«Фрау А», якая «Фрау І». Як была сфальсіфікаваная «справа патрыётаў»
Ліст «Фрау А», з якога ў 2017 годзе пачаліся масавыя арышты патрыятычна настроеных грамадзян, якія надалей перайшлі ў «справу патрыётаў», сапраўды існаваў. Але выглядаў зусім інакш, чым дакумент, які паказалі па ТБ.
Сярод 40 тысяч даносаў і зваротаў у КДБ Беларусі «Еўрарадыё» знайшло арыгінал ліста, з якога пачалася «справа патрыётаў». Базу даносаў некалькі дзён таму выпампавалі з сайта КДБ і апублікавалі «Кіберпартызаны».
Напярэдадні Дня Волі ў 2017 годзе краіна выйшла на вуліцы супраць «закона аб дармаедах». Беларускія сілавікі не сталі правяраць, што адбудзецца 25 сакавіка, і правялі прэвентыўныя масавыя арышты. Падставай стаў ліст нейкай «Фрау А» — нібыта жыхаркі Берліна з беларускімі каранямі.
Ліст, у якім яна папярэджвала «аб падрыхтоўцы правакацый і планаваным перавароце ў Беларусі», паказалі па тэлевізары. А далей затрымалі 35 чалавек, пераважна апазіцыйных дзеячаў, якія раней былі датычныя да патрыятычнай арганізацыі «Белы Легіён».
У версіі, агучанай па дзяржТБ, гэты ліст гучаў так: «Я, фраў А., хачу паведаміць вам, што пасля маіх гутарак з французскім грамадзянінам Л. я даведалася аб правакацыях, якія рыхтуюцца, і планаваным перавароце ў Беларусь. Гэта адбудзецца 25.03.2017. Запланаваныя правакацыі могуць адбыцца падчас дэманстрацый.
Падрыхтаваныя ў Польшчы групы выканаўцаў, якія ў гэты час будуць знаходзіцца ў Беларусь. Магчыма, адным з арганізатараў правакацый з'яўляецца спадар Бандарэнка, які пражывае ў Польшчы. Для стварэння ахвяр запланавана выкарыстанне спецтэхнікі. Спадар Бандарэнка — удзельнік падзей снежня 2010 года.
Запланаваны ўдзел падрыхтаваных журналістаў для online-трансляцый правакацый. Як Л. < ... > лічыць, гэтыя падзеі ў Беларусі павінны стаць апошнім шанцам для фашысцкага перавароту».
Аднак арыгінал ліста, знойдзены ў базе даносаў, утрымлівае зусім іншыя прозвішчы. Замест Дзмітрыя Бандарэнкі з апазіцыйнай «Хартыі'97» там нехта «Баранчык Ю.» (верагодна, супрацоўнік расійскага ІА REGNUM Юрый Баранчык). Згаданыя і іншыя журналісты, праўладныя беларускія: Павел Якубовіч і Генадзь Давыдзька. А датычнымі да арганізацыі «перавароту» названы тагачасны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч і Аляксандр Лукашэнка.
Некаторыя фрагменты арыгінальнага ліста супадаюць са сфабрыкаванай КДБ для затрымання апазіцыянераў падробкай:
«Уласнае імя: Іна
Імя па бацьку (калі такое маецца): Антонаўна
Адрас месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы): Беларусь, Мінск, праспект Незалежнасці 1
Тэкст звароту:
«Я, фраў Іна, хачу паведаміць пра тое, што пасля маіх гутарак з французскім грамадзянінам Луі, я даведалася пра правакацыі, якія рыхтуюцца і плануюцца перавароце ў Беларусі. Як паведаміў грамадзянін Луі гэта адбудзецца пад выглядам вучэнняў «Захад 2017». Запланаваны пераварот можа адбыцца пад выглядам тактычных вучэнняў. Падрыхтаваныя ў Расіі групы выканаўцаў, якія ў гэты час будуць знаходзіцца ў Беларусі.
Магчыма, адным з арганізатараў з'яўляецца спадар Баранчык Ю., які пражывае ў Расіі. Для стварэння ахвяр запланавана выкарыстанне ваеннай тэхнікі. Грамадзянін А.Р. Лукашэнка арганізатар гэтых падзей з 1994 года.
Запланаваны ўдзел падрыхтаваных журналістаў Якубовіча П.І. і Давыдзькі Г.Б. для прыкрыцця гэтых падзеі ў СМІ пад выглядам вучэння і адурманьвання беларусаў гебельсаўскай прапагандай.
Як лічаць беларусы, гэтыя падзеі павінны стаць падставай для фашысцкага пракрамлёўскага перавароту і ўзняцця расійскага трыкалора над адміністрацыйнымі будынкамі ў Беларусі. Датычнымі асобамі могуць быць грамадзянін Шуневіч І., вядомы сваёй непакрытай сімпатыяй да Савецкага фашызму. Ён ганарыцца формай НКВД і генацыдам беларускага народа.
Заклікаю неадкладна расследаваць гэтае фашысцкае пракрамлёўскае злачынства і прыцягнуць да адказнасці і пакарання яго антычалавечных фішысцкіх выканаўцаў — А.Р. Лукашэнку, Шуневіча, Давыдзьку, Якубовіча. Гэтыя страшныя людзі заслугоўваюць вышэйшай меры пакарання-смяротнага пакарання. З павагай, фраў Іна».
Такім чынам, «Фрау А» (ці цяпер слушна называць яе «Фрау І»?) паведамляла, што сацыяльнай напружанасцю ў Беларусі гатовая скарыстацца Расія, а зусім не празаходнія сілы.
І беларускія спецслужбы ўспрынялі гэта сур'ёзна. Юрый Баранчык, напрыклад, быў затрыманы 15 сакавіка 2017 года ў Маскве па запыце Следчага камітэта Беларусі — якраз тады, калі ліст быў дасланы ў КДБ.
Мяркуючы па ўсім, потым ліст вырашылі выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах. Для гэтага тэкст скарацілі і ўпісалі патрэбныя прозвішчы і кантэкст. І прыбралі «непатрэбныя» прозвішчы. Хаця і Павел Якубовіч, і Ігар Шуневіч праз некаторы час пазбавіліся сваіх пастоў — у 2018 і 2019 гадах адпаведна.
Паводле «Наша Ніва»