, дзе ў сьвеце падобнае не здараецца. Адно адрозьненьне — што піша хлопец не ў палітычную паліцыю пад назваю КДБ. Гэта трэба мець на ўвазе, разглядаючы даносы нашых грамадзян, якія пішуць туды не для разьвязваньня сваіх праблемаў. Яны ўжо вызначылі «вінаватага» і прагнуць адправіць яго адразу ў страшнае пекла, у чортаў кацёл.
Пішуць, між тым, пра рознае. Пра свае асабістыя цяжкасьці — каб адпомсьціць былому сужэнцу, напрыклад. Натуральна, каб гарэў у пекле. Але ў цэлым гэтая зьява невыкараняльная, як сама чалавечая слабасьць. Тут рэч у іншым — у тым, каму пішуць і як рэагуе адрасат.
А рэагуе ён ня думаючы. Бо што думаць, калі ён сам ускосна і зрабіў запыт на гэты данос. Так у падручніку кібэрбясьпекі дзейнічаюць махляры, што ўжываюць фішынг — вылоўліваюць у карыстальнікаў асабістыя зьвесткі, дакумэнты ці грошы, — так і рэжым фішынгуе, ловячы людзей не на рэальных злачынствах, а на ўяўных хімэрах прапаганды.
Таму прычына — у замоўніку, а не ў выканаўцах зь іх чалавечай слабасьцю.
Данос па-беларуску?
Атмасфэра пустаслоўнага «экстрэмізму» і «тэрарызму», якімі прыпраўляюць нішчымны булён прапаганды і крычма заклікаюць «зьнішчаць ворагаў», слабога выхаваньнем і розумам чалавека спакушае выканаць свой «грамадзянскі абавязак» — шукаць гэтых самых ворагаў сярод знаёмых, суседзяў, сямейнікаў. Дзесьці ў нармальнай дзяржаве яму б і ў галаву тое не прыйшло — нікчэмная справа і марная.
Як адрозьніць нармальную дзяржаву ад ненармальнай? Залежыць, наколькі яна незалежная і верная найперш інтарэсам сваіх людзей. Не ўяўляю, каб сярод допісаў у «беларускі КДБ» былі даносы па-беларуску. Гэта індыкатар нармальнасьці — тое, што мы назіраем у суседніх дэмакратыях — як працьверазеньне пасьля дурману, як раптоўнае вяртаньне ў сваю рэальную сыстэму каардынат. Калі б тысячы даносаў былі па-беларуску, гэта быў бы сур’ёзны сыгнал для здароўя нацыі і праўдзівай нацыянальнай бясьпекі.
Выснова: рэч не ў даносах, а ва ўстаноўках сыстэмы, дзяржаўнага апарату і рэакцыі на гэтыя фэйкавыя парушэньні. На сымболіку, пад якой Беларусь стала незалежнай (турма), на выказваньні супраць вайны (турма), на крытычныя словы пра цяперашнюю ўладу (турма), на «заходнія каштоўнасьці» (чаму ж там так добра і мірна жывуць?)... То-бок на ўсё тое, дзе няма і ня можа быць складу злачынства, няма і ня можа быць крыўды каму б там ні было, няма і ня можа быць пацярпелых — усяго таго, што, уласна, і ёсьць злачынствам, якое патрабавала б разбору.